Індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Глушцоў, чый дрон знік падчас святочнага мітынга-канцэрту ля Опернага тэатру 25 сакавіка, яшчэ ў панядзелак напісаў заяву ў міліцыю наконт страты сваёй маёмасці. Учора, 30 сакавіка, калі прадпрымальнік зноў звярнуўся да праваахоўнікаў, тыя адказалі, што ягонай заявы нідзе няма, а сам ён можа быць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці нібыта за парушэнне правілаў выкарыстання дронаў.

Раздрукаваныя кадры відэатрансляцыі, якія Сяргей Глушцоў далучыў да сваёй заявы ў міліцыю. Чорная антэна – гэта, імаверна, той самы перадатчык, які перахапіў дрон

 

ІП Сяргей Глушцоў здымаў «Свята незалежнасці» паводле дамоўленасці з арганізатарамі мерапрыемства, у прыватнасці з Эдуардам Пальчысам і Антонам Матолькам. Прадпрымальнік загадзя спраўдзіў, што Оперны тэатр не ўваходзіць у беспалётныя зоны і што сілавікі нібыта не маюць нічога супраць выкарыстання квадракоптэраў. Інфармацыю па ўсіх дронах меў Антон Матолька, ён мусіў зладзіць і каардынацыйную нараду ўсіх аператараў беспілотнікаў з удзелам сілавікоў, каб не ўзнікла канфліктаў.

«Але агульнай сустрэчы ў выніку не адбылося. Матолька проста сказаў мне, што ёсць прадстаўнік сілавых структураў – падыдзі да яго і ўсё абмяркуй. Я, шчыра кажучы, не правяраў у сілавіка дакументы. Я паказаў пашпарт і ён мяне запісаў. Я падрабязна распавёў, адкуль буду ўзлятаць і куды – ён паглядзеў і ўсё ўхваліў», – кажа Сяргей у інтэрв’ю belsat.eu.

“Свята незалежнасці” 25 сакавіка. Фота – Вячаслаў Радзіміч

 

Пры гэтым сам квадракоптэр быў абсталяваны дадатковымі прыладамі бяспекі: пластыкавымі бамперамі на ўсіх прапелерах і падоўжанымі мяккімі ножкамі. У выпадку, калі б машына страціла кіраванне і ў яе разрадзіўся акумулятар, то апарат проста павольна знізіўся б да зямлі, не нашкодзіўшы нікому. На дроне таксама былі пазначаны асабістыя дадзеныя Сяргея, нумар рэгістрацыі яго ІП і мабільны тэлефон, каб у выпадку страты беспілотніку з ім маглі адразу звязацца.

Па словах Сяргея, ён паспеў двойчы запусціць дрон. Падчас запуску прыкладна ў 12.30 тэхніка паказала, што побач прысутнічае моцная электрамагнітная інтэрферэнцыя, а калі квадракоптэр падняўся да ўзроўню 20-25 метраў, то па незразумелай прычыне не атрымалася разгарнуць камеру ў бок Опернага тэатру (нагадаем, менавіта на даху тэатру дзяжурылі сілавікі). Прадпрымальнік не надаў гэтаму вялікага значэння і без праблемаў пасадзіў апарат.

Другі запуск дрону адбыўся каля 15.00. Квадракоптэр даляцеў да сцэны, але на вышыні 20-25 метраў сувязь з ім імгненна абарвалася, а карцінка на экране выключылася. Ад сцэны беспілотнік паляцеў у бок Опернага на ўзроўні 2-3 метраў вышэй за дах, пакуль не знік з вачэй Сяргея.

«Прычына мне была не зразумелая. Удару ў спіну ад сілавых структур я ніяк не чакаў, – распавядае Сяргей, – Мне афіцыйна дазволілі лётаць, а тут перахоп – і менавіта перахоп кіравання. То бок дрон не блукаў, ён роўна паляцеў у бок даху Опернага тэатру. Гэта сведчыць пра тое, што калі ён падняўся на пэўную вышыню, яму ўбілі ў «мазгі» новыя параметры – куды і на якой вышыні ляцець. Што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбна радыёсувязь тыпу вай-фай – магутны перадатчык, які заглушыць сувязь кантролера з дронам. Але такія перадатчыкі забароненыя заканадаўствам для прыватнага выкарыстання – магутнасць выпраменьвання вай-фай у нас рэгламентаваная».

Перадатчык, з пункту гледжання Сяргея, працаваў з даху Опернага тэатру і пры гэтым толькі на пэўнай вышыні. На раздрукоўках з відэатрансляцыі, якія прадпрымальнік пазней прыкладзе да сваёй заявы ў міліцыю, добра бачная чорная антэна на краі даху – імаверна, яна і выпраменьвала гэты сігнал.

«Чым мы вам можам дапамагчы? Гэта не ў нашай кампетэнцыі»

«Я пайшоў на КПП да супрацоўнікаў міліцыі і спытаўся, ці пралятаў над імі квадракоптэр. Супрацоўнікі адназначна заявілі: нічога не пралятала. Міліцыянты запыталі па рацыі начальніка, але ім адказалі – гэта не вашае пытанне, займайцеся сваімі справамі, калі нарад знойдзе – паведамім. Так я нічога і не дамогся ў той дзень», – узгадвае Сяргей.

Як потым даведаўся прадпрымальнік, у тэматычных чатах яшчэ перад канцэртам была інфармацыя, што дроны будуць збіваць, таму некаторыя ўладальнікі квадракоптэраў у апошні момант адмовіліся ад здымак.

«Але мне было незразумела, навошта збіваць дрон пасля афіцыйнай рэгістрацыі. Калі нешта не так, то можна было проста сказаць, каб я не ўзлятаў», – адзначае Сяргей.

На наступны дзень Глушцоў прыйшоў у Цэнтральнае РУУС, каб напісаць заяву пра страту свайго беспілотніку.

«У міліцыі выслухалі мае тлумачэнні і адразу сказалі: «Ну вы ж самі ўсё разумееце, вы разумееце, куды паляцеў дрон. Чым мы вам можам дапамагчы? Гэта не ў нашай кампетэнцыі». Я ніколі не сутыкаўся з праваахоўнымі органамі і быў не гатовы да такога адказу. Гаворка ідзе пра маю маёмасць, дрон каштуе 3 тысячы рублёў. Што, значыць, ісці шукаць самому?» – распавядае ён.

Сяргей настаяў, каб у яго прынялі заяву з просьбай адшукаць дрон, які зляцеў у невядомым напрамку. У пятніцу прадпрымальнік зноў прыйшоў у РУУС, каб даведацца, як прасоўваецца пошук яго маёмасці. Аднак рэакцыя міліцыянтаў была для яго нечаканай:

«У адказ мне паведамілі, што маёй заявы ў іх няма, яе няма ў базе. Я быў шакаваны. Я ж афіцыйна напісаў заяву ў РУУС. Сталі шукаць. Я нават апісаў прыкметы супрацоўніцы, якая ў мяне брала заяву. Я вырашыў заявіць паўторна – цяпер ужо аб крадзяжы. Гэта новы для мяне досвед. Я думаў, што міліцыі можна давяраць на 100 адсоткаў. Але сітуацыя апошніх дзён паказала, што трэба ўсё запісваць, усе канспектаваць, а лепш за ўсё трымаць пры сабе парачку сведак».

Сяргей Глушцоў прабыў у міліцыі некалькі гадзінаў. Першую заяву ўсё ж такі знайшлі і яму паведамілі, што вышуковыя мерапрыемствы вядуцца. Аднак пры гэтым заявілі, што і ў дачыненні да яго будзе праведзена праверка, бо нібыта «існуе верагоднасць незаконнага ўзлёту». На аўторак, 3 красавіка, Сяргея Глушцова выклікаюць у міліцыю.

Квадракоптэр мадэлі Phantom 4

 

Варта адзначыць, што аэравідэаздымкаю Сяргей Глушцоў зарабляе на жыццё – гэта асноўны від яго дзейнасці як ІП. Таму без дрону ён фактычна пазбаўлены магчымасці працаваць.

«Я не ведаю, можа сапраўды былі ўведзеныя нейкія абмежаванні, а я быў не ў курсе. Я лічыў, што нічога не парушаю, але можа быць памыліўся ў нечым. Але з іншага боку, калі дрон захапілі не гангстары, то досыць прачытаць на ім мой тэлефон, патэлефанаваць і паведаміць, што будзе праведзена адміністрацыйная праверка і пасля завяршэння вас выклічуць. Тады б не было пытанняў», – разважае Сяргей.

Антон Матолька: «Пра сапраўдныя мэты варта пытацца ў сілавікоў»

Антон Матолька. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

 

Belsat.eu звярнуўся па каментар да аднаго з арганізатараў канцэрту Антона Матолькі. Яшчэ раней ён напісаў у фэйсбуку, што да пачатку свята да яго падышоў «супрацоўнік сілавых структураў у цывільным» і пацікавіўся дронамі. Матолька кажа, што пакінуў яму ўсе свае дадзеныя, а той, у сваю чаргу, паказаў пасведчанне. Праўда, ні прозвішча, ні структуру, да якой ён належыць, Матолька «не запомніў».

Актывіст сцвярджае, што да імпрэзы з нагоды запуску беспілотнікаў з ім і астатнімі арганізатарамі ніхто з сілавікоў не кантактаваў. Па заканчэнні – аналагічна.

«Ніякіх неафіцыйных кантактаў не было, хаця я вельмі спадзяваўся, што хтосьці звяжацца. Але гэты сілавік мае ўсе мае дадзеныя, таму ў любы момант можа можа са мной звязацца і патлумачыць сітуацыю. Я хачу верыць, што дроны сагналі ў мэтах бяспекі, але паверу, толькі калі іх вернуць уладальнікам», – сказаў Матолька.

Але што маецца на ўвазе пад «бяспекай»?

«Калі над абмежаванай пляцоўкай лятаюць два і больш беспілотнікі, магчыма сутыкненне, а паколькі адзінага цэнтру каардынацыі ў аператараў не было, дроны маглі апынуцца на адной вышыні, сутыкнуцца, і былі б наступствы для людзей».

Версія, што беспілотнікі сагналі, каб яны не зафіксавалі карцінку натоўпу ля Опернага, падаецца Матольку непераканаўчай. «Пра сапраўдныя мэты варта пытацца ў сілавікоў», – дадае ён.

Антон Матолька таксама сцвярджае: сілавікі нібыта загадзя не ведалі пра запуск дронаў, а потым убачылі, як дрон прызямляецца на пляцоўцы па-за канцэртнай сцэнай. І толькі пасля гэтага той самы «супрацоўнік у цывільным» падышоў да арганізатараў.

***

Раней паведамлялася, што падчас канцэрту каля Опернага тэатру знікла некалькі дронаў, з дапамогай якіх медыі (у тым ліку «Белсат») і прыватныя асобы вялі трансляцыю і запіс святочнага мерапрыемства. Эксперты выказвалі меркаванні, што перахапіць беспілотнікі маглі беларускія спецслужбы пры дапамозе комплексаў – «Навальніца-С» і «Навальніца-Р», распрацаваных беларускім канструктарскім бюро «Радар». «Навальніца-Р» дазваляе назіраць за эфірам і выяўляць каналы радыёсувязі беспілотных авіяцыйных комплексаў. Аператары «Навальніцы-С» могуць умешвацца ў працу і цалкам пераймаць кантроль над ім.

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева, belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: