Кінематограф у Гродна прыйшоў у  1908-1909 гадах, больш чым праз дзесяць гадоў пасля публічнага паказу “кінематографа братоў Люм’ераў” 28 снежня 1895 года на бульвары Капуцынаў у Парыжы.

“Красная звезда” стаіць на месцы “Эдэна”

 

Менавіта ў гэты час гродзенцы, якія мелі ўласныя кінаапараты, падавалі прашэнне аб выдачы ім пасведчанняў на права дэманстраваць “рухомыя малюнкі” ў гарадах і мястэчках Гродзенскай губерні. Фільмы дэманстраваліся ў розных ўстановах адукацыі і культуры ці проста на вуліцы.

У 1911-1912 гадах у Гродне з’явіліся 2 кінатэатры, адкрытыя ў прыстасаваных памяшканнях: “Люкс” на вуліцы Саборнай (цяпер Савецкай) і “Сатурн” на вуліцы Гараднічанскай. Першым стацыянарным кінатэатрам у горадзе стаў кінатэатр “Эдэн” (у перакладзе з польскай – эдэм, рай).

Архіўная справа, якую я чытаў у НГАБ у Гродне, называецца  “Аб дазволе капітану ў адстаўцы С.Н. Манастырскаму пабудовы каменнага двухпавярховага будынку з прыстасаваннем адной часткі для канцэртнага зала, тэатральных пастаноў і кінематографа, а другой – для крамаў і жылой кватэры ў г. Гродна (па Паштовай вуліцы)”.

Справу  завялі 3 (16).05.1914 г., калі Сяргей Мікалаевіч Манастырскі падаў прашэнне ў будаўнічы аддзел Гродзенскага губернскага праўлення з просьбай пабудаваць будынак № 4 на вольнай зямлі па вуліцы Паштовай (цяпер Сацыялістычная, 4). Да прашэння былі прыкладзены пасведчанні гарадской управы, у якіх гаварылася, што яна “не сустракае перашкод для дазвола яму, Манастырскаму, пабудовы каменнага двухпавярховага дома з прыбудовамі…” на “вольным вучастку зямлі, набытай у гродзенскага мешчаніна Лейзера Аркіна”.

Чытайце па тэме:  Канец фільма

З тлумачальнай запіскі да праекта будынка выходзіць, што на першым паверсе меркавалася размясціць дзве крамы, кватэру з чатырох пакояў і кухняй, а на другім паверсе – памяшканне для канцэртаў, тэатральных пастаноў і кінематографа. Кінатэатр разлічваўся на 180 месцаў унізе і 130 месцаў уверсе (8 чал. на 1 кв сажэнь). Лесвіца наверх і перакрыцці памяшканняў прадугледжваліся незгараемыя.

З пратакола будаўнічага аддзялення гродзенскага губернскага праўлення ад 7(20).05.1914 г. вынікае, што Манастырскі атрымаў дазвол на будаўніцтва мяркуемага будынка. Першая сусветная вайна ўнесла пэўныя карэктывы, але будынак быў пабудаваны і адкрыты ў жніўні 1915 года. Самога Манастырскага прызвалі ў войска, але справу паспяхова давялі да канца яго жонка і брат Міхаіл, які меў кінатэатр у Вільні.

Сёння, прагульваючыся па вуліцы Сацыялістычнай, бачым, што дом стогадовай даўніны стаіць і нават часткова выконвае  план  Манастырскага – на гэтым месцы замест старога кінематографа “Эдэн” (пазней “Палонія” і “Пан”) знаходзіцца кінатэатр “Зорачка”.

Вячаслаў Швед, прафесар гісторыі,

для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: