Развагі Аляксандра Лукашэнкі пра гатоўнасць перадаць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы іншым органам улады — гэта гульня ў кошкі-мышкі з грамадзкасцю і Захадам.

Аляксандар Лукашэнка ў Грузіі

 

23 сакавіка, адказваючы на пытанне журналіста грузінскага тэлебачання, кіраўнік Беларусі выступіў з нечаканай заявай:

«Сапраўды, у нас моцная прэзыдэнцкая ўлада… Я нядаўна казаў пра тое, што прыйдзе час, калі мы павінны будзем і Канстытуцыю падкарэктаваць. Можа, нейкія нормы памяняць. Натуральна, нейкія функцыі ад прэзыдэнта перадаць выканаўчым органам улады, ураду, парлямэнту і да таго падобнае. Да гэтага мы і ідзем. Так, сёння няма гэтага часу. Але ён заўтра можа прыйсці. І мы павінны быць гатовыя. Таму мы будзем працаваць над Асноўным законам… І вы ведаеце, у нас, акрамя Лукашэнкі, досыць разумных, моцных палітыкаў, якія, няхай не аднаасобна, але ў камандзе могуць вырашаць пытанні».

Ня першы раз Аляксандар Лукашэнка абяцае нейкія сутнасныя палітычныя перамены ў краіне. Нагадаю, што яшчэ ў перадвыбарчай праграме падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён абяцаў: «У Беларусі будзе створаны інстытут упаўнаважанага па правах чалавека».

У інтэрвію кітайскім СМІ ў студзені 2012 году Лукашэнка заявіў, што мы будзем «мадэрнізаваць нашу палітычную сыстэму». «Нам трэба звярнуць сурʼёзную ўвагу на палітычную рэформу, або рэформу палітычнай сыстэмы нашай краіны», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.

У перадвыбарчай праграме падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году Лукашэнка абяцаў «пашырэнне паўнамоцтваў і сфэр адказнасці парлямэнту, а таксама органаў мясцовага кіравання і самакіравання».

Чытайце па тэме:  Карбалевіч: «Значэнне чыноўніка-кантралёра аказалася вышэй за чыноўніка-мэнэджара»

У кастрычніку 2016 году, выступаючы ў Нацыянальным сходзе, кіраўнік Беларусі казаў пра магчымыя ў Канстытуцыі: «Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта [змяненне Канстытуцыі] пойдзем».

Зусім нядаўна — 15 сакавіка, на Дзень Канстытуцыі — Лукашэнка падчас сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суду зноў казаў, што «з часам мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Асноўны закон». Прычым, на ягоную думку, трэба «вельмі дакладна і правільна выбраць момант», «гэта ня заўтрашняга, ня сённяшняга дня праблема». У заяве прагучала адна канкрэтная думка: «Нам трэба пачынаць з Канстытуцыі і там прапісваць жорстка гэтую шматпартыйную сыстэму, якая роля партый». Лукашэнка прапанаваў заняцца гэтай справай менавіта Канстытуцыйнаму суду.

І вось новая заява.

Агульнае, што яднае ўсе падобныя выказванні Лукашэнкі, палягае ў тым, што яны нічым не канчаюцца. Гэта проста страсанне паветра. Думаю, і гэтая чарговая заява скончыцца тым жа.

Бо ўвесь час на пасадзе прэзыдэнта Беларусі Лукашэнка займаўся толькі адным: усё больш канцэнтраваў уладу ў сваіх руках, ператвараючы ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуты (парлямэнт, суды, мясцовыя саветы) у фікцыю. Адваротнай тэндэнцыі не было заўважана.

Тады навошта ён робіць падобныя заявы? Бо адчувае запыт грамадзтва, ціск з боку Захаду. Лукашэнка добра навучыўся імітаваць працэс.

Глядзіце, якая мітусня адбываецца ў такім простым пытанні, як увядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне. ЭЗ патрабуе, крытыкуе, настойвае на гэтым. І афіцыйны Менск кажа: добра, давайце пагаворым, абмяркуем. Колькі ўжо адбылося сэмінараў на гэтую тэму і ў Менску, і ў Страсбуры. Выніку нуль, але эўрапейцы задаволеныя — маўляў, нейкія ж зрухі адбываюцца, ідзе працэс.

Чытайце па тэме:  Армянскі палітоляг: Саргсян — усяго толькі бледны цень Лукашэнкі

Так і ў гэтым пытанні перадачы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў іншым органам улады. На мой погляд, гэта пустая гаварыльня, але якая шмат каму дае надзею. Людзям хочацца верыць у лепшае. На гэтым Лукашэнка і гуляе. У лепшым выпадку гэта скончыцца нейкай імітацыяй, якую дзяржаўныя мэдыі паспяшаюцца выдаць за сутнасць. У горшым выпадку ўсё гэтай заявай і абмяжуецца. Не для таго Лукашэнка 24 гады вытоптваў палітычнае поле, каб цяпер сеяць там дэмакратычнае зерне.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: