15 снежня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне была адкрыта табліца ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Адкрыццё і благаслаўленне табліцы было прымеркавана да 200-годдзя яго смерці.

Гэта ўжо другая табліца ў гонар Касцюшкі ў катэдральным касцёле. Першая была адкрыта роўна 100 гадоў таму, у сотую гадавіну яго смерці, паведамляе Catholic.by са спасылкай на Grodnensis.by.

На новай табліцы змешчаны надпіс на трох мовах — беларускай, польскай і англійскай — «Тадэвушу Касцюшку — удзячныя нашчадкі».

Урачыстасць пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На ёй прысутнічалі генеральны консул Польшчы Яраслаў Ксёнжэк, старшыня Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, прадстаўнікі абласной улады.

«Дзякуем Божаму Провіду за вялікую адвагу нашых продкаў і шматлікіх вернікаў, якія баранілі тое, што святое і Божае, вельмі часта аддаючы за праўду і свабоду сваё жыццё», — адзначыў іерарх.

Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за сем’і Беларусі, за краіны, дзе ідзе вайна, і за ўсіх, хто загінуў у абароне Касцёла, крыжа і Евангелля, за ахвяр войнаў і ўзброеных канфліктаў, каб яны мелі ўдзел у радасці збаўленых.

Даведка:

Taдэвуш Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 г. у Мерачоўшчыне на Палессі, быў чацвёртым дзіцём у сям’і. Быў ваенным інжынерам, польскім і амерыканскім генералам, дзяржаўным дзеячам, удзельнікам вайны за незалежнасць Злучаных Штатаў (1775–1783). Касцюшка быў адным з лідарам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі.

Памёр 15 кастрычніка 1817 г. у Швейцарыі. Быў пахаваны ў мясцовым езуіцкім касцёле; праз год яго парэшткі былі перавезены ў Кракаў і змешчаны ў каралеўскай крыпце ў катэдры на Вавелі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: