Хацелі змагацца за падвышэнне заробкаў і паляпшэнне ўмоваў працы. Але страйк працаўнікоў прадпрыемства «Шкловалакно» не дазволілі. Віцебскі абласны суд не задаволіў хадайніцтва сябраў Свабоднага прафсаюзу беларускага, якія прасілі скіраваць справу для разгляду ў Вярхоўны суд. Аднак ціск Феміды на прафсаюзнікаў – не адзіная перашкода: адначасова на актывістаў распачалася траўля ў сацсетках.

Рашэнне аб забароне страйку пакінуць у сіле

Прафсаюзныя актывісты з Полацку Віктар Стукаў і Мікалай Шарах прасілі не спаганяць з іхнай арганізацыі мыта ды працягнуць тэрміны разгляду справы працаўнікоў «Шкловалакно» ў Вярхоўным судзе. Аднак суддзя Наталля Хількевiч пастанавіла інакш.

Працаўнікоў полацкага «Шкловалакна» не толькі пазбавілі магчымасці правесці страйк на прадпрыемстве з мэтаю падвышэння заробкаў ды паляпшэння ўмоваў працы, але яшчэ і сталі сведкамі ачарнення прафсаюзных лідараў у сацсетках – нехта стварыў у «Фэйсбуку», «УКантакте» фэйкавыя старонкі ад імя Мікалая Шараха, на якіх публікуецца правакацыйная інфармацыя і абразы ў дачыненні да Віктара Стукава.

«Адчуваецца, што нейкія драматургі-аматары пішуць. Нібыта ў нас у прафсаюзе няма салідарнасці, нібыта Шарах не згодны з дзеяннямі прафсаюзу і маім кіраўніцтвам, і што нібыта я п’яніца», – коратка пераказвае змест траўлі Віктар Стукаў.

Прапаганда карыстаецца «Белсатам»

Аматары-драматургі, якія хаваюцца пад псеўданімамі, нават стварылі ролік пра прафсаюзных лідараў, выкарыстаўшы здымкі нашага тэлеканалу.

Большую частку гэтых старонак адміністрацыя «Ют’юбу» і «Фэйсбуку» ўжо выдаліла, аднак нехта ад імя Мікалая Шараха разаслаў гэткія пасквілі ўва ўсе дзяржаўныя ўстановы Полацку, у тым ліку ў Віцебскі абласны суд. Сам Мікалай Шарах на сённяшнім паседжанні не прысутнічаў, аднак скіраваў у суд зняпраўжанне гэтай інфармацыі.

«Чаму гэта было далучана да матэрыялаў справы, гэта ўжо пытанне да суда, бо без згоды бакоў не можа быць далучаны нейкі матэрыял. Гэта проста пацвярджае, што ў нас няма справядлівага суду, у чым можна пераканацца яшчэ раз», – зазначыў спадар Шарах.

Розгалас дапамог страйку

Аднак самыя сябры прафсаюзу не збіраюцца засяроджваць свае высілкі на змаганні з гэткімі правакацыямі ды падкрэсліваюць, што розгалас аб запланаваным страйку ўжо так ці інакш пасунуў сітуацыю на «Шкловалакне» з мёртвай кропкі. Гэтак, з 1 лістапада, калі страйк мусіў распачацца, наймальнік павысіў на прадпрыемстве тарыфную стаўку ды абяцае працаўнікам выплаціць да новага года дадатковую прэмію.

Віталь Бабін, «Белсат»

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: