Экс-палітвязень, грамадскі актывіст і праваабаронца Мікалай Аўтуховіч ужо больш за паўгода фактычна жыве ў падполлі: змяніў месца жыхарства, не з’яўляецца ў публічнай прасторы, не карыстаецца мабільнай сувяззю. Ён сцвярджае, што ўсё гэта неабходныя захады бяспекі, бо спецслужбы хочуць сфабрыкаваць супраць яго новую крымінальную справу. Аўтуховіч пагадзіўся даць інтэрв’ю belsat.eu, у якім распавёў пра пераслед КДБ, а таксама пра сваё стаўленне да вулічных пратэстаў, апазіцыі ды расейскай пагрозы.

Мікалай Аўтуховіч

 

Сысці ў падполле Аўтуховіч вырашыў пасля таго, як яму ў лютым 2018 года спрабавалі падкінуць наркотыкі – «Белсат» у свой час распавядаў пра гэтую гісторыю. Праз некаторы час былы палітвязень знік з публічнай прасторы і перастаў адказваць на званкі. Патлумачыў сваё знікненне ён толькі 31 снежня, у сваім пасце ў «Facebook».

Той пост некаторыя няправільна зразумелі: шэраг рэсурсаў паведамілі, што Аўтуховіч нібыта эміграваў. Але насамрэч з краіны ён не з’язджаў – былы палітвязень проста стараецца не раскрываць сваё месцазнаходжання.

– Лепей жыць у падполлі і па меры магчымасці ажыццяўляць свае планы, чым сядзець у турме і быць абсалютна бескарысным грамадству. Не магу пакуль расказваць пра ўсе свае дзеянні. Але ў вольны час працую па фактах самавольства праваахоўнікаў. Дапамагаю людзям дамагацца справядлівасці. Вывучаю матэрыялы крымінальных справаў, складаю спісы следчых, пракурораў і суддзяў, па віне якіх невінаватыя людзі аказваюцца за кратамі. Паспяваю весці на Фэйсбуку «Старонку падтрымкі Даната Скакуна». Так атрымалася, што маёй спецыфікай сталі крымінальныя справы супраць нявінна асуджаных дзяцей і вядома злачынная карупцыя ў СК, пракуратуры і судах. Прозвішчы такіх дзеячаў часта перасякаюцца па іншых справах. Вяду ўлік усіх, хто парушае правы грамадзянаў у Беларусі. Такая база дадзеных вельмі дапаможа нам у будучыні. Колькі жыццё ў падполлі будзе працягвацца? Столькі колькі гэтага будзе патрабаваць сітуацыя.

У мінулым Мікалай Аўтуховіч – паспяховы бізнесовец у Ваўкавыску, актывіст прадпрымальніцкага руху, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2004 года. Улетку 2006 года яго асудзілі на 3,5 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Бізнес Аўтуховіча быў знішчаны, яго прызналі палітвязнем.

Неўзабаве пасля вызвалення Мікалая Аўтуховіча зноў арыштавалі – яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення, але большая частка абвінавачанняў была знятая, і ўвесну 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Яго ізноў прызналі палітвязнем.

Пасля вызвалення з турмы Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную і праваабарончую дзейнасць. У снежні 2016 года былы палітвязень стварыў праваабарончую арганізацыю «ТаймАкт».

– Вы распавядалі, што паваротным момантам, пасля якога вы зразумелі, што трэба схавацца, стаў эпізод, калі вам хацелі падкінуць наркотыкі. Ці былі іншыя сігналы небяспекі?

– Натуральна. Мяне заўсёды суправаджалі, куды б я не сабраўся ехаць. Прыязджаю, напрыклад, у Гомель – яны (працаўнікі спецслужбаў – заўв. belsat.eu) ходзяць за намі па ўсіх рынках. На запланаваных сустрэчах заўсёды можна было выявіць іх прысутнасць.

Тэлефаную прадпрымальнікам у Полацк і кажу, што еду да іх у госці. Не праходзіць гадзіны, мне тэлефануюць гэтыя прадпрымальнікі і распавядаюць пра тое, што іх выклікаў дырэктар рынку і сказаў, што ведае пра мой прыезд. Пытаецца ў іх, навошта Аўтуховіч едзе да нас на рынак? Мы збіраемся ў аднаго з прадпрымальнікаў дома, у яго кватэра на апошнім паверсе шматпавярховіка. Дык яны сачылі за сустрэчай з дахаў суседніх дамоў, дзе былі заўважаныя суседзямі. Вось чым я заслужыў такую ​​ўвагу?

Гэта цікавасць у спецслужбаў была заўсёды. Шмат разоў я лавіў іх на праслухоўванні свайго тэлефона. Варта мне пагаварыць па тэлефоне з якой-небудзь знаёмай службовай асобай, як да яго заяўляліся госці з КДБ і цікавіліся сувязямі са мной.

З маймі сябрамі-прадпрымальнікамі шмат разоў размаўлялі працаўнікі КДБ. Некаторых выклікалі ў падатковую інспекцыю і затым інспектар казаў, што з табой хочуць пагаварыць з КДБ. Заводзілі іх у іншы кабінет, дзе ўжо чакалі іх камітэтчыкі. Аднаго знаёмага прадпрымальніка забралі прама з кватэры і павезлі да сябе ў кантору. Содні пратрымалі. Іх заўсёды цікавіла пытанне: чым займаецца Аўтуховіч?

– На вашу думку, чаму спецслужбы вас пераследуюць? Гэта помста?

– Яны ведаюць, што я ніколі не дарую тым чыноўнікам, суддзям і сілавікам, якія без віны кінулі мяне ў турму. Маё стаўленне да гэтай улады яны добра ведаюць, мае настроі таксама. У Івацэвіцкай калоніі даведаўся ад аператыўнікаў, што ў аператыўнай справе я меў псеўданім «Чэ Гевара». Гэта пра штосьці кажа? Вось чаму яны мяне ізалявалі раней і пераследуюць цяпер.

– Ці ведаеце, якая канкрэтна структура з’яўляецца ініцыятарам вашага пераследу?

– Прыкладна год таму я ў 6 гадзінаў раніцы прыехаў у Ваўкавыск з Менску (апошнім часам Аўтуховіч жыў у Менску і родны Ваўкавыск наведваў вельмі рэдка, – заўв. belsat.eu). А ў 9 гадзінаў следам за мной у Ваўкавыск прыбылі працаўнікі КДБ. Яны правялі нараду ў РАУС Ваўкавыску з мясцовымі сілавікамі – КДБшнікі даручылі ім сачыць за кожным маім крокам. Бліжэй да вечара таго ж дня мне пра гэта паведамілі мае знаёмыя з органаў. Яны сказалі мне, што гэта былі менавіта камітэтчыкі.

– У сваім навагоднім пасце вы пісалі, што новы год будзе вызначальным для ўсіх, хто хоча пераменаў. Вы чакаеце ад 2019-га нейкіх вырашальных палітычных падзей у краіне?

– Так. Але я ніяк не звязваю гэта з выбарамі. Самыя важныя, для нашай бяспекі, падзеі развіваюцца ў плоскасці стасункаў з Расеяй. Крэмль, як ніколі востра ставіць перад Лукашэнкам пытанне інтэграцыі. Нас проста сілай зацягваюць у склад Расеі.

– Вы лічыце, што пагроза прымусовага паглынання Беларусі Расеяй сапраўды рэальна?

– Лукашэнка часам дэманструе Расеі некаторыя козыры супраць інтэграцыі. Ён шмат чаго кажа. Але мне здаецца, што гэта толькі імітацыя абароны ад ціску Расеі, які толькі расце. Не выключаю, што існуе дамоўленасць з Пуціным і план ажыццяўлення інтэграцыі. Думаю, як мінімум, Лукашэнка распавялі пра яго далейшы лёс, калі ён не здасць Беларусь.

Аргументы ў Пуціна могуць быць вельмі пераканаўчымі. Не выключаю, што расейскія спецслужбы маюць відэакасету (тую, што невядомыя прапаноўвалі купіць Алегу Алкаеву), на якой знятая расправа над Юрыям Захаранкам. Плюс факты разграблення Беларусі сямейным кланам, маштабы якіх немагчыма схаваць ад спецслужбаў Расеі. Мінулыя цёмныя справы Лукашэнкі могуць стаць падставаю для шантажу з мэтаю прымусіць яго здаць суверэнітэт Беларусі.

– Ужо ў канцы 2019 года ў Беларусі могуць адбыцца новыя прэзідэнцкія выбары. Вы крытыкуеце апазіцыю за намер удзельнічаць у гэтай кампаніі. А што асабіста вы прапануеце?

– Так, крытыкую. Таму што памяняць уладу праз выбары немагчыма. Любы ўдзел у гэтым спектаклі на руку Лукашэнку. Лепш будзе калі народ праігнаруе гэты палітычны падман. А актывісты і рэшткі ўсіх рухаў і партыяў у рэгіёнах павінны аб’яднацца і засяродзіцца на назіранні за працэсам маніпуляцыяў. Поўны байкот. І не проста байкот, а з доказамі: з відэафіксацыяй пустых участкаў, адсочваннем каруселяў, падтасоўкі бюлетэняў і г.д. Наўпроставая трансляцыя ўсіх гэтых злачынстваў у інтэрнэт. Толькі такія сумленныя дзеянні могуць падняць панылы народ з канапаў.

Стратэгія пераменаў павінна грунтавацца на падрыхтоўцы да апошняй акцыі пратэсту.

– У пачатку 2017 года вы заклікалі не ўдзельнічаць у маршах недармаедаў, сцвярджалі, што падобныя пратэсты будуць «халастым стрэлам». А новыя пратэсты не стануць тым самым «халастым стрэлам»?

– Успомніце, з якімі патрабаваннямі арганізатары заклікалі людзей на акцыі пратэсту: проста адмяніць дэкрэт Лукашэнкі. Ніякіх глабальных задачаў не ставілася. Гэтыя акцыі былі толькі громаадводам ад больш маштабных пратэстных настрояў і выступаў, што ўжо наспявалі. Было абсалютна відавочна, што будзе арганізавана толькі выпусканне пара, што вельмі выгадна Лукашэнка. У выніку, падзеі разгарнуліся гэтак, як я і меркаваў. Дэкрэт застаўся, хай і ў перайначанай форме, а пратэсты былі задушаны. Хутчэй за ўсё, у грамадстве ўзмацнілася агульная апатыя.

Я ж выступаю за адну адзіную акцыю пратэсту, пасля якой Лукашэнка ці ўцячэ, ці яго арыштуюць, калі ён будзе жывы. У нашай краіне не можа быць палацавых пераваротаў. Ва ўладу дапускаюцца людзі не здольныя да актыўных і самастойных дзеянняў. Усё павінен будзе вырашаць сам народ.

– Вы бачыце ў сённяшняй апазіцыі палітыкаў, якія здольныя стаць сапраўднымі нацыянальнымі лідарамі?

– Я шмат разоў казаў, што ў Беларусі няма належнай апазіцыі. Скажу шчыра, у мяне была надзея на Статкевіча пасля яго вызвалення. У яго былі ўсе шанцы і магчымасці абʼяднаць высілкі. Але гэта была ілюзія. Яго правадырызм зашкальвае. Без усялякай сарамлівасці ён называе сябе адзіным годным кандыдатам на пасаду прэзідэнта, што выкрасляе яго наогул з маіх спісаў годных на лідарства. Але я ведаю, як мінімум некалькі, годных людзей. Гэта людзі, якія пакуль не ў публічнай палітыцы, таму не хацеў бы заўчасна называць іх імёнаў.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...