А ўлады плянуюць супрацьпаставіць пратэстам рэпрэсіі – паведамілі беларускія праваабаронцы на канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве.

Раіса Міхайлоўская, Мацей Фалькоўскі, Алесь Бяляцкі, Алег Волчак, Раман Якаўлеўскі, Алесь Зарэмбюк – удзельнікі дыскусіі «Правы чалавека ў Беларусі – ад «справы патрыётаў» да «справы прафсаюзаў».
Aliaksandr Papko/radyjo.net

 

Нягледзячы на паляпшэньне стасункаў з Захадам, Менск не адмовіўся ад палітычных рэпрэсіяў. У Беларусі ёсьць палітвязьні, беларускія ўлады ўзбудзілі дзьве палітычна матываваныя крымінальныя справы, пры гэтым у краіне расьце сацыяльная напружанасьць. Пра гэта ўдзельнікам штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве паведамілі беларускія праваабаронцы. Чаму беларускія ўлады ініцыявалі «справу патрыётаў» і «справу прафсаюзаў»? Якія будуць вынікі гэтых працэсаў? Як Захаду трэба весьці дыялёг зь Менскам? Гэтыя пытаньні зь міжнароднымі экспэртамі і дыпляматамі абмяркоўвалі Алесь Бяляцкі, Алег Волчак, Раіса Міхайлоўская і аналітык Раман Якаўлеўскі.

Канфэрэнцыю па гуманітарных пытаньнях (Human dimension implementation meeting) Арганізацыя па супрацоўніцтве і бясьпецы ў Эўропе ладзіць штогод. Гэта вялікі форум, на якім прадстаўнікі ўрадаў і грамадзянскай супольнасьці краінаў-удзельніц АБСЭ абмяркоўваюць, наколькі добра ўлады рэалізуюць правы сваіх грамадзянаў.

Урады эўрапейскіх краінаў ацанілі тое, што Беларусь не падтрымала агрэсіўнай палітыкі Расеі ў рэгіёне. Цяпер яны стараюцца наладзіць зь Менскам добрыя адносіны, часта заплюшчваючы вочы на парушэньні беларускімі ўладамі фундамэнтальных грамадзянскіх правоў – паведамілі дыпляматам і экспэртам беларускія праваабаронцы.

Чытайце па тэме:  Николай Маломуж: в развале армии Украины виноваты все предыдущие руководители страны

«Правы чалавека ў Беларусі – ад «справы патрыётаў» да «справы прафсаюзаў» – так называлася прэзэнтацыя, падрыхтаваная праваабаронцамі Алесем Бяляцкім, Алегам Волчакам, Раісай Міхайлоўскай і аналітыкам Раманам Якаўлеўскім сумесна з «Беларускім домам у Варшаве».

Насуперак меркаваньню пра тое, што цікавасьць да Беларусі падае, прэзэнтацыя аб правах чалавека ў Беларусі падчас канфэрэнцыі АБСЭ сабрала поўную залю.

 

У Беларусі за кратамі знаходзяцца трое палітычных вязьняў. Гэта праваабаронца Міхаіл Жамчужны, бугальтар Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Ігар Комлік і анархіст Дзьмітры Паліенка – паведаміў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

У жніўні гэтага году беларускія ўлады завялі крымінальную справу супраць актывістаў незалежных прафсаюзаў Ігара Комліка й Генадзя Фядыніча. Сілавікі нанесьлі ўдар па Прафсаюзе радыёэлектроннай прамысловасьці, бо ён дапамагаў удзельнікам веснавых сацыяльных прастэстаў. Вынік гэтай палітычнай справы ў вялікай ступені будзе залежаць ад рэакцыі Захаду – кажа праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі: Па прафсаюзе РЭП ударылі ня проста так, а з улікам іх актыўнай пазыцыі падчас веснавых пратэстаў, а таксама з улікам магчымага напружаньня ў гэтую восень ці бліжэйшую вясну. Гэты працэс мае відавочны палітычны кантэкст. Беларускія ўлады сьвядома парушаюць міжнародныя пагадненьні, якія абараняюць дзейнасьць прафсаюзаў. Справа, узбуджаная супраць дзеячаў прафсаюзу РЭП, прадугледжвае вельмі шырокі спэктар пакараньняў – ад «хатняй хіміі» да заключэньня ў калёнію. Вынік гэтай справы будзе залежаць ад голасу пратэсту, які павінна падаваць беларускае грамадзтва, а таксама ад выразнай пазыцыі Захаду.

Чытайце па тэме:  После убийства в Минске криминального авторитета Анапияева МИД Беларуси и Кыргызстана приступили к выяснению отношений

Іншая палітычна матываваная крымінальная справа, узбуджаная падчас «адлігі» ў беларуска-эўрапейскіх адносінах – гэта так званая «справа патрыётаў». 16 чалавек, зьвязаных з бабруйскім вайскова-патрыятычным клюбам «Патрыёт» знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе й чакаюць рашэньня суду.

Беларускія ўлады ініцыявалі «справу патрыётаў», каб палепшыць свой імідж у Расеі – мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Менск захацеў прадэманстраваць усходняму саюзьніку, што ён змагаецца зь «беларускімі бандэраўцамі». На думку Рамана Якаўлеўскага, справа скончыцца абвінавальным вэрдыктам. Невядома толькі, наколькі суровым будзе прысуд.

Раман Якаўлеўскі: Ня варта чакаць, што суд прызнае фігурантаў справы невінаватымі. Такога ня будзе. Аднак, пакуль ня ясна, наколькі суровым будзе пакараньне. Вэрдыкт будзе залежаць не ад суду, а ад волі кіраўніка дзяржавы. А якім будзе яго настрой – мы даведаемся пасьля расейска-беларускіх вучэньняў «Захад».

Сумнавядомы Дэкрэт №3 стаў прычынай масавых сацыяльных пратэстаў вясной гэтага году. За ўдзел у іх арыштамі й штрафамі былі пакараныя каля 1000 чалавек. У выніку ўлады не адмянілі дэкрэту, а вырашылі яго «дапрацаваць». Цяпер упор будзе рабіцца не на грашовыя спагнаньні, а на прымусовае працаўладкаваньне «дармаедаў».

Новая рэдакцыя Дэкрэту №3 парушае 9 артыкулаў Канстытуцыі, а таксама Працоўны кодэкс, якія адназначна забараняюць прымусовую працу. Аднак самае галоўнае – дэкрэт па-ранейшаму можа прывесьці да сацыяльнага выбуху, падкрэсьлівае кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Чытайце па тэме:  Яковлевский: 2015 год - будет самым тревожным для окружающего мира

Алег Волчак: У сьпісе «дармаедаў», па словах прадстаўнікоў дзяржавы, па-ранейшаму застаецца 350 тысячаў чалавек. Іх будуць прымусова працаўладкоўваць мясцовыя ўлады. А працы ў рэгіёнах няма, таму варта чакаць адміністрацыйных працэсаў. Падатак усё роўна трэба будзе плаціць. У выніку пратэст толькі ўзрасьце. Я ежджу па рэгіёнах і магу сказаць, што сытуацыя горшая, чым яна была паўгода таму. Расьце агрэсія да ўладаў. Людзі ня вераць, што нешта можа памяняцца. Людзі кажуць, што калі на іх будуць ціснуць, то яны гатовыя супраціўляцца.

Улады павінныя неадкладна адмяніць Дэкрэт №3, але нават гэтага ў сёньняшняй сытуацыі ўжо недастаткова – кажа Алег Волчак. Людзей у беларускіх рэгіёнах, і нават у Менску, трэба забясьпечыць працай. Каб пазьбегнуць сацыяльнага выбуху, неабходна тэрмінова праводзіць рэформы, якія актывізуюць беларускую эканоміку – настойліва раіць праваабаронца.

Жаданьне Аляксандра Лукашэнкі ўтрымаць поўную ўладу ў краіне пераважае над жаданьнем палепшыць стасункі з Захадам – канстатавалі беларускія праваабаронцы. У адказ на сакавіцкія пратэсты ўлады ня толькі ўзнавілі арышты, штрафы й распачалі некалькі крымінальных справаў. Яны адмовіліся нават ад касмэтычных рэформаў выбарчага заканадаўства.

«Беларускія ўлады трэба ацэньваць не паводле словаў а паводле справаў», – параіў Алесь Бяляцкі ўдзельнікам канфэрэнцыі АБСЭ. – Рэпрэсіі ў Беларусі нікуды ня зьніклі, а мэханізмы перасьледу толькі ўдасканальваюцца». Заходнія ўрады не павінныя зьніжаць стандарты ацэнкі сытуацыі правоў чалавека ў Беларусі. «Калі мы кажам, што жывем у эўрапейскай краіне, то дзеяньні ўраду павінныя ацэньвацца паводле нармальных эўрапейскіх стандартаў», – падкрэсьліў праваабаронца.

Аляксандар Папко, Польскае Радыё


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.