8 красавіка ў Гомлі на 73-м годзе жыцця раптоўна памёр Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі, бацька Героя Ўкраіны Міхася Жызнеўскага. Пра гэта паведаміла жонка Міхаіла Пятровіча — Ніна Жызнеўская.

Міхал Пятровіч Жызнеўскі

 

«Здарылася гэта на пачатку 16-й гадзіны. Ён скардзіўся на сардэчны боль і крывяны ціск. У яго таксама моцна балелі суглобы», — кажа Ніна Жызнеўская.

Сёлетняй вясною на распараджэнне прэзыдэнта Ўкраіны Жызнеўскія меліся падлячыцца ў адным з украінскіх санаторыяў. Чакалі толькі, пакуль крыху пацяплее. Пра лячэнне ў санаторыі сям’і Жызнеўскіх паведаміў амбасадар Украіны Ігар Кізім, калі ў лютым на распараджэнне ўкраінскага прэзыдэнта прывозіў інвалідную вазок для Ніны Васільеўны.

«Каб вы ведалі, Ніна Васілеўна, клопат пра вас і вашу сям’ю знаходзіцца на асабістым кантролі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён, калі даведаўся, што вы маеце патрэбу ў такім вазку, распарадзіўся набыць яго і перадаць вам. Для нас ваш сын — гэта справа Ўкраіны. Мы шануем сваіх герояў», — сказаў тады ўкраінскі амбасадар.

Кабінэт Міністраў Украіны прызначыў пажыццёвую стыпэндыю бацькам Міхала Жызнеўскага — аднаго з першых забітых на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас падзей Эўрамайдану ў студзені 2014 году. Стыпэндыю пэрсанальна атрымліваў і Міхаіл Пятровіч.

Да нядаўняга часу Жызнеўскі-старэйшы, будучы на пэнсіі, працаваў яшчэ слесарам у гарадзкім фізкультурна-аздараўленчым камбінаце. Заўсёды лічыў, што ягоны сын Міхась загінуў за свабоду ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: