Гэткую жудасную гісторыю распавёў магілёвец Станіслаў – пры ўмове ананімнасці. Мужчына запэўнівае, што не пакіне справы, пакуль праваахоўнікі не трапяць за краты.

30 снежня 2017 года. Грамадскі пункт аховы правапарадку нумар восем Ленінскага РАУСу ў Магілёве. Паводле мясцовага жыхара Станіслава, тут двое ўчастковых інспектараў катавалі яго:

«Мяне збілі супрацоўнікі міліцыі вельмі моцна. Так, што я губляў прытомнасць некалькі разоў. І яшчэ згвалцілі гумовым дручком з прэзерватывам».

Сведкамі фіналу канфлікту былі жонка і маці Станіслава.

Жанчыны тэлефанавалі ва ўпраўленне ўнутраных справаў, спрабавалі ўмяшацца і выклікаць хуткую дапамогу. Безвынікова.

– Мы скантактаваліся з РАУС, яны скантактаваліся з апорным пунктам – вы ж там не знаходзіцеся?
– Я тут знаходжуся, у апорным пункце, майго сына збілі!
– Падыдзіце да міліцыянера.
– Яны не будуць выклікаць хуткую!
– Так не бывае, яны заўсёды выклікаюць.
– Яны самі яго збілі! Жанчына, калі ласка, выклічце хуткую!

Прычынаю гвалту, паводле Станіслава, стала ягоная біяграфія:

«У іх, хіба, негатыўнае стаўленне да тых, хто раней адбываў пакаранне. Гэта маё такое меркаванне».

28-гадовы мужчына не хавае, што правёў за кратамі шэсць гадоў паводле крымінальнага абвінавачання. Пасля ажаніўся, з’явілася сталая праца, нарадзілася дзіця. У апорны пункт, распавядае Станіслаў, прыйшоў сам – па прыватным пытанні. Напярэдадні выпіваў, але быў цвярозы, што пазней пацвердзіла экспертыза. На ганку, пакуль паліў, сустрэў міліцыянта.

Чытайце па тэме:  В больнице умер второй мальчик, на которого упала плита недостроенного дома в Могилеве

«Выбівае ў мяне папяросу. Пачынаецца патасоўка. Выскоквае другі. Пачалі мяне на ганку апорнага пункту нумар восем біць. Бачаць, што мінакі, зацягнулі ўнутр. Пачалі наносіць удары чым папала – рукамі, нагамі. Апранулі кайданкі. Пачаў мяне душыць», – кажа Станіслаў.

У выніку Станіслаў правёў у апорцы трое содняў, у тым ліку Навагоднюю ноч.

Па факце збіцця і згвалтавання Станіслаў напісаў заяву ў пракуратуру. Пасля справу перадалі ў Следчы камітэт. Аднак, ці пацвярджаецца факт катаванняў, нам не ўдалося даведацца.

«Я не магу ніякую інфармацыю вам сказаць, бо яна складае таямніцу следства. Таму, на жаль, нічым вам не магу дапамагчы», – кажа нам па тэлефоне следчы Ўпраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Уладзіслаў Каніла.

Правяранне вядзецца ўжо амаль два месяцы.

«Правяранне вельмі неабгрунтавана зацягваецца. Адная судова-медыцынская экспертыза праходзіла паўтара месяцы. Мы лічым, што выпадкі катаванняў павінны разглядацца ў першую чаргу. Правяранне павінна праводзіцца ў найкарацейшыя тэрміны. Судова-медыцынская экспертыза павінна праводзіцца ў найкарацейшыя тэрміны», – кажа Сяргей Усцінаў з арганізацыі «Праваабаронцы супраць катаванняў».

Адначасова з правяраннем па факце катаванняў распачатая справа супраць самога Станіслава – паводле крымінальнага артыкулу «Хуліганства».

Лола Бурыева, belsat.eu

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: