Фермеру з Лоеўскага раёна, які змагаецца за свае правы, пагражаюць крымінальнай справай. Жыхар вёскі Страдубка, ветэрынар паводле адукацыі, Іван Хвоін гаворыць, што ягонае жаданне займець моцную гаспадарку разбілася аб канфлікты з мясцовым начальствам.

Іван Хвоін узгадвае, як год назад яго вымусілі забіць усё пагалоўе свіней:

— Прыехалі да мяне супрацоўнікі санстанцыі, міліцыя, МНС. Сказалі, каб я утылізаваў сваіх свіней, бо яны нібыта хворыя на свіную чуму. Але прыкметаў чумы не было. Гэта была рожа. Магу пра гэта дакладна казаць, бо з’яўляюся ветэрынарам паводле адукацыі. Але паслухаўся, бо вельмі прадстаўнічая дэлегацыя да мяне завітала. У выніку, выразалі каля 60 галоў свіней. Рэальны рыначны кошт страты — каля 10 тысяч даляраў. Ніякай кампенсацыі за страту я не атрымаў дагэтуль.

Але нягоды фермера на вынішчэнні свіней не скончыліся. Неўзабаве ў яго сталі знікаць гусі. Агульная колькасць скрадзенай птушкі — каля 80 штук. Іван Хвоін падазрае ў крадзяжах беспрацоўных выпівох, якія жывуць па суседстве з ім. Паводле словаў фермера, маргінальныя элементы квапіліся на калгасную маёмасць і спрычыніліся да крадзяжу ягоных гусей.

„Я звярнуўся ў Лоеўскі РАУС наконт таго, што ўтварыўся прытон паблізу майго дома. Жанчына арганізавала кропку, дзе нелегальна набываюцца прадукты харчавання і ва ўсю прадаецца алкаголь. Яе не чапаюць, а ў мяне пастаянна ідуць прапажы. Пасля майго зварота прыехаў участковы, але нічога не зрабіў„, — расказвае Іван Хвоін.

Тады фермер вырашыў праявіць ініцыятыву. Убачыўшы, як „суседзі” ў чарговы раз цягнуць аднекуль мех бульбы, пайшоў за імі.

Іван Хвоін:

— На кропцы, дзе яны мянялі бульбу на бутэльку спірту, я іх заспеў. А каб не адкруціліся, без прымянення сілы адабраў у іх алкаголь. Потым ізноў выклікаў міліцыю. Яны на мяне накінуліся з кулакамі. Я не адказваў, бо ведаў, чым гэта для мяне скончыцца.

Участковы міліцыянт па прыездзе на месца канфлікту распачаў дзве адміністрацыйныя справы. Толькі не ў дачыненні да аматараў алкаголю, а да надакучлівага фермера, які быццам бы зайшоў без дазволу ў чужы дом, адабраў бутэльку са спіртным і здзейсніў самавольнае правасуддзе.

У судзе Лоеўскага раёна Івана Хвоіна прызналі вінаватым. Але на ўзроўні абласнога суда Гомельскай вобласці гэтую пастанову адмянілі на падставе аднабаковасці і несправядлівасці адміністрацыйнай справы, складзенай участковым міліцыянтам. Суддзя Гомельскага аблсуда Мікалай Бакуноў накіраваў справу паўторна ў Лоеўскі раённы суд на разгляд іншага суддзі.

І вось тут пачалося самае цікавае. У Лоеўскім раённым судзе адміністрацыйную справу супраць фермера спынілі, затое паведамілі пра тое, што матэрыялы перададзеныя пракурору раёна для ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкулах 339 і 206 Крымінальнага Кодэксу. Цяпер Івану Хвоіну інкрымінуецца хуліганства і грабеж, што выяўляецца ў авалоданні чужой маёмасцю у выглядзе бутэлькі алкаголю.

Праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага Камітэту Алесь Яўсеянка падкрэслівае абсурднасць пераследу Івана Хвоіна, які насамрэч імкнуўся запабегчы здзяйсненню правапарушэнняў.

Алесь Яўсеянка:

— Не любяць у нас ініцыятыўных людзей. Чалавека, які займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, спрабуе неяк падтрымліваць правапарадак, прыцягваюць да адказнасці. Іван Хвоін займаецца гаспадаркай, дапамагае аднасяльчанам, якія не маюць працы. Але з яго хочуць зляпіць крымінальніка, выгнаць з вёскі ці нават Лоеўскага раёна. Выглядае на тое, што яму проста помсціць мясцовае начальства і міліцыянты за незгаворлівасць.

Праваабаронца Алесь Яўсеянка дапамог Івану Хвоіну скласці скаргу ў пракуратуру Лоеўскага раёна. Апроч таго, ён будзе кансультаваць Івана Хвоіна ў будучых судовых цяжбах. Фермер намераны скарыстацца нормамі беларускага заканадаўства, якое дазваляе перанесці судовае пасяджэнне ў адзін з раённых судоў Гомеля, дзе ёсць шанс на больш аб’ектыўны разгляд справы, чым у Лоеве.

Беларускае Радыё Рацыя


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.