З Горацкай папраўчай калёніі № 9 выйшаў на волю актывіст прафсаюзу РЭП і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксей Мілюкоў. Падчас знаходжання ў вязніцы ён схуднеў на трыццаць кіляграмаў. Аляксей тройчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту. Сваёй віны ў інкрымінаванай яму справе не прызнаў.

18 ліпеня 2014 году суд Бабруйскага раёну пакараў Аляксея Мілюкова трыма гадамі абмежавання волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», а таксама нанясенні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ”. У верасні 2016 году Наваполацкі суд змяніў меру пакарання і асудзіў Мілюкова паводле артыкулу 415 Крымінальнага кодэксу нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі, пасля чаго яго накіравалі ў Горацкую калёнію.

Патрабаваў паважлівага стаўлення — выносілі спагнанні

Сваёй віны Аляксей не прызнаў. Арышт звязвае з дзейнасцю свайго бацькі Алега Жалнова, які выкрывае правапарушэнні супрацоўнікаў міліцыі. Паводле Мілюкова ў зняволенні ён спазнаў ціск і з боку прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчых установаў, і з боку асуджаных, якія супрацоўнічалі з кіраўніцтвам вязніц.

«У бальшыні супрацоўнікаў няма ні гонару, ні годнасці, — заявіў журналістам Аляксей, толькі выйшаўшы на свабоду. — Што ім кажуць, тое яны і робяць. Фальсыфікуюць дакумэнты, у судах даюць ілжывыя паказанні. У гэтай калёніі паважлівага стаўлення да асуджаных няма. Я патрабаваў да сябе такога стаўлення і праз гэта цярпеў».

Аляксей Мілюкоў з жонкай Святланай. Пабраліся шлюбам за месяц да зняволення. Аляксей узяў жончына прозвішча.

 

Чытайце па тэме:  Статкевіч на волі

У Горацкую калёнію Мілюкоў прыбыў 30 снежня 2016 году. Прабыў 295 дзён, з іх 286 яго трымалі ў памяшканні камэрнага тыпу і штрафным ізалятары. Паводле Аляксея яму не давалі азнаёміцца з дакумэнтамі, якія афармлялі за нібыта учыненыя ім правапарушэнні. Ён спадзяецца, што яны захаваліся ў Горацкім судзе. Перад вызваленнем у Аляксея зніклі запісы, якія ён рабіў падчас разгляду спраў.

Адкрыта не казалі, што я палітычны, але гэта адчувалася

«Як толькі я прыбыў, мяне прымушалі мыць прыбіральні, каб зняважыць. Гэта не прынята рабіць у такіх месцах, бо ёсць людзі з пэўных статусам, якія выконваюць такую працу. Калі перавялі ў камэру, то прызначалі спагнанні за нібыта сон, за не прыборку, — казаў вызвалены актывіст. — Каралі перад прыездам адваката альбо за тое, што я адпраўляў заяву пра парушэнне маіх правоў у адміністрацыю. За гэта адпраўлялі ў карцэр».

«Мяне спрабавалі зламаць. Уся гэтая сыстэма, можна сказаць, змагалася са мною адным, — працягваў Мілюкоў. — Правакавалі мяне на фізычныя дзеянні супраць іншых асуджаных. Асуджаным загадалі са мною не гаварыць. Зняволеныя самі ў мяне выпытвалі, чаму са мною нельга гаварыць. Усім тым, хто наважыўся са мною загаварыць, пазней выносілі дысцыплінарныя спагнанні».

Аляксей Мілюкоў з маці Яўгеніяй. Пабачыўшы сына, Яўгенія залямантавала: «Што яны там з табою зрабілі»

 

Чытайце па тэме:  Статкевіч на волі

«Незадоўга да вызвалення, абсалютна незнаёмыя мне людзі пагражалі сэксуальным гвалтам праз тое, што я палітычны. Яны давалі зразумець, што з мяне будуць здзекавацца. Зразумела, што адкрыта мне ніхто не казаў, што я палітычны, але па стаўленні да мяне гэта адчувалася», — перакананы вызвалены актывіст.

«Буду жыць з жонкай спакойна і шчасліва»

За час адбыцця пакарання Аляксей схуднеў на трыццаць кіляграмаў. Паводле яго ў калёніі ежа якасная, але яе мала. Некалькі разоў на знак пратэсту ён абвяшчаў галадоўкі.

«Я тры разы абвяшчаў галадоўкі, калі сядзеў у ШЫЗА. Першы раз дзесяць дзён галадаў, другі — пяць, апошні — шэсць. Спыняў галадоўкі, бо не было сэнсу працягваць іх па вызваленні з карцэру, — тлумачыў журналістам Мілюкоў.

На 12 месяцаў за Аляксеем Мілюковым устаноўлены прэвэнтыўны нагляд. На пытанне, што будзе ён рабіць на свабодзе, адказаў: «Жыць з жонкай спакойна і шчасліва».

Сустракаць Аляксея прыехала жонка Святлана, бацькі Яўгенія і Алег Жалновы, а таксама паплечнікі па партыі і прафсаюзу. Вызвалення чакалі больш за сем гадзінаў.

Інцыдэнт, які стаўся нагодай для крымінальнай справы супраць Аляксея Жалнова, здарыўся 4 верасня 2013 году. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цвердзіць, з парушэннем правілаў дарожнага руху ля бабруйскага ДАІ, і пачаў здымаць факт парушэння на відэа. Потым звярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, звінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак.

Чытайце па тэме:  Павел Севярынец выйшаў на волю

У студзені 2014 году супраць Аляксея Жалнова завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». З пазовам звярнуўся капітан міліцыі Аляксандар Бутоўскі. Паводле матэрыялаў справы, Мілюкоў ударыў міліцыянта па галаве, зрабіўшы яму страсенне мозгу.

Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.