На Варшаўскім кніжным кірмашы Беларусь упершыню прадстаўлена на двух стэндах

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве. Злева направа: З. Вішнёў, А. Янушкевіч, А. Пашкевіч, У. Кобец. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net.
Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

 

Варшаўскі кніжны кірмаш праходзіць 17-20 траўня на Нацыянальным стадыёне. Беларусь упершыню прадстаўлена на двух стэндах — ад Міністэрства інфармацыі і ад Беларускага дому ў Варшаве. Два беларускія стэнды размешчаны ў розных месцах кірмашу, паведамляе radyjo.net

Афіцыйнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь тут з’яўляецца ўжо другі год запар па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі і пасольства Беларусі ў Варшаве.

Людміла Быкава, кансультант упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

-Мы атрымалі ад польскага боку прапанову аб узаемным прадстаўленні выставачных плошчаў на бясплатнай аснове: мы ім, а яны нам. Палякі прыязджалі да нас у лютым на Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. І мы цяпер прыехалі, і нам прадставілі стэнд бясплатна.

Беларускі дом у Варшаве ўпершыню выставіў свой стэнд на Варшаўскім кніжным кірмашы. Ён меншы за афіцыйны па плошчы, але па колькасьці выданняў больш разнастайны.

Улад Кобец, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве:

-Мы запрасілі шэсць выдавецтваў з Беларусі: “Галіяфы”, “Тэхналёгія”, “Кнігазбор”, “Янушкевіч”, “Arche”, “Лімарыус”.

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дома ў Варшаве

 

Сродкі на стэнд Беларускага дому на Варшаўскім кніжным кірмашы далі фонд RITA, амерыканскі Фонд Маршала і Пасольства Польшчы ў Беларусі.

-Беларускі дом у Варшаве лічыць арганізацыю гэтага стэнду сваім грамадзянскім абавязкам. Спадзяёмся, што наш стэнд будзе рэгулярна з’яўляецца на Варшаўскім кніжным кірмашы. А праз год, магчыма, стане трохі большы. На жаль, пакуль нам нестае сродкаў, каб зрабіць стэнд такім вялікім, як, напрыклад, афіцыйны стэнд Рэспублікі Беларусь, – кажа Улад Кобец.

Абодва беларускія стэнды аб’ядноўвае багатая палітра кніг на тэмы гісторыі і культуры як Беларусі, так і Польшчы.

-Мы прывезлі бібілятэчку кніг польска-беларускіх аўтараў, якія выдаваліся ў Беларусі ў серыі “Мая беларуская кніга”: Саламеі Пільштыновай-Русецкай, Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Элізы Ажэшка, Вайніслава Казімера Сулімы Савіч-Заблоцкі, Юзафа Ігнацы Крашэўскага, – адзначае Людміла Быкава.

На стэндзе Беларускага дому можна знайсці кнігі па дыскусійных тэмах гісторыі, якія пакуль адважваюцца публікаваць у Мінску толькі недзяржаўныя выдавецтвы.

17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь

 

Аляксандр Пашкевіч, прадстаўнік часопісу “Arche”: Мы выдаём шмат кніг пра Другую сусьветную вайну, зьмест якіх разыходзіцца з дамінуючай у беларускай дзяржаве ідэалёгіяй. Адна з нашых навінак — гэта пераклад на беларускую мову працы польскага гісторыка, які працаваў у Нямеччыне і выдаў там кніжку пра савецкіх партызан на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гадах.

На беларускіх стэндах прадстаўлены кнігі пра Ігната Дамейку, Юзафа Пілсудскага, Міхала Клеафаса Агінскага, іншых вядомых дзеячаў нашай супольнай гісторыі.

Зміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва “Галіяфы”: У нашым выдавецтве ў апошні час выйшлі кнігі польскіх аўтараў Томаша Самойліка “Бортнік Ігнат і скарб пушчы”, Славаміра Копера “Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай”, Эльжбеты Інеўскай “Калёны славы”.

Варшаўскі кніжны кірмаш прымеркаваны да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. Сёлета споўнілася таксама стагоддзе стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдавецтва “Янушкевіч” прывезла на кірмаш новую кнігу гарадзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча “БНР. Триумф побежденных”.

Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва “Янушкевіч”: Гэта сінтэтычная праца, у якой сабраны апошнія напрацоўкі па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Я раю прачытаць гэту кнігу кожнаму беларусу, нягледзячы нават на тое, што яна напісана на расійскай мове.

Жыхарка Варшавы Анна Манкевіч прыйшла на беларускі стэнд, каб даведацца пра лёс сваёй сям’і, якая была вымушана ўцячы з Беларусі ў Польшчу ад бальшавікоў роўна сто год таму. Частка сям’і была замардавана бальшавікамі, а ўласнасць спалена.

Анна Манкевіч: Я цікаўлюся той часткай Беларусі, адкуль паходзяць карані маёй сям’і. Гэта тэрыторыя Магілёўшчыны, ваколіцы Воршы. Я ўвесь час шукаю звесткі пра гэты край. На жаль, там нічога ўжо не засталося. Але можа нейкія фрагменты інфармацыі знойдуцца.

Кнігі на тэмы, звязаныя з гісторыяй Беларусі выстаўлены і на стэндах польскіх выдавецтваў. Тут я сустрэў беларускага мастака і літаратара Артура Клінава. Ён прыехаў з Вроцлава, дзе знаходзіцца на навуковай стыпендыі. На Варшаўскі кніжны кірмаш спадар Клімаў даўно марыў трапіць. Мастак лічыць, што палякам варта з беларускай мовы перакладаць і выдаваць больш твораў.

Артур Клінаў: Хацеў бы ў гэты прыезд пазнаёміцца з выдаўцамі, паразмаўляць, паспрабаваць іх намовіць на супрацоўніцтва. У Беларусі цяпер адбываецца шмат цікавага ў літаратуры, ёсць вельмі класныя аўтары. Калі б у нас быў нейкі застой, то можна было б зразумець, што няма чаго друкаваць. Але ж друкаваць ёсць што!

Адна з найцікавейшых навінак кірмашу — альбом партрэтаў Тышкевічаў  іх былой рэзідэнцыі у Лагойску. Палац Тышкевічаў не захаваўся. А 36 выяў галоўных прадстаўнікоў знакамітага роду з 1933 году захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Толькі цяпер іх адрэстаўрыравалі спецыялісты Акадэміі прыгожых мастацтваў.

Марыля Сцібар Мархоцка, Акадэмія прыгожых мастацтваў у Варшаве: Гэта праца пад рэдакцыяй прафесара Яанны Шпор „Сармацкая стылізацыя адлюстраванняў Тышкевічаў у партрэтах з Лагойску”. Так, з Лагойску ў Беларусі! Гэта ўнікальны збор партрэтаў Тышкевічаў. Мяркую, што варта ўбачыць тое, што ацалела.

Варта таксама зазірнуць на экспазіцыі іншых польскіх выдавецтваў. Напрыклад, на стэндзе часопісу „Więź” можна набыць дзённікі ўраджэнца Мінска, грамадска-палітычнага дзеяча Польшчы Ежы Гедройця. Выдавецтва Сейма Польшчы прапануе набыць кнігі пра гісторыю беларусаў і іншых нацыянальных меншасцей Польшчы. Выдавецтва Інстытута нацыянальнай памяці ўсяго за 39 злотых (9 еўра) прадае тоўсты том Гжэгажа Ранкоўскага „Kresowe rezydencje”, у якім змешчана інфармацыя пра ўсе маёнткі арыстакратыі на тэрыторыі даваеннага Віленскага ваяводства Польшчы.

У букіністычным аддзеле таксама ёсць беларускія кнігі. Напрыклад, альбом „Іканапіс Беларусі”, выдадзены на пачатку 1990-х гадоў або даведнік па Вільні 1930-х гадоў з фотаздымкамі ўраджэнца Беларусі Яна Булгака.

Бадай самая свежая кніжная навінка, якую можна набыць на Варшаўскім кніжным кірмашы — праца супрацоўніка кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтраль-Ўсходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Андрэя Масквіна, прысвечаная беларускім чаоспісам „Пагоня”, „Сакавік” і „Наперад!”, якія выходзілі на эміграцыі пасля 1945 года.

Андрэй Масквін: Гэта матэрыялы, якія не ўключаны ў падручнікі, у гісторыю літаратурнага працэсу. Але без іх мы не будзем мець поўнага ўяўлення пра тое, што адбывалася ў беларускай літаратуры.

Кніга Андрэя Масквіна выйшла тыражом 100 экземпляраў. І ўжо можа лічыцца бібліяграфічнаю рэдкасцю. Але вы яе зможаце набыць, калі завітаеце на Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнды беларускіх выдавецтваў тут будуць працаваць да паўдня 20 траўня.

Тэкст і фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: