Датэрміновая яўка на мясцовых выбарах, па афіцыйных звестках Цэнтрвыбаркама, склала 34,95%. Між тым, па інфармацыі кампаніі “Права выбару-2018”, агульная яўка ў час мясцовай кампаніі не дасягнула 50% (Цэнтрвыбаркам падае іншую лічбу – 77,05%). Прэс-сакратар кампаніі Ігар Барысаў называе мясцовую кампанію генеральнай рэпетыцыяй парламенцкай і прэзідэнцкай кампаній 2019-2020 гадоў.

Кампанія назірання “Права выбару-2018” дала справаздачу пра ход мясцовых выбараў.

Упершыню ў асноўны дзень галасавання працаваў прэсавы цэнтр “Права выбару-2018”. Цягам дня спецслужбы двойчы спрабавалі паралізаваць працу прэс-цэнтра. Напачатку культурны цэнтр “Корпус”, які месціцца ў будынку завода “Гарызонт”, пад ціскам адміністрацыі прадпрыемства выставіў прэс-цэнтр на вуліцу прама ў часе першай анлайн-трансляцыі. Другі раз якраз у час трэцяй анлайн-трансляцыі нечакана быў заблакаваны IP-адрас кабельнага інтэрнэта ў запасной студыі прэс-цэнтра. Аднак прэс-цэнтр здолеў знайсці выйсце, здавалася б, з тупіковай сітуацыі і парвесці ўсе тры трансляцыі.

За час назірання пазбаўленыя акрэдытацыі 19 назіральнікаў кампаніі. У 16 выпадках члены ўчастковых выбарчых камісій адмаўлялі ў прадастаўленні інфармацыі, у 9 выпадках назіральнікам не былі сттвораныя ўмовы належныя ўмовы для назірання за выбарамі.

Найбольш праблемным месцам мінулай выбарчай кампаніі стала разыходжанне ў лічбах яўкі, якую фіксавалі назіральнікі і якую падавалі ў афіцыйных пратаколах камісіі – разыходжанне складала ад 1 да 30%. На ўчастках, дзе прысутнічалі назіральнікі кампаніі “Права выбару-2018”, яўка не перавышала 50%.

Пад час датэрміновага галасавання яўка на выбарчых участках, дзе адбывалася назіранне кампаніі “Права выбару-2018”, склала 18,22%. Але паводле афіцыйных дадзеных на гэтых жа ўчастках яўка складала 25,46%, што істотна адрозніваецца нават ад агучанай Цэнтрвыбаркамам яўкі – 34,95%.

Найбольшая яўка па падліках назіральнікаў была зафіксаваная на Бярозаўскай выбарчай акрузе №17 па выбарах у Гродзенскі гарадскі савет дэпутатаў – 62%. Афіцыйная ж яўка ўза ўвесь перыяд галасавання склала 77,05%.

Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі адзначае, што 18 лютага яўка наблізілася да ўзроўню 2014 года, а вось датэрміновае галасаванне вялося тэмпамі парламенцка-прэзідэнцкіх кампаній:

У асноўны дзень галасавання былі таксама зафіксаваныя выпадкі ажыццяўлення так званых “выбарчых каруселяў”, а таксама завышаная колькасць выбашчыкаў, якія жадалі прагаласаваць дома.

Вынікамі выбараў стала значная колькасць дэпутатаў, якія былі абраныя ад праўладных партый. 17 з 57 дэпутатаў (29,8%), якія былі абраны ў Мінскі абласны савет дэпутатаў, з’яўляюцца прадстаўнікамі праўладных палітычных партый.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што Беларусь у чарговы раз зрабіла крок назад у развіцці ўнутранай дэмакратыі:

-На 252 з 302 выбарчых участкаў, па звестках нашых назіральнікаў, не было адкрытым і празрыстым. На астатніх 52 участках мы ўдакладняем інфармацыю, спраўджваем фота і відэазапісы. Амаль на ўсіх выбарчых участках нашыя назіральнікі не мелі машчымасці знаходзіцца блізка каля сталоў з бюлетэнямі і бачыць адкрыты і галосны падлік галасоў. Калі мы гэтага не бачым, то можам толькі канстатаваць, што ў часткі нашых дэмакратычных кандыдатаў скралі перамогу, а ў часткі грамадства – будучыню.

“Толькі поўная люстрацыя старшыняў, іх намеснікаў і сакратароў выбарчых камісій усіх узроўняў зменіць сітуацыю; казаць пра любое паляпшэнне выбарчага заканадаўства можна будзе толькі тады, калі прыйдуць новыя людзі, якія не маюць вопыту фальсіфікацый”. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на выніковай прэс-канферэнцыі ў Мінску 19 лютага.

Аляксей Янукевіч лічыць, што мясцовая кампанія паказала “поўную некампетэнтнасць выбарчых камісій, якія не здолелі выканаць нават метадычныя рэкамендацыі,напісаныя Лідзіяй Ярмошынай”. А выпадкі ўжывання алкаголю старшынямі і сябрамі выбарчых камісій сталі завядзёнкай

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі перакананы, што мясцовыя выбары не былі адкрытымі, галоснымі і дэмакратычнымі:

-Калі незалежных назіральнікаў будзе ў некалькі разоў больш, чым падстаўнікаў назіральнікаў ад улады і сябраў выбарчых камісій, тады можна пырмусіць лічыць галасы. Да наступных выбараў мяркуем падрыхтаваць больш масавае назіранне. БО ўся сённяшняя бутафорыя – толькі бутафорыя перад наступнай выбарчай кампаніяй.

Сустаршыня БХД лічыць, што ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, якая склалася ў часе і пасля мясцовай выбарчай кампаніі, – у тым ліку і “вынік дыялогу дэмакратычных урадаў з недэмакратычным рэжымам”. Палітык лічыць, што “хопіць шуляцца з недэмакратычным рэжымам”.

Даведка. Кампанія назірання “Права выбару-2018” у асноўны дзень галасавання здзяйсняла назіранне на 311 участках у 59 выбарчых акругах. Агулам у асноўны дзень галасавання працавалі 622 назіральнікі. 18 лютага імі было пададзена 327 скаргаў. З улікам датэрміновага галасавання агульная колкасць склала 469 скаргаў.

У кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аю’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысцінская дэмакратыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.

Беларуская праўда

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: