Да мэдычных абследаванняў я асабіста стаўлюся дужа сур’ёзна, і абследаванні пад час цяжарнасці лічу безумоўна важнымі.

Наста Захарэвіч.

 

Але калі чытаю навіну пра тое, што жанчыне ў Менску могуць ня даць адну з так званых родавых выплат, бо яна зрабіла УГД у прыватнай, а не дзяржаўнай клініцы «са спісу», дык у мяне ўзнікае пытанне. Чыноўнікі ад мэдыцыны, а вы дакладна ўпэўненыя, што ўсе патрабаванні да абследаванняў цяжарных жанчын у Беларусі маюць сваёй мэтай клопат пра здароўе жанчыны і плоду? Я ў гэтым, напрыклад, моцна сумняюся.

Калі даводзіцца сутыкацца з беларускай сыстэмай аховы здароўя, вельмі часта ўзнікае адчуванне, што надта шмат мэханізмаў у ёй працуюць проста дзеля таго, каб працаваць. А калі справа тычыцца гінэкалёгіі, дык такіх бессэнсоўных мэханізмаў аказваецца надзвычай шмат. Мы мусім ісці на праверку да гінэколяга, калі робім мэдычную даведку на правы, нібыта наяўнасць эрозіі шыйкі маткі ўплывае на здольнасць кіраваць машынай. Але відавочна, што адзінае, на што ўплывае гэты фармальны, але абавязковы візыт — гэта колькасць грошай у касе клінікі ў канцы працоўнага дня.

Але сапраўды «у абарот» нас бяруць пад час цяжарнасці. Здавалася б — ёсць спіс рэкамэндаваных для цяжарных жанчын абследаванняў, і задача мэдыкаў — давесці, што гэтыя абследаванні сапраўды важныя, і што праходзіць іх — у інтарэсах самой жанчыны і яе дзіця. Але што значыць «даводзіць»? Гэта значыць тлумачыць, спасылацца на міжнародныя стандарты, на даказаныя факты, на даследаванні…

Што традыцыйна адбываецца ў беларускіх жаночых кансультацыях? Калі жанчына не праходзіць пэўнае абследаванне ў адпаведны час альбо загадзя не ўпэўненая ў неабходнасці тых ці іншых працэдур і маніпуляцый, ёй у лепшым выпадку проста загадваюць «рабіць тое, што сказана», у горшым — абвінавачваюць у безадказнасці, нелюбові да дзіця і нават пагражаюць міліцыяй. Гэта такі тонкі псыхалягічны падыход да цяжарнай жанчыны: заявіць, што калі яна не з’явіцца на наступны заплянаваны прыём, ёй дадому выклічуць міліцыю.

Калі ў Беларусі жанчына становіцца на ўлік у жаночую кансультацыю да 12-га тыдня цяжарнасці, яна зможа пазней атрымаць дадатковую дзяржаўную выплату ў памеры, эквівалентным прыблізна 100 далярам. Ёсць, праўда, нюанс: адной толькі пастаноўкі на ўлік недастаткова. Трэба таксама выконваць усе патрабаванні мэдыкаў. На першы погляд, усё лягічна, і абурацца няма чаго, але на справе я апошнім часам усё часцей чую ад знаёмых меркаванне, што лепш адразу не разлічваць на гэтую выплату і не дазваляць дзеля ста даляраў маніпуляваць сабой. І гэтае меркаванне выказваюць адукаваныя і вельмі неабыякавыя жанчыны. А прастораў для маніпуляцыі шмат: тут і прымус да шпіталізацыі з вельмі сумнеўнымі падставамі, і, як нядаўна высветлілася, нават пройдзенае «ня ў тым месцы» ультрагукавое даследаванне.

Камітэт аховы здароўя Мінгарвыканкаму спасылаецца на загад Міністэрства аховы здароўя № 83 «Аб удасканаленні арганізацыі правядзення прэнатальных і ўльтрагукавых даследаванняў па выяўленьні парокаў развіцця і храмасомнай паталёгіі ў плода ў Рэспубліцы Беларусь» і сцьвярджае, што ў Менску цяжарныя жанчыны мусяць праходзіць ультрагукавы скрынінг па накіраванні акушэр-гінэколягаў у РНПЦ «Маці і дзіця», радзільні № 2 альбо першай гарадзкой клінічнай лякарні. Заключэнні іншым мэдцэнтраў не прымаюцца.

Гэта надзвычай цікава, бо закон у працэсе рэгуляцыі спасылаецца не на ўзровень медабсталявання, а на канкрэтныя юрыдычныя асобы. Ёсць патрабаванні да падрыхтоўкі дактароў, якія праводзяць абследаванні, але гэта ўжо другасны фактар, бо нават калі доктар з неабходнай кваліфікацыяй зробіць УГД у «няправільным» мэдцэнтры, у жаночай кансультацыі цяжарнай усё адно могуць пагражаць тым, што не дадуць тую выплату. І абгрунтаванне будзе вельмі простае: жанчына не выконвала ўсе распараджэнні доктара.

Але яна выканала распараджэнне! Яна прайшла неабходнае абследаванне, мае адпаведнае заключэнне, выдадзенае афіцыйным мэдцэнтрам, які законна працуе ў Беларусі. У чым жа праблема? Здаецца, у тым, што яна парушыла працу чарговага бессэнсоўнага мэханізму ў сыстэме аховы здароўя. Яна не нашкодзіла ні сабе, ні свайму дзіцяці, але фармальна нібыта парушыла правіла.

Нашыя чыноўнікі і чыноўніцы вельмі любяць расказваць, якія добрыя ўмовы створаны для цяжарнасці і родаў у Беларусі, і шчыра не разумеюць, чаму жанчын так абураюць шантаж і маніпуляцыі. Але я ўпэўненая, што ўсё больш і больш жанчын будуць мінімізаваць свае кантакты пад час цяжарнасці з тымі дактарамі, якія лічаць шантаж найлепшай стратэгіяй у камунікацыі. Хоць шмат для каго ў Беларусі 100 даляраў — гэта значная сума, адсутнасць лішніх стрэсаў таго вартая.

Наста Захарэвіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: