Для Беларусі працягненне супрацы з рэжымам Мадуры – бесперспектыўнае.

Лукашэнка і Мадура. Мінск, 5 кастрычніка 2017 года, president.gov.by

 

Венесуэлай пакуль кіруе Нікалас Мадура, аднак лідар апазіцыі Хуан Гуайдо аб’явіў сябе прэзідэнтам і атрымаў значную міжнародную падтрымку.

Ці азначае гэта, што  ў Венесуэле склалася дзвюхуладдзе? Ці могуць закончыцца цяперашнія пратэсты зрыццём улады чавістых? Якія ўрокі з венесуэльскага крызісу зробіць афіцыйны Мінск?

Сітуацыю для Беларускай праўды пракаментаваў спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

“Маса венесуэльцаў пабяжыць у іншыя краіны, ратуючыся ад голаду”

-Галоўнае – чарговая спроба звергнуць уладу чавістых, якая кіруе Венесуэлай з 1999 года і  давяла краіну фактычна да ручкі. Увесь свет сёння глядзіць на Венесуэлу – гэта прыклад, як нельга кіраваць краінай, асабліва з такімі запасамі нафты і такім патэнцыялам.

-Ці можна называць сённяшні стан Венесуэлы дзвюхуладдзем?

-Сённяшні стан рэчаў можна назваць дзвюхуладддзем з пункту гледжання міжнароднага прызнання, якое Гуайдо атрымаў з моманту абвяшчэння сябе прэзідэнтам. Гэта і ёсць ягоны асноўны рэсурс, праўда, спрацаваць ён можа не адразу, а праз некаторы час.

З іншага боку, дзвюхуладдзя няма, бо рэальныя рычагі, найперш сілы аховы парадку, войска і спецслужбы, знаходзяцца пад кантролем Мадуры. Свет з большага прызнае Гуайдо, пры гэтым рэальныя рычагі кіравання знаходзяцца ў руках Мадуры.

-Ці можна казаць пра ўмяшальніцтва знешніх сілаў у справы Венесуэлы? Ці сённяшняя рэвалюцыйная сітуацыя створаная рукамі самога Мадуры?

-Ніхто звонку – я ўпэўнены – не падбухторваў таго ж Гуайдо, ніхто не даваў грошы на пратэсты, ніхто не заклікаў абвясціць сябе прэзідэнтам – усе рашэнні прымалі апазіцыйныя сілы Венесуэлы. Але Мадура настроіў супраць сябе найперш сваіх суседзяў па Лацінскай Амерыцы, і ЗША, таму было зразумела, што апазіцыя атрымае падтрымку. Гэта было бачна па пікіроўках паміж Мадурам і Трампам; Парагвай не прызнаў Мадуру прэзідэнтам і разарваў з ім адносіны адразу пасля інаўгурацыі. Вонкавы фактар прысутнічае, але гэта не “каляровая рэвалюцыя”: сённяшнія падзеі не робяцца пад дыктоўку вашынгтонскага абкама і на ягоныя грошы. Зараз мала хто чакае, што Трамп выканае свае пагрозы і скарыстае ваенную сілу, бо і для Трампа, і для самой Венесуэлы гэта прынясе толькі страты.

Але я не выключаю, што можа ўзнікнуць канфлікт з суседнімі краінамі, напрыклад, з Калумбіяй. Сітуацыя ў Венесуэле вельмі складаная і будзе пагаршацца найперш эканамічна; Венесуэла, па падліках спецыялістаў, ужо страціла дзясятую частку насельніцтва: з 30 мільёнаў тры мільёны пакінулі краіну. І цяпер рэгіён стаіць перад пагрозай міграцыйнага крызісу: маса венесуэльцаў пабяжыць у іншыя краіны, ратуючыся ад голаду.

“Падтрымка на баку Гуайдо, рэальная ўлада ў руках Мадуры”

-Ці маюць шанцы на поспех сённяшнія пратэсты ў Венесуэле?

-Ніхто не бярэцца прадказаць развіццё сітуацыі. Заўтра вайскоўцы могуць паўстаць супраць Мадуры – і праблема ўлады вырашыцца ўмомант. Калі вайскоўцы не скажуць гэтага заўтра, то да канца года могуць сказаць. Чаму вайскоўцы падтрымліваюць Мадуру? Ён іх корміць, у тым ліку і восенню сур’ёзна падвышаў заробкі. Іншая справа – адкуль рэсурсы? Бюджэт пусты, таму падкормка ідзе за кошт вонкавых крэдытаў: з Расіі, Кітая. Але ў Расіі і Кітая ёсць свае межы цярпення. Увосень Кітай адмовіў у крэдыце на 2 мільярды долараў Зімбабвэ, бо не бачыць перспектывы вяртання грошай, гэта надзвычай рызыкоўныя інвестыцыі. Таму рана ці позна Мадура, калі не стане нічога мяняць у краіне, сутыкнецца з апазіцыяй з боку вайскоўцаў. Напачатку тыдня адбылася спроба мецяжу ў Нацыянальнай гвардыі. Назіральнікі адзначаюць, што шэрагоўцы і сярэдняе звяно службоўцаў выказваюць незадаволенасць Мадурам. Калі народ масава выйдзе на вуліцу, нервы вайскоўцаў таксама могуць не вытрымаць, што прывядзення да невыканання загадаў рэжыму Мадуры.

Трэба ўлічваць і яшчэ адну акалічнасць. У 2017 годзе ў Венесуэле ішлі вулічныя баі, пад час якіх Гуайдо атрымаў раненне гумавай куляй у шыю і зламаў руку – сапраўдны баец. Але вулічная актыўнасць закончылася паразай: паступова вулічныя пратэсты сышлі на нішто, пасля прайшлі муніцыпальныя выбары. Рэжым хітрасцю здолеў раскалоць апазіцыю, настроіў супраць яе частку насельніцтва. А затым, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, Мадура адсёк ад удзелу ў кампаніі самыя моцныя апазіцыйныя фігуры, найперш Энрыке Капрылеса (у 2013 годзе прайграў Мадуры літаральна 1%). Пасеяўшы недавер да апазіцыі, адсёкшы самыя моцныя фігуры, рэжым выклікаў апатыю ў значнай часткі насельніцтва. І 2018 год прайшоў адносна спакойна, нават выбары. Праўда, свет не прызнаў Мадуру, адкрытым тэкстам яго пачалі называць дыктатарам.

Але, тым не менш, апазіцыя падышла да пачатку 2019 года ў цяжкім стане. 23 студзеня Гуайдо заклікаў народ падтрымаць пратэсты, але 24 студзеня ў краіне прайшло адносна спакойна. Гэта значыць, хваля не паднялася, таму апазіцыі зноў давядзецца разгойдваць сітуацыю, каб народ усё ж паказаў сваю волю.

Ёсць і юрыдычны момант. Гуайдо, абвяшчаючы сябе прэзідэнтам, спасылаўся на артыкул 233 Канстытуцыі, у якім сказана, што ў выпадку немагчымасці выканання абавязкаў прэзідэнтам або адсутнічае ягоныя абавязкі выконвае старшыня Нацыянальнай асамблеі. Нацыянальная асамблея, дзякуючы высілкам Мадуры, выкінута далёка на перыферыю палітычнага жыцця. З моманту абвяшчэння часовага прэзідэнат даецца 30 дзён на арганізацыю новых выбараў. Па ідэі, зараз апазіцыя мусіць заняцца арганізацыяй выбараў, але як гэта зрабіць, калі ўся рэальная ўлада знаходзіцца ў руках Мадуры?

Апазіцыя таксама паставіла сябе ў складаную сітуацыю; трэба рабіць наступныя крокі, каб падтрымліваць у людзях  хаця б спадзяванні на перамены. Пакуль ніякіх крокаў з боку апазіцыі мы не бачым.

Якія яшчэ рычагі застаюцца ў руках Мадуры? Сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся з паўгода таму, паказвалі максімум 27% падтрымкі, зараз гэтая лічба, відавочна, ніжэй: эканамічная сітуацыя пагоршылася, інфляцыя ў свабодным палёце. Сярод народа ў яго падтрымкі мала.

Усе названыя фактары (слабасць, неактыўнасць апазіцыі, зніжэнне даверу да яе, вайсковая сіла ў руках Мадуры) робіць любы прагноз вельмі праблематычным.

“Лепш памаўчаць, чым гаварыць”

-Чаму Лукашэнка дагэтуль ніяк не пракаментаваў падзеі ў Венесуэле? Зусім нядаўна беларускі кіраўнік братаўся-абдымаўся з Чавесам, а затым з Мадурам, а цяпер маўчыць, бы вады ў рот набраўшы?

-Уга Чавэс быў зусім іншы чалавек, дый грошыкаў у яго было значна болей. У Лукашэнкі з Мадурам не склалася: Мадура не такі харызматычны чалавек, дый пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле паўплавала на стаўленне да падзеяў. Прадказаць развіццё падзеяў ніхто не возьмецца, таму адназначна кідацца на падтрымку Мадуры з беларускімі знешнепалітычнымі магчымасцямі – псаваць свой імідж.

Канешне, нельга крычаць у падтрымку Гуайдо, хаця можна было б і падтрымаць у надзеі стацца бенефіцыярамі ў выпадку змены ўлады: маўляў, мы падтрымалі дэмакратыю, што паляпшае наш імідж і нашае становішча ў Венесуэле. Напрыклад, вярнуць нашыя пазыкі Венесуэле, ці захаваныя актывы. Але ў любым выпадку варыянт падтрымкі Гуайдо непрымальны для Лукашэнкі.

Сапраўды ў гэтай сітуацыі лепш памаўчаць.

-Ці не звязана маўчанне Лукашэнкі з тым, што ён прымервае сітуацыю Мадуры на сябе? Нягледзячы на беларускую стабільнасць…

-Пратэсты недармаедаў у 2017 годзе паказалі, што народ можа выступіць у любы момант. Прагнозы рабіць ніхто не возьмецца; тое, што пратэсты адбудуцца – адназначна, але, можа быць, не ў такой блізкай перспектыве, як у Венесуэле.

Аляксандр Лукашэнка можа прымераць на сябе сітуацыю Мадуры, але не думаю, што ён сапраўды верыць, што народ выйдзе і патрабуе ягонага сыходу. І ці знойдзецца палітык, які захоча абвесціць сябе прэзідэнтам? Тым больш што ў Беларусі няма і законных падстаў. У Венесуэле парэшткі дэмакратыі дазволілі абраць апазіцыйны парламент, які праз Канстытуцыю мае права прэтэндаваць на вышэйшую пасаду ў краіне. У Беларусі такога няма, таму ў нас сітуацыя іншая. Таму адзінае, чаго мцсіць апасацца Лукашэнка, – вылічныя пратэсты і выбары, сваобдныя і справядлівыя. Паколькі ў краіне няма незалежнай сацыялогіі, то ніхто не ведае рэальных настрояў у грамадстве. А калі грамадства дапусціць да выбараў – хто яго ведае, як яно прагаласуе?

-Які лёс чакае беларускія актывы ў Венесуэле?

-Пры цяперашнім эканамічным стане Венесуэлы ўжо даўно можна было памахаць ручкай. Але ўсё рабілася і робіцца ўпотайкі – ніхто дакладна не ведае, якія актывы, якія пасівы мае Беларусь. Але дакладна можна казаць, што працягненне супрацы з рэжымам Мадуры – бесперспектыўнае. Рэжым нічога не робіць для выпраўлення сітуацыі, якая пагаршаецца ў геаметрычнай прагрэсіі: летась інфляцыя скалала 1.200.000%, сёлета прагназуецца – 10 мільёнаў. Адзіны інструмент, які знайшоў Мадура і ягоныя паплечнікі для ўплыву на сітуацыю, – гэта дэнамінацыя. У жніўні 2018 года праведзена дэнамінацыя: замест моцнага балівара ўведзены суверэнны балівар, – адзіны плюс якой палягае ў тым, што значна палягчэлі торбы, з якімі венесуэльцы хадзілі ў краму. Але з такімі тэмпамі інфляцыі дэнамінацыю трэба будзе праводзіць раз на месяц, потым – раз на тыдзень, а потым пераходзіць на долары, як у свой час у Зімбабвэ.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: