Паэт Уладзімір Някляеў адзначыў Дзень дурня новым вершам.

Уладзімір Някляеў

 

Дню дурняў прысвячаецца

1
Як казала цётка Цыля:
“Усяго ў жыцці спаўна.
Дзе-нідзе ёсць нават цымус,
Але больш усё ж лайна.

Срозь на цымус запыт вырас –
І паўсюдна нездарма
Да яго дадаўся вірус
Той, якога ў нас няма.

І як вучыць сінагога
Рэшткі розуму майго,
Тут адно расце з другога,
А яно расце з яго”.

2
Што адно? І што другое?..
Нерасчытаны талмуд.
Зразумела толькі тое,
Што расце ўсё гэта тут.

Што ні межы Еўразвяза,
Ні кітайская сцяна
Не зратуюць, бо зараза
Не з дабра расце. З лайна.

І не тое, каб у дзіва
Тут павеяла лайном,
Але ў дзіва, што шчасліва
Мы па горла ў ім жывём.

Нехта кажа: не прыпёрла.
Не саспеў яшчэ народ.
Што трываючы
па горла,
Не стрывае ён
па рот.

Толькі нам і рот
Не мерка.
Хай сабе да губ лайно –
Мы з яго ляпіць цукеркі
Навучыліся даўно.

Шлём усім з лайна гасцінцы
У абгортцы залатой…
Мы ж не дурні, не ўкраінцы
З майданутай галавой!

Каб яны без заварушкі,
Так, як мы, умелі жыць,
Дык маглі б з гаўна галушкі
І варэнікі ляпіць.

Каб гулялі на халяву,
Што з Крамля даюць, пілі,
Дык тады б з лайна дзяржаву
Без праблем зляпіць маглі.

Мы ж народ спакойны. Спальны.
Калі нас карміць, паіць,
Мы і ў наш “сасуд крыштальны”
Можам кучу наваліць.

Нам нібыта ці за шчасце, –
Ці такі ўжо ў дупе сверб? –
І на мову ўзяць накласці,
І на сцяг наш, і на герб.

Шчэ й сябе пытаем самі:
“Хто ідзе там?..”
Мы ідзём!
Дагары ўстаём нагамі,
На саміх сябе кладзём.

Валіць кучы хам на хаме,
Гэты тут, а гэны там…
Засталося толькі ў храме,
Калі ў нас застаўся храм!

3
Кажа Цыля, што нягожа
Распаляць у сэрцы злосць.
Калі ёсць у свеце Божа,
Ён і ў сраным храме ёсць!

Хоць усе мы небаракі,
Недалэнгі ўсе мы хоць,
Але нам вышэй ад сракі
Галаву зляпіў Гасподзь.

Мы прад Ім нібыта ў гліне,
У лайне, якім смярдзім,
І прад Ім мы ці загінем,
Ці ачысцімся прад Ім.

Ён нам вогненныя знакі
Падае нябёс сярод:
“Хай для ўсіх вы люд ніякі,
А для Бога вы
Народ!

І не згінуць вам, не ўмерці
За сябе
У барацьбе,
Калі ўчуеце вы сэрца
Беларускае ў сабе!”

3
Вось вам сказ ад цёткі Цылі:
“Хай па горла ў нас нягод,
Трэба ўсё ж падумаць: ці мы
Нейкі вірус, ці народ?”

Я тлумачу сутнасць сказа:
Ці нам быць, ці нам не быць?
Ці мы пройдзем, як зараза,
Ці, як людзі, будзем жыць!

Не хварэйце, калі ласка…
А ў каго
Усчаўся жар,
Дык не вірус гэта. Казка.
Першакрасавіцкі жарт.

1.04.2020

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...