Падпалкоўнік запасу расейскага ГРУ Антон Маньшын трапіў у Елісавецінскі манастыр, што ў Навінках, як паломнік. Паколькі ён даваў інтэрв’ю сайту pravoslavie.ru, выступаў у расейскіх манастырах, то яго запрасілі і ў нядзельную школу Свята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. Але ў манастыры прызналі, што «гэта была памылка» і «непрыемная гісторыя».

Свята-Елісавецінскі манастыр у Навінках

 

У нядзелю падпалкоўнік запасу расейскага Галоўнага выведнага ўпраўлення Антон Маньшын, названы «воінам Хрыстовым Антоніем», казаў вернікам у менскім Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры пра «вайну за сьвятую Русь, без падзелу на Белую, Малую і Вялікую», і пра тое, што прысутныя мужчыны возьмуць у ёй удзел. Таксама Маньшын на сустрэчы з сотняй вернікаў казаў, што «прайшоў дзве вайны ў Чачні, удзельнічаў у падзеях на Данбасе, засвяціўся і ў Сырыі», расказваў пра «цуды божыя на вайне», паведамляе «Наша Ніва».

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін сказаў Свабодзе, што ведае пра неадназначны выступ расейскага падпалкоўніка, але цяпер ён на вакацыях за межамі Беларусі. Сяргей Лепін паабяцаў даслаць свой камэнтар па электроннай пошце ў панядзелак увечары.

«Гэта наша памылка»

Рэдактарка сайту Свята-Елісавецінскага манастыра інакіня Іаанна ня ведае, адкуль узяўся падпалкоўнік Маньшын, але выказала сваё стаўленне да выступу расейскага афіцэра:

«На жаль, гэта была наша памылка, што мы гэта арганізавалі. Але я, на жаль, ня ведаю, адкуль узяўся гэты падпалкоўнік. Гэта вельмі непрыемная гісторыя».

Чытайце па тэме:  Врача-психиатра из Витебска отправили на психиатрическую экспертизу

Іаанна параіла звярнуцца да манахіні Елізаветы, якая арганізавала сустрэчу з падпалкоўнікам у запасе Антонам Маньшыным.

Падпалкоўнік запасу расейскага ГРУ «дэфілюе па святых месцах»

Маці Елізавета сказала Свабодзе, што расейскі афіцэр Антон Маньшын трапіў у манастыр як паломнік:

«Інтэрвію з ім было на сайце pravoslavie.ru, выступаў ён у Наваспаскім манастыры. Мы яму таксама прапанавалі, каб ён выступіў з прамовай і ў нашай нядзельнай школцы. Выступ адбыўся. А пра змест ягонага выступу я гаварыць не хачу».

Маці Елізавета выбачылася і паклала слухаўку.

З інтэрвію «Малітва афіцэра», якое апублікавана на сайце pravoslavie.ru, вынікае, што паўтара года таму Антона Маньшына адправілі на пэнсію па інваліднасьці. На пытанне, як ён жыве, чым займаецца, падпалкоўнік запасу адказаў так:

«Ды як жыву… нават ня ведаю, што сказаць. Жалю вартая валтузьня па плоскасці збавення. Дом, царква, манастыры, святыя месцы — дэфілюю па такой плоскасці. Багалюбаўскі манастыр Андрэя Бароўскага. І Опціна пустынь… Яшчэ манастыр Савы Старажэўскага — ён побач з намі знаходзіцца. Ну і мой храм Пакрова Божай Маці».

Цяпер геаграфія «дэфіле» расейскага падпалкоўніка Антона Маньшына пашырылася — ён даехаў да Беларусі.

Анціпенка: «Месца прапагандыстаў — на дзяржаўным тэлебачанні»

Алесь Анціпенка

 

Філёзаф Алесь Анціпенка з нагоды гэтага інцыдэнту выказаў меркаванне, што такія ваяўнічыя прапаведнікі, як Антон Маньшын, разбураюць і саму царкву, і давер да яе:

Чытайце па тэме:  Четыре месяца в "Новинках". Александру Лапицкому могут отменить принудительное лечение

«Я хацеў бы ўзгадаць цытату з Эвангелля, якая ў дадзеным выпадку вельмі важная. Як заснавальнік гэтай царквы Ісус Хрыстос ставіўся да тых, хто святыню ператварае ў месца гандлю, прапаганды нейкіх незразумелых каштоўнасцяў, самарэклямы і гэтак далей. Гэта цытата з Дабравесця паводле Яна:

„І знайшоў у святыні тых, хто гандляваў валамі, і авечкамі, і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. І зрабіў Ён біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў“.

Царква — дом Божы. І, безумоўна, гэты свет і той свет, які паказвае нам царква — яны не стасуюцца. Месца гандляроў — на Камароўцы, месца прапагандыстаў — на дзяржаўным тэлебачанні і радыё.

Царква — гэта святое і вельмі ўтульнае месца для вернікаў. Гэта ня месца, дзе распальваюцца жарсці, гэта ня месца, дзе ёсць нейкая ваяўнічасць, гэта ня месца, дзе з’яўляюцца нейкія дзіўныя людзі, якіх называюць „ваіцелямі Хрыста“. Хрыстос, які казаў сваім вернікам: „Калі вас ударылі па адной шчацэ, падстаўце другую“, ніколі не заклікаў ні да якіх войнаў вернікаў. Калі адзін з ягоных вучняў выцягнуў меч і ўдарыў раба першасьвятара і адсек вуха, Хрыстос загадаў яму схаваць меч у ножны. Царква — зусім іншае месца. І калі прыяжджаюць нейкія дзіўныя прапаведнікі і распавядаюць нам яшчэ больш дзіўныя ваяўнічыя рэчы, якія насамрэч разбураюць і царкву, і давер да яе, гэта проста непрымальна».

Чытайце па тэме:  У Навінках усталявалі помнік псыхіятрычным пацыентам, знішчаным нацыстамі

Матрунчык: «Царкве трэба быць больш абачлівай, дасведчанай і асцярожнай»

Мікола Матрунчык

 

Старшыня Брацтва святых віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык перакананы, што царква не павінна быць прапагандысцкай пляцоўкай:

«Безумоўна, гэта недарэчнасць — запрасіць такую адыёзную фігуру ў царкву, тым больш выступаць у нядзельнай школцы, куды вернікі прыходзяць з дзецьмі. Трэба, каб у царкве сурʼёзна працаваў аддзел па сувязях з грамадзкасцю, каб там былі прафэсійныя і абазнаныя людзі — хто прыяжджае, з якімі выступамі, якія каштоўнасці прасоўвае. Царква не павінна быць прапагандысцкай пляцоўкай, дзе расейскі вайсковец дзеліцца сваім сумнеўным доследам баявых дзеянняў, прасоўвае ідэі „русского мира“.

Канечне, царкве трэба быць больш абачлівай, дасведчанай і асцярожнай, калі запрашаць нейкага статуснага чалавека для выступу. Тым больш ён сам прадстаўляецца такім абазнаным у нюансах гэтых усіх ваенных канфліктаў. Трэба ўзгадняць з прафэсіяналамі ў такіх пытаньнях у царкоўных структурах».

Іна Студзінская, Радыё Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.