Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абвясціў пра тое, што правацэнтрысцкая апазіцыя мае намер склікаць перад выбарамі кангрэс дэмакратычных сілаў. Чаму АГП выступае за кангрэс, адмовіўшыся далучыцца да кангрэсу, кіраванага Уладзімірам Някляевым, Міколам Статкевічам і Станіславам Шушкевічам?

svaboda.org

svaboda.org

Дракахруст: Правацэнтрысцкая кааліцыя плануе правесці кангрэс — пра гэта нядаўна паведаміў кіраўнік Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Нагадаю, што ў кааліцыю ўваходзяць рух «За свабоду», АГП і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Паводле задумы, кангрэс дэмакратычных сілаў стаў бы сумесным стартам парламенцкай выбарчай кампаніі.

Лябедзька заявіў, што ідэя кангрэсу абмяркоўваецца не толькі ў правацэнтрысцкай кааліцыі, але і на пасяджэнні кансультатыўнай нарады дэмакратычных арганізацыяў.

Старшыня АГП падкрэсліў, што кангрэс можна правесці напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты або пасля яе. У апошнім выпадку ўдзельнікамі кангрэсу сталі б самі кандыдаты ў дэпутаты.

Варта нагадаць, што месяц таму ў мінскім скверы імя Янкі Купалы прайшоў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Яго арганізатарамі і кіраўнікамі былі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч, аднак тады прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі не падтрымалі ідэю кангрэсу і не скарысталіся прадастаўленымі ім квотамі ў яго кіраўніцтве.

Цяпер, як бачым, сама кааліцыя — АГП, руху «За свабоду» і БХД — ініцыюе свой кангрэс, дзе, відаць, умовы будуць вызначаць гэтыя арганізацыі.

Лябедзька, як я ўжо сказаў, ня выключыў, што на кангрэсе будуць прадстаўленыя не адно чальцы кааліцыі.

На заяву палітыка рэзка адрэагаваў яго калега, старшыня руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў. Ён абвінаваціў Лябедзьку ў парушэнні дамоўленасці. «Насамрэч вяліся размовы пра тое, што мы можам правесці перад парламенцкімі выбарамі нейкую сумесную імпрэзу — ці гэта кангрэс, ці гэта сход, ці гэта, як прапаноўвалася, асамблея. Але там была вельмі простая дамоўленасць — пакуль мы не прыйдзем да нейкага выніку, да насамрэч агульнага рашэння, пра гэта нідзе ў СМІ не абвяшчаць. І вось Анатоль Лябедзька заяўляе пра тое, што правацэнтрысцкая кааліцыя збіраецца праводзіць кангрэс. Ну, калі хацець заваліць гэтае пытанне, спляжыць усе дамоўленасці, то гэта было найлепшае, што можна было зрабіць» — патлумачыў сваю пазіцыю Някляеў.

Чытайце па тэме:  Левковича предлагают на роль объединителя

Ідэя аб’яднання апазіцыі, сімвалам і інструментам якога з’яўляецца кангрэс, застаецца папулярнай у пэўных грамадскіх колах. Але палітыка — гэта барацьба за ўладу, за ўладу ў апазыцыі ў тым ліку. На першы погляд лагічна было б, калі кааліцыя ўвайшла ў структуры кангрэсу, ужо створанага Някляевым, Статкевічам і Шушкевічам. Але, відаць, кааліцыянты палічылі, што рэй у тым кангрэсе будуць весці не яны, таму і ўзнікла прапанова новага кангрэсу.

Не выключана, што пэўную рацыю мае і Някляеў у сваіх абвінавачваннях — магчыма і праўда Лябедзька агучыў яшчэ не падрыхтаваную ідэю, каб надзейна пахаваць яе, не нясучы за тое адказнасці.

Ну а што тычыцца шырокай публікі, то яна, на шчасце, пра гэтыя павароты апазіцыйнай палітыкі не ведае. Бо мільгаценне кангрэсаў, перакіданне адказнасці за адсутнасць адзінства адзін аднаму, як гарачай бульбіны, наўрад ці зрабіла б на публіку добрае ўражанне.

Карбалевіч: Аб’яднанне апазіцыі — гэта вечнае беларускае пытанне. Яно стаіць на парадку дня апошнія два дзясяткі гадоў. І без асаблівага поспеху.

Сёння сітуацыя з аб’яднаннем горшая, чым калі-небудзь раней. І для гэтага ёсць шмат прычынаў. Я назаву толькі дзве.

Выкідванне апазіцыі з сістэмнай палітыкі, яе маргіналізацыя дасягнула такой стадыі, што фактычна адзіную задачу, якую яна рашае, гэта самавыжыванне. То бок, калі б на парадку дня стаяла пытанне змагання за ўладу, то тады курс на аб’яднанне быў бы тактычна выйгрышным. А паколькі такая задача не стаіць, то няма і памкненняў да гэтага. Лідэры апазіцыі лічаць, што не варта ахвяраваць сваімі амбіцыямі і пазіцыямі невядома дзеля чаго. Калі б на кану стала пытанне ўлады, то быў бы прыз, да якога варта было б імкнуцца.

Чытайце па тэме:  Уладзімір Някляеў: “Няведанне” Лукашэнкі пра авіябазу – звычайная мана, каб збіць хвалю кансалідацыі грамадства

А цяпер стаіць задача самавыжывання, самазахавання. Кожная партыя і арганізацыя трымаецца сваёй дзялянкі. А аб’яданне можа гэтую дзялянку знішчыць. Так думаюць апазіцыйныя лідэры. Дзеля чаго дзяліць акругі, калі перамога апазіцыянера немагчымая? Каб прадэманстраваць грамадству моц і адзінства апазіцыі? Вельмі абстрактная і слабая матывацыя

Другі момант. Захад перастаў разглядаць беларускую апазіцыю, як чыннік дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Раней ён ставіў на апазіцыю, падтрымліваў яе. І такім чынам падштурхоўваў яе да адзінства, аб’яднання. Цяпер жа падтрымка больш умоўная, маральная, больш фармальная. То бок знік вонкавы чыннік, які спрыяў адзінству.

Цяпер адбываецца спаборніцтва за тое, хто ёсць ініцыятарамі кангрэсу дэмсілаў. Калі ініцыюем мы, то мы за кангрэс, калі не, то супраць. Там можна пракаментаваць гэтую палеміку. Бо хто ініцыюе, той вызначае парадак дня і, значыць, прэтэндуе на лідэрства.

Цыганкоў: Сапраўды цяпер адбываецца бітва кангрэсаў і сапраўды барацьба за аўтарытэт, за першынство ў апазіцыі, якая абвастрылася апошнія месяцы і нават вылілася ў публічнае жыццё. Раней гэта адбывалася «пад кілімам», а цяпер усё часцей, дзякуючы і прэсе, і сацыяльным сеткам, разыходжанні паміж палітычнымі лідэрамі выходзяць на публіку.

На сёння для большасці гульцоў апазіцыі так званая еднасць зусім не з’яўляецца нейкім прыярытэтам альбо важным пасылам. За апошнія месяцы ў перадачы «Інтэрв’ю тыдня» некалькі разоў удзельнічалі палітыкі, напрыклад, Аляксей Янукевіч, кіраўнік БНФ, альбо намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец. І абодва яны палымяна і грунтоўна даказвалі, чаму на дадзеным этапе ніякая еднасць асабліва не патрэбная, а наадварот нават варта выкрышталізаваць сваю пазіцыю.

Чытайце па тэме:  Статкевич: Лукашенко украл выборы, украл у народа власть

Той жа БНФ, хоць некаторыя кажуць пра кадравы крызіс і адсутнасць росту гэтай арганізацыі, заяўляе, што пойдзе на выбары асобнай калонай. Проста аб’ектыўна немагчыма і не стаіць такая задача перамагчы на гэтых парламенцкіх выбарах, паколькі ўлада калі каго і прапусціць, то па нейкіх сваіх матывах. Таму проста розныя апазіцыйныя сілы вырашылі да гэтых выбараў ставіцца як да трэніроўкі сваіх партыйных структураў, добрай практыкі на будучыню.

Гэта тая кампанія, дзе кожная палітычная сіла разумее, што ў цяперашніх умовах наўрад ці каго прапусцяць у парламент. Таму фармаванне партыйнага спісу ішло б больш лёгка, калі б партыі спадзяваліся на нейкую перамогу. А калі такога няма, то цяпер знятыя ўсе бар’еры для таго, каб на час запанавалі эгаістычныя памкненні. Нічога асабліва добрага гэта ў апазіцыйную палітыку не прыносіць, паколькі гэтыя эгаістычныя вузкапартыйныя памкненні могуць захапіць апазіцыйных палітыкаў, і тыя могуць забываць, дзеля якой агульнай стратэгічнай мэты яны існуюць — а менавіта дзеля змагання з дзейным рэжымам.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: