Чарговы аварыйны мост у Беларусі. Гэтым разам небяспечнаю стала пабудова праз Дняпро ў Рагачове. Рух абмежавалі, цяжкавікі выпраўляюцца ў аб’езд. Што не так з мастамі ў Беларусі і ці калі скончыцца небяспечная тэндэнцыя?

Скрыншот з відэа

 

Масты – канструкцыі, якія спрашчаюць чалавеку жыццё. Але часам атрымліваецца наадварот. Гэтак, мост на трасе Р-43 праз Дняпро ў Рагачове, што ў Гомельскай вобласці, стаў праблемаю для кіроўцаў: па ім абмежавалі рух аўтамабіляў вагою больш за 20 тон. Траса мае вялікае транзітнае значэнне: яна пачынаецца ў Івацэвічах і вядзе да расейскай мяжы. Цяпер цяжкавікам даводзіцца рабіць вялікі абʼезд праз Быхаў, паведамляе Белсат.

Цяпер улады пачалі ўзводзіць новы часовы мост праз Дняпро, але завяршыць яго будаўніцтва плануюць толькі праз тры гады, пакінуўшы да гэтага моманту цяжкагрузы без альтэрнатывы.

Рабочыя, якія працуюць на будове, кажуць, што ў старога моста «выйшаў тэрмін эксплуатацыі», а новы павінен з’явіцца «так, як у пашпарце напісана».

Мост у Рагачове не першы, які дайшоў да аварыйнага стану цягам апошніх некалькіх месяцаў. «Белсат» паведамляў пра трэснуты мост праз Прыпяць у Жыткавічах: вайскоўцам прыйшлося будаваць тут пераправу. Мы распавядалі пра аварыйны мост праз Сож каля вёскі Бабовічы і яшчэ адзін праз Прыпяць па трасе М8, рух па якім абмежавалі для аўтамабіляў, цяжэйшых за 5 тонаў.

Чытайце па тэме:  «Ну очень много чиновников». Давлат Юсупов о том, что мешает беларуской экономике и бизнесу

Кіраўнік упраўлення дыягностыкі дарог і мастоў Анатоль Асіпук кажа, што рамонт маста ў Рагачове планаваўся даўно.

«Наколькі я ведаю, гэты мост стары, і там не было такой адразу надзвычайнай, аварыйнай сітуацыі», – кажа спецыяліст.

Пра іншыя аварыйныя масты ў Беларусі Асіпчук кажа, што «гэта масты каробчатага сячэння, і з імі ёсць канструктыўныя праблемы».

«У прынцыпе, яшчэ ў Савецкім саюзе аварыйныя сітуацыі з імі былі, але не ў нас, а ў Расеі», – дадае адмысловец.

Масты гэтага тыпу збудаваныя ў савецкія часы паводле «каробчатага метаду»: жалезабетонныя скрынкі, якія замацоўвалі на асновах мастоў, былі пустыя. Гэта, кажуць эксперты, хуткі і танны метад будоўлі.

Але, як высветлілася, не надзейны. З пяці мастоў, пабудаваных паводле такой тэхналогіі, у Беларусі трэснулі ўсе.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: