Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі правяла атэстацыю яшчэ 13 адвакатаў. Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, сярод тых, хто гэтым разам патрапіў у шэрагі ўмоўна атэставаных, значацца пяць абаронцаў фігурантаў рэзананснай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (так званай справы “Белага Легіёну”). Пры такіх абставінах праваабаронцы выключаюць магчымасць правядзення судовага разбіральніцтва па гэтай крымінальнай справе ў адпаведнасці са стандартамі справядлівага правасуддзя.

Чарговы этап атэстацыі адбыўся 25 верасня, і яна была неаднароднай. Сярод 13 асобаў, запрошаных у Кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста, былі прадстаўнікі Мінскай гарадской і Магілёўскай абласной калегій адвакатаў, у дачыненні да часткі з іх праводзілася пазачарговая атэстацыя (прызначаецца пры наяўнасці дысцыплінарных спагнанняў), да іншых – чарговая. У выніку адносна пяцёх камісія вынесла станоўчыя рашэнні, а васьмярым – з фармулёўкай “аб няпоўнай адпаведнасці заканаўству з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове выканання рэкамендацый”.

З гэтых васьмярых пяцёра з’яўляюцца абаронцамі фігурантаў узбуджанай сёлета напярэдадні 25 сакавіка крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (пазней ім было прад’яўлена абвінавачванне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання). І фактычна ўсе яны неаднаразова працавалі па грамадска рэзанансных, палітычна матываваных справах. Такім чынам, канчаткова іх прафесійны лёс будзе вырашаны праз паўгады – вядома, пры ўмове выканання “рэкамендацый” Мінюста.

У звязку з гэтым варта нагадаць пра неаднаразовыя заявы праваабрончай супольнасці краіны аб непрымальнасці любога ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў улады ў дзейнасць адвакатуры, паколькі гэта падрывае незалежнасць інстытута адвакатуры ў цэлым і кожнага канкрэтнага адваката ў прыватнасці.

Чытайце па тэме:  Председатель КГБ рассказал о "деле патриотов"

“Асаблівую нашую занепакоенасць выклікае факт сэлектыўнага падыходу органаў Мінюста да адвакатаў, у дачыненні да якіх былі распачатыя працэдуры пазачарговай атэстацыі, – кажа юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч. – Так, у выніку двух этапаў атэстацый, з 16-ці адвакатаў фігурантаў крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання адна ўжо пазбаўлена ліцэнзіі, а яшчэ сямёра “ўмоўна атэставаныя” на шэсць месяцаў. Трэба адзначыць, што на лістапад таксама прызначаны чарговыя атэстацыі і іх вынікі могуць яшчэ больш пагоршыць становішча абвінавачаных па гэтай справе”.

Праваабаронца падкрэслівае, што ПЦ “Вясна” адназначна расцэньвае гэтыя дзеянні Мінюста як непрыхаваны ціск на адвакатаў, а таксама як парушэнне права на абарону фігурантаў справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.

“Пры такіх абставінах мы практычна выключаем магчымасць правядзення судовага разбіральніцтва па гэтай крымінальнай справе ў адпаведнасці са стандартамі справядлівага правасуддзя, адным з якіх з’яўляецца магчымасць атрымання прафесійнай адвакацкай дапамогі, незалежнай ад якога б ні было ўздзеяння, – кажа Стэфановіч. – Правядзенне судовага працэсу з парушэннямі гэтых прынцыпаў пацягне за сабой адпаведную ацэнку з боку праваабарочнай супольнасці дадзенай крымінальнай справы ў цэлым і вынесенага прысуду”.

Нагадаем, хваля пераатэстацый адвакатаў распачалася ў верасні бягучага году па выніках праверак Міністэрства юстыцыі, якія праводзіліся ў Мінскай гарадской і Магілёўскай абласной калегіях адвакатаў. ПЦ “Вясна”, выказаўшы занепакоенасць з гэтай нагоды, праінфармаваў Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў з просьбай звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю з ціскам на адвакатаў у Беларусі, а таксама заклікаў міжнародную адвакацкую супольнасць да салідарнасці з беларускімі калегамі. Таксама гэтую праблему праваабаронцы ўзнялі падчас Нарады па чалавечым вымярэнні АБСЕ, якая праходзіла ў Варшаве на мінулым тыдні.

Чытайце па тэме:  YouTube выдаліў фільм БТ “Белы легіён чорных душ”

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.