“Дзеўка-паэт-неба” – так узнёсла-ласкава назваў Валярыну Куставу паэт Алесь Пісьмянкоў. Тады яна была яшчэ падлеткам.

Валярына Кустава, фота Алены Дзікавіцкай

 

Зорка Валярыны Куставай узышла яшчэ ў дзіцячым узросце, і цяпер зырка ззяе на літаратурна-культурніцкім небасхіле. Паэт, кінасцэнарыстка, лектарка, даследніца, аўтарка і вядоўца кіна- і тэлепраектаў – гэта ўсё пра яе, пра Валярыну Куставу.

Часам пра чалавека ніколі не скажаш лепш і дакладней, чым ён сам. І сёння Валярына Кустава – у гасцях Беларускай праўды.

 

Валярына Кустава

 

“Некалі Караткевіч заляцаўся да маёй бабулі і нават прапаноўва замуж”

– Валярына, што звязвае вас з Уладзімірам Караткевічам? Кінасцэнары Караткевіча (мастацкія і дакументальныя) вы шукаеце па архівах з 2002 года, напісалі магістарскую і кандыдацкую дысертацыі. Гэта нешта асабістае?

– Натуральна, гэта вельмі асабістае. Некалі Караткевіч заляцаўся да маёй бабулі па кудзелі Валянціны. І нат спрабаваў звяртацца з сур’ёзнымі намерамі, калі яна была вольная, а ён быў удаўцом. Але мая бабуля не ўспрымала гэта сур’ёзна. Але гэта, канечне, жарты і лірыка.

Кіраўніком майго дыплома ва ўніверсітэце быў легендарны тэатразнаўца Анатоль Сабалеўскі, які і падказаў заняцца ў магістратуры і аспірантуры напісаннем дысертацый менавіта па сцэнарах Уладзіміра Караткевіча, бо на той момант гэта была некранутая навуковая глеба, а творы Уладзіміра Сямёнавіча заўжды былі мне роднаснымі. І так я загарэлася – што гару да цяпер.

Летась у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет 16-ы том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча. У кнізе змешчаныя раней не публікаваныя сцэнары мастацкіх фільмаў. З экранізаваных – “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”. Зусім невядомыя – “Гнеўнае сонца” і “Апавяданні з каталажкі”. Шчыра прызнаюся – падзея для мяне знакавая. Не адзін год працы ў архівах. Вынік – амаль 420 старонак унікальных сцэнароў і больш за 60 старонак – каментароў да іх.  1000 асобнікаў кнігі разляцелася за некалькі месяцаў. Хачу адзначыць, што гэта неверагодны вынік для цяперашняга кнігавыдавецкага рынку. А калі казаць пра спецыфіку жанра – то і пагатоў.  Нядаўна пабачыў свет 17-ты том са сцэнарамі дакументальных фільмаў – ягоны лёс склаўся не менш удала. І, здаецца, апошнія асобнікі, калі пашанцуе, яшчэ можна напаткаць у кнігарнях Белкнігі.

 

“Някляеў давяраў мне, школьніцы і першакурсніцы, рэдагаваць свае вершы

-Валярына, мы асабіста пазнаёміліся ў 2010 годзе. Перадвыбарчы штаб, па якім бегае малое дзяўчо і з мэтрам беларускай паэзіі Уладзімірам Някляевым ледзь не на “ты”. І мора самых дзікіх версіяў – хто яна такая…

-З Уладзімірам Пракопавічам у нас сапраўды здарылася незвычайнае сяброўства на глебе паэзіі, калі я вучылася яшчэ ў школе, а ён прыехаў з часовай эміграцыі… Якое зацягнулася на гады. Цешуся, што ён нават давяраў мне, школьніцы і першакурсніцы, рэдагаваць свае вершы…

На ўганараванні за паэтычную перамогу ў конкурсе “Экслібрыс” імя Рыгора Барадуліна

 

“Папросту не можаш заснуць, бо цябе пераследуюць не анёльскія снабачанні”

-Першая нізка вершаў выйшла ў 6 гадоў у часопісе «Бярозка», першы зборнік паэзіі «Кроў Сусвету» надрукаваны ў 11 гадоў, секцыю паэзіі Саюза беларускіх пісьменнікаў прайшла ў 16 гадоў. Пра такіх, як вы, кажуць: маладая ды ранняя. Такое адчуванне, што літаратурныя схільнасці перадаліся вам з малаком маці. У маленстве цябе называлі вундэркіндам…

– Многія чамусьці лічылі, што мне пашанцавала з усім гэтым. Але напраўду толькі вельмі звонку, здаля такая гісторыя можа выглядаць як нешта прыемнае і лёгкае. Насамрэч, гэта было цяжка, адказна, а часам і страшна, калі ў маленстве, не прамовіўшы, не занатаваўшы вобразы і словы, папросту не можаш заснуць, бо яны цябе пераследуюць, размаўляюць з табой, палохаюць. І найчасцей – гэта далёка не анёльскія снабачанні, мякка кажучы: вобраз Божага Вока, Страшны Суд, Канец Свету, галасы Дабра і Ліха…

-Па маіх падліках, вы закончылі пяць навучальных устаноў, кінадраматург, мастацтвазнаўца, кіназнаўца. А шырокая публіка ведае вас не толькі як паэта, выкладчыка, даследніцу, але і як вядоўцу  аўтарскіх праграм і праектаў на “Белсаце”. Кім вы сябе адчуваеце найперш? Калі б давялося выбіраць адну прафесію, – якую б вы абралі?

-Найперш, бадай, – паэтам. Абіраць не выпадае тут. А далей –  ва ўсім гэта спробы ствараць паэзію, нават калі гэта не вершы, то гэта паэзія жыцця, чалавечых гісторый, размоваў, паэзія на экране, у кіно… Людзі і іх гісторыі для мяне не менш значныя за вобразы і эмоцыі, цяпер – нават куды важнейшыя. Бо менавіта ў іншых можна як страціць, так і знайсці сябе дарэшты.

Варшава, 2015 год. З Дзмітрыем Плаксам, выступ на VI Міжнародным Варшаўскім кніжным кірмашы

 

“Выкладанне ў Беларусі вымушаная была часова пакінуць

-Вы выкладаеце ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Ці не лічыце выкладчыцкую дзейнасць марнай тратай часу? Гаворка пра тое, што сённяшніх студэнтаў, то бок моладзь, лічаць збольшага абыякавай…

– Выкладала чатыры гады 6 дысцыплін, перадусім – драматургію, цяпер не – сышла больш у практыку з ВНУ. Да таго ж я заўжды імкнулася падштурхоўваць сваіх студэнтаў да творчага асэнсавання, аналізу таго, што адбываецца не толькі ў кнігах і фільмах, але і рэчаіснасці вакол іх – што, відаць, пераймала кіраўніцтва… А мне, вядома, хацелася працаваць свабодна з вольна мыслячымі людзьмі, без унутранай і знешняй цэнзуры. Тое, чаму я заўжды вучыла сваіх студэнтаў, – што любыя ідэі, тэорыі ў кіно – маюць найбольшы сэнс, калі яны перадусім рэалізаваныя, здзейсненыя, знятыя. Таму мала – прамовіць. Трэба – зрабіць. Каб слова заўжды мела працяг… І перадусім варта пачынаць са свайго – са сваёй вёскі, сваёй бабулі, сваёй гісторыі, свайго раёну, свайго болю і сваёй радасці… А не капіяваць такое прыгожае, але чужое. Бо так і нараджаецца нацыянальнае кіно – з усведамлення каштоўнасці ўласнага, беларускага.

Майстар-клас. Тэндэнцыі беларускай культуры і еўрапейскі кантэкст.

 

Я вельмі радая за сваіх студэнтаў-калег (з многімі да гэтага не страчваем сувязь), яны выгадоўваюцца ў сапраўдных прафесіяналаў. І я цешу сябе надзеяй, што каліўца і майго ўнёску ў тым ёсць. Але выкладанне як такое не кінула – часам па запрашэннях вяду трэнінгі і майста-класы па беларускай культуры, публічных выступах (апошняе – гэта больш пра тв), па напісанні публічных прамоваў, лекцыі па кінатворчасці Уладзіміра Караткевіча. Таксама займаюся здымкамі відэапрадукцыі ідэйна і тэматычна блізкіх праектаў.

Мяркую, я вярнуся да рэгулярнага выкладання, калі адчую, што мой практычны багаж настолькі вялікі і размаіты, што магу падзяліцца ім з маладзейшымі калегамі.

Цяпер з’яўляюся кіраўніком дакументальна-гістарычнага серыяла “Лабірынты” на тэлеканале “Белсат”. Пра незвычайныя гісторыі з жыцця беларускіх дзеячоў. Разам са мной над праектам працуе дзівосная каманда адзінадумцаў.

“Схуднела на 45 кілаграмаў”

-“Белсат” для вас, як па маім адчуванні, стаўся пляцоўкай для творчых эксперыментаў. Якія праекты вы лічыце найбольш паспяховымі, да якіх найбольш ляжыць душа?

Працоўны момант… Праца над калядным шоў. З Сяргеем Будкіным

 

– Гэта праўда. І я ўдзячная за гэта кіраўніцтву каналу і маім калегам, што ў мяне верылі. Кожны з праектаў даў мне вельмі шмат. Культурніцка-сацыяльнае дыскусійные шоў “Чорным па белым” – навучыла трымацца на камеру, мантаваць, будаваць размову, адчуваць і  сутыкаць суразмоўцаў; забаўляльна-аздараўляльны “Фітнес-Шмітнес” даў адчуць магчымасці  свайго цела і сілы волі. І быў самай папулярнай забаўляльнай праграмай. “Прыват” – мой чыста аўтарскі праект навучыў бачыць нутро людзей і раскрываць іх. Быць шчырым на экране  з суразмоўцам, расказваючы пра самыя інтымныя, прыватныя рэчы – задача нялёгкая. У найлепшых выданняў “Прывату” мае суразмоўцы не проста апавядалі свае гісторыі, яны спавядаліся…

Таксама мне усцешна, што “Прыват” быў ацэнены каленамі як “Найлепшая публіцыстычная праграма” каналу на наступны год пасля старту.

Прыват. На ўзнагароджанні найлепшай публіцыстычнай праграмы Белсату. З прадусарам Сяргеем Кручковым і рэжысёрам Сержам Аўсянікам

 

-У свой час вы займаліся праектам пра пахудненне “Фітнес-шмітнес”. Вырашылі сумясціць карыснае з прыемным? Як Валярына Кустава фізічна змяніла сябе?

– Тады я схуднела на 45 кг. Гэта было досыць экстрымальна, хаця стараліся з маім трэнерам Паўлам Аракелянам працаваць максімальна без шкоды і наступстваў для здароўя. На дадзены момант я задаволеная сабой. А калі і бываюць пытанні – ведаю, як іх выправіць. 

На здымках праграмы “Фітнес-Шмітнес”, фота: Алекс Жарнасек

 

“Важна зрабіць наступны крок”

– Цяпер я думаю над канцэптам новай аўтарскай праграмы. Гэта няпроста, бо мне важна зрабіць наступны крок. Стаць лепей і цікавей ад сябе папярэдняй. Таму вельмі адказна і няспешна падыходжу да гэтага. Цікава ўзяцца за яшчэ больш няпростыя задачы і вырашыць іх. Але перад тым – дала сабе зарок – бо ўжо гадамі абяцала сваім чытачам і сябрам (і мне шчыра сорамна, што так адкладаецца, але значыцца, такі Космас) – дапарадкаваць і даць жыццё новай кнізе, якую выношваю ўжо 9-ты год.

На здымках з калегамі. Варшава, Белсат. фота Алены Дзікавіцкай

 

-Як вы ўсё паспяваеце? Такое ўражанне, што вы замарудзілі бег часу. Падзеліцеся рэцэптам?

– А я ўсё не паспяваю. Толькі частку з задуманага. Нат не вяду каляндар справаў, бо за дзень раблю толькі адсотак запланаванага, бо ўсё – немагчыма. Адзінае, на што пакуль не знаходзіцца час – а варта! – гэта на адпачынак, бо як пісаў Уладзімір Караткевіч, “павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой!” J Жыць напраўду варта насычана, шмат паспяваць, але і не забывацца пра ўнутраную весялосць і захоўваць радасць, якой так не стае у нашых беларускім свеце. Настолькі не стае, што зрэдзьчас мне прыходзіць думка стварыць “Партыю Радасці”. Вы б туды ўступілі? Падумайце. Хаця гэта і зусім іншая гісторыя…

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...