Адна з галоўных адметнасьцяў нашага часу – ныцьцё і самазацыкленасьць

Віталь Цыганкоў, Facebook

 

Не, я па-ранейшаму лічу, што прырода чалавека кардынальна не змянілася за апошнія дзесяцігоддзі. Проста мяняюцца гістарычныя абставіны, у якіх адны якасьці квітнеюць, а іншыя вымушаныя хавацца, да “свайго” часу.

Ну, напрыклад, падчас вайны грамадзтву патрэбныя калектывізм і узаемадапамога, а геданізм і самаўлюблёнасьць у ваенных умовах асабліва не праявіш. Загінеш альбо па галаве дадуць свае ж.
Наш час – час сацыяльных сетак і спажывецкага грамадзтва – аб’ектыўна разьвівае схільнасьць да ныцьця і нарцысізму.

Людзі з панаваньнем такіх якасьцях былі заўсёды, але яшчэ гадоў 20-30 таму яны праяўляліся толькі ў сьціплых рамках сваёй сям’і ды сяброў. Успомніце, як за вялікім сямейным альбо сяброўскім сталом нярэдка знойдзецца нехта, хто пачынае грузіць усю кампанію сваімі дробнымі і часта выдуманымі праблемамі – не зважаючы, што ў іншых людзей за сталом ёсьць сапраўдныя трагедыі, пра якія яны не крычаць. Такія людзі нават на памінках могуць бясконца распавядаць пра свае дробныя і нязначныя праблемкі і сваркі, у іх няма адчуваньня сувымернасьці сваіх і чужых праблем.

Цяпер такія самазацыкленыя ныцікі маюць трыбуну – Інтэрнэт. Хтосьці недзе сказаў непрыемную рэпліку, у аўтобусе не было вольнага месца, афіцыянтка не дастаткова шырока пасьмяхнулася, нехта крытычна ацаніў адзеньне, “мяне спыталі, чаму я сёньня не пафарбавалася” – о, вялізная падзея, пра гэта абавязкова трэба паскардзіцца ўсяму сьвету. Прытым (таксама адметнасьць нашага часу), каб гэта выглядала больш апраўдана, абавязкова трэба падвесьці нейкую ідэйную базу – знайсьці “дыскрымінацыю” альбо “ціск грамадзтва”. “У мяне спыталі, ці я замужам” – я так больш не магу, гэта такі магутны ціск патрыярхату, гэта парушэньне правоў чалавека, пайду напішу пра гэта блог.

Прытым людзі, якія рэальна прайшлі праз нешта жахлівае, напрыклад, праз турмы – яны не ныюць. Мамы, якія гадуюць 5 дзяцей – яны не ныюць. Людзі, якія працуюць у дабрачыннасьці, ня ныюць. Дактары, якія штодня ратуюць людзей – яны ня ныюць. У іх псіхалогія іншая, яны не зацыкленыя на сабе, яны разумеюць, што важнае, а што другаснае, неістотнае.

Віталь Цыганкоў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: