Дзевятнаццаць гадоў таму, 7 траўня 1999 года, у цэнтры Мінска таямніча знік былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка.

Пасля вызвалення з пасады міністра ўнутраных спраў Юрый Захаранка адкрыта крытыкаваў асобу і палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Ён патрабаваў прыцягнення кіраўніка дзяржавы да адказнасці, у тым ліку і за падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, за жорсткія дзеянні міліцыі ў адносінах да ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка 1996 года.

Пасля рэферэндуму 1996 года, які Юрый Захаранка называў дзяржаўным пераваротам, што вядзе да фашызму, былы міністр стаў актыўным чальцом апазіцыі. У красавіку 1997 года праз недзяржаўную прэсу Захаранка заявіў пра ініцыятыву распачаць крымінальныя справы супраць Шэймана, Агальца, Сівакова і Бародзіча.

З пачатку 1998 года Захаранка — старшыня камітэта па нацыянальнай бяспецы Нацыянальнага выканаўчага камітэта (НВК) на чале з Генадзем Карпенкам. Маючы падтрымку і аўтарытэт сярод вайскоўцаў і сілавых структураў, Захаранка быў небяспечным для ўлады. Асабліва пасля таго, як заявіў пра намер стварыць Саюз афіцэраў.

Пасля загадкавай смерці Карпенкі ў пачатку красавіка 1999 года Захаранка падтрымаў кандыдатуру Міхаіла Чыгіра на ўдзел у так званых «альтэрнатыўных» прэзідэнцкіх выбарах, якія, паводле пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале з Ганчаром, павінны былі прайсці з 6 па 10 траўня 1999 года.

Юрый Захаранка знік пры невысветленых абставінах 7 траўня 1999 года ў цэнтры Мінска. Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Патрабаванне расследавання знікнення Захаранкі — адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН.

Але пра нейкія канкрэтныя вынікі расследавання дагэтуль казаць не даводзіцца, папярэдняе следства рэгулярна працягваецца. «Некалькі месяцаў таму газета «Народная воля» апублікавала матэрыял, што ёсць людзі, якія гатовыя распавесці пра абставіны выкрадання Юрыя Захаранкі. Але пасля выхаду таго артыкула ніхто і не зацікавіўся новымі абставінамі. Выснова адна — у следства няма задачы завяршыць гэтую справу і накіраваць яе ў суд. На жаль, працэдура падаўжэння расследавання будзе і далей выкарыстоўвацца да выбараў новага кіраўніка краіны», — казаў у студзені гэтага года праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе жонку зніклага экс-міністра Вольгу Захаранка, што атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне.

У 2019-м мы будзем казаць пра юбілейную, дваццатую, гадавіну знікнення Юрыя Захаранкі. А яшчэ праз год — на 2020-ы — прызначаны выбары новага кіраўніка краіны. Ці будзе тады нарэшце пастаўлена кропка ў расследаванні знікнення Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Зміцера Завадскага, Анатоля Красоўскага?

Новы Час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: