Аляксандр Лукашэнка падчас нарады са сваёй адміністрацыяй чарговым разам паставіў задачу — правесці нарады аб актуальных праблемах жыцця краіны. Што перашкаджала кіраўніку дзяржавы рабіць гэта раней? Ці адчувае Аляксандр Лукашэнка крызіс кіравання? Ці аднолькавыя прыярытэты ва ўладаў і грамадства?

Reuters

Удзельнікі: палітолаг Сяргей Нікалюк і дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Казакевіч: «Думаю, да паралічу яшчэ вельмі далёка»

Валер Карбалевіч: «У пятніцу 23 чэрвеня Лукашэнка абвясціў, што кожны квартал трэба праводзіць вялікія нарады з удзелам кіроўнай вертыкалі па самых актуальных пытаннях жыцця краіны і грамадства. Ён анансаваў нарады па пытаннях ЖКГ, сельскай гаспадаркі, адукацыі, прадпрымальніцтва. Здаецца, нічога незвычайнага, усё правільна. Калі б не адна дэталь.

Цяпер ужо мала хто памятае, што яшчэ 10 снежня 2013 годс Лукашэнка паабяцаў падобныя нарады рабіць рэгулярнымі, анансаваў, што дзве наступныя нарады будуць прысвечаныя праблемам ЖКГ і развіццю аграпрамысловага комплексу. Неўзабаве споўніцца чатыры гады, як былі абнародаваныя тыя планы. Але ніякіх падобных нарадаў не адбылося.

Таксама было абяцанне правесці вялікую нараду па пытаннях рэфармавання дзяржаўнай уласнасці, па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, па выніках першага кварталу. Хутка скончыцца другі квартал, а нарады ўсё няма. Што гэта азначае? Параліч дзяржаўнага кіравання? Ці што?»

Сяргей Нікалюк: «Параліч кіравання навідавоку. Мы назіраем тое, што адзін расейскі гісторык, адмысловец у пытаннях рэвалюцыі, назваў „арганізацыйнай кампанентай крызісу“.

Узгадаем, як у 2013 годзе ўлада вырашыла правесці масавую мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Усе дзяржпрадпрыемствы распрацоўвалі бізнэс-планы. Пад іх яны атрымалі грошы ад дзяржавы. І ўсё скончылася стратамі.

З таго часу ўлады вырашаюць праблемы за кошт арганізацыйных мерапрыемстваў. Па-першае, гэта танна. Па-другое, нічога іншага ва ўладаў няма. Метады ў бюракратыі традыцыйныя: калі ёсць праблема, то трэба правесці нараду, прызначыць камісію і інш.

Чытайце па тэме:  Геннадий Федынич: 2016-й станет для граждан Беларуси годом обнищания

А цяперашняя асаблівасць крызісу палягае ў тым, што нават мерапрыемства правесці не могуць. А калі і з’яўляюцца новыя дакументы, то яны не выконваюцца. Вось цяпер загаварылі, што трэба разняволіць бізнэс. Але ж яго ўжо разнявольвалі некалькі разоў. Была дырэктыва № 4 аб развіцці прадпрымальніцтва ад 31 снежня 2010 года. Я вось нядаўна чытаў выступ Лукашэнкі на Першым Усебеларускім народным сходзе 1996 года. Там таксама ён казаў, што трэба разняволіць бізнэс, які замучылі праверкамі. Вынікаў няма. І вось зноў пра гэта кажуць. Такая сістэма».

Андрэй Казакевіч: «Думаю, да паралічу яшчэ вельмі далёка. Я б гэта апісаў як збой, непаладкі дзяржаўнага кіравання. Відавочна, што многія рашэнні ў сацыяльна-эканамічнай галіне не выконваюцца. Некаторыя пытанні агучваюцца, але не пераходзяць у стадыю выканання. Гэта кажа пра тое, што сапраўды існуюць сістэмныя праблемы, прыкметы крызісу. Бо не з’яўляюцца новыя ідэі».

Чаму здушыць пратэсты ва ўладаў атрымліваецца, а развіццё эканомікі — не?

Карбалевіч: «А магчыма, усё прасцей. Тое, што хвалюе грамадства, незалежных экспертаў, зусім не хвалюе самога Лукашэнку. У іх розныя прыярытэты. І калі з’яўляецца праблема, якая моцна хвалюе кіраўніка дзяржавы, то яна хутка вырашаецца. Вось калі трэба было здушыць вулічныя пратэсты, улады дзейнічалі хутка і рашуча. А з эканомікай нічога не робіцца».

Нікалюк: «Улада дзейнічае па прынцыпе: ламаць не будаваць. Калі трэба нешта забараніць, напрыклад, вулічныя пратэсты, то тут улада мае вялікія поспехі.

Чытайце па тэме:  Чиновник Мингорисполкома: Частный бизнес не в состоянии трудоустроить работников крупных заводов

Але калі ад улады патрабуецца вырашыць пытанні развіцця, то гэтыя пытанні не вырашаюцца. Яны ў прынцыпе ня могуць быць вырашаныя. Бо мы маем не проста крызіс кіравання, мы маем крызіс культуры.

Адзін маленькі прыклад. У 1997 годзе над Гуамам разбіўся „Боінг-747“. Аналіз паказаў, што ў дрэннае надворʼе камандзір экіпажа памыліўся. А ягоны другі пілот не наважыўся яму пярэчыць. Гэта праблема культуры. У сацыялогіі ёсць такі панятак „індэкс дыстанцыі ўлады“. Ён характарызуе, наколькі людзі могуць супрацоўнічаць у іерархіі ўлады.

Дык вось у Беларусі гэты індэкс зашкальвае. Беларуская вертыкаль складаецца з вялікай колькасці такіх кабін пілотаў. У такіх кабінах ніякай дыскусіі няма. І маем адпаведны вынік.

Узгадаем, як перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года Лукашэнка даў загад давесці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. Шмат каму ў эканамічным блоку ўраду было ясна, што гэта скончыцца катастрофай. Хто-небудзь запярэчыў?»

Карбалевіч: «Дык цяпер паўтараецца тая ж сітуацыя».

Нікалюк: «Так. Але адрозненне ў тым, што ў 2010 годзе яе рэальна выконвалі, а цяпер — не».

Карбалевіч: «Няпраўда. Да кожнай галіны, прадпрыемства, рэгіёну даведзена заданне, графікі, каб паступова да канца году выйсці на 1 тысячу рублёў».

Нікалюк: «Але, паводле дадзеных Белстата, у нас даходы насельніцтва працягваюць падаць, хоць заробкі, праўда, крыху выраслі. Калі задача будзе выкананая, то на фінішы мы атрымаем той жа вынік, як і ў 2011 годзе».

Казакевіч: «Задача здушыць пратэсты і задача развіцця эканомікі — гэта задачы зусім рознага маштабу. Першая задача — лакальная. Для яе выканання ёсць усе рэсурсы: дзеяздольны дзяржапарат, сілавыя структуры.

Чытайце па тэме:  Подозревается в подлоге. Министр природных ресурсов и охраны окружающей среды Андрей Ковхуто отстранен от работы

А вось у сферы сацыяльна-эканамічнай нельга вырашыць праблему з дапамогай простых схем, дырэктываў. Тут недастаткова адміністратыўных рашэнняў. Гэта павінны быць комплексныя рашэнні, напрыклад, па стымуляванні эканамічнай актыўнасці, прыватнай ініцыятывы. Пры гэтым эфект ад такіх рашэнняў будзе толькі праз некалькі гадоў».

Чаму ўлада не здольная забяспечыць развіццё краіны?

Карбалевіч: «Сп. Нікалюк, вы кажаце, што ўлада не здольная забяспечыць развіццё. А можа, такая задача і не ставіцца? Увогуле, сам Лукашэнка адчувае крызіс кіравання?»

Нікалюк: «Думаю, ён усведамляе гэты крызіс. У любым вялікім выступе, напрыклад, калі ён прамаўляе пасланне ў Нацыянальным сходзе, то там заўсёды ёсць блок, прысвечаны павышэнню эфектыўнасці дзейнасці ўлады.

Але праблема не ў тым, што дрэнна распрацоўваюцца праграмы. СССР разваліўся таму, што не здолеў перайсці ад індустрыяльнай эканомікі да постындустрыяльнай. У індустрыяльнай эканоміцы ўсе задачы вырашаліся шляхам загадаў з цэнтру, няхай і праз каласальныя ахвяры.

А задачы постындустрыяльнай эканомікі не могуць быць вырашаныя такім шляхам. Таму праблема не ў тым, што з цэнтру паступаюць непрафесійныя загады. Цэнтр увогуле не павінен даваць загады. Задача ўлады палягае ў стварэнні спрыяльных умоваў для субʼектаў гаспадарання. А яны не створаныя. Таму ў Беларусь не ідуць замежныя інвестыцыі, і таму даводзіцца браць пазыкі, размяшчаць еўрабонды пад высокія працэнты».

Казакевіч: «Так, тая эканамічная і палітычная сістэма, якая створаная ў 1990-х гадах, задачу ці мэту развіцця ніколі не ставіла. Усё скіравана на тое, каб захаваць тое, што ёсць».

Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.