Ужо проста не павярнуцца, каб на якую-небудзь падлянку не наткнуцца…

Уладзімір Някляеў, фота Сяргея Шапрана

 

Як толькі збяруся адпачыць – так садзяць. Ужо колькі разоў. Ад 2010 года. Гэтым разам як бы й не было за што. Але штука ў тым, што ў нашай краіне і ні за што садзяць. Прычым значна часцей, чым за нешта.

У аэрапорце памежніца зірнула ў пашпарт – і адразу выклікала начальства. Значыць, чакалі. Затрымалі. “Па якой прычыне?..” – “З гэтым да міліцыі”.

Перадалі міліцыянтам. Тыя пацягнулі ў пастарунак. “За што?..” – “З гэтым да памежнікаў”. І тэлефануюць у “Белавія”, каб знялі з самалёта багаж. А Вользе (жонцы маёй), якая прайшла пашпартны кантроль і не разумее, дзе я падзеўся, патэлефанаваць не дазваляюць.

Тады я выбухнуў. Амаль (што раблю рэдка, калі толькі да пячонкі дастаюць) забуяніў. Пасля аказалася, што Вольга таксама забуяніла. Зразумеўшы (з яе досведам гэта не цяжка), па якой прычыне мяне няма, пачала прагінаць і трэсці памежнікаў: “За што вы затрымалі майго мужа?!.” Тыя прагнуліся, сказалі, што гэта не яны. “У нас на вашага мужа нічога няма”. А я ад міліцыянтаў таго ж дамогся. “У нас на вас нічога?”

Час ідзе, на самалёт пачынаецца пасадка. Я бачу, што міліцыянты чакаюць нейкага загаду, каманды, а каманды няма. І што са мной рабіць, яны не ведюць. Затрымаць затрымалі, а далей?.. У іх узнік момант няўпэўненасці – і я ламануўся дзверы: “Калі ў вас нічога, я пайшоў”. Адзін міліцыянт за мной – я яму: “Вядзі да пагранцоў!” Ён павёў, а пагранцы ў сябе замкнуліся. Міліцыянт з пісталетам, я раз’юшана крычу яму: “Страляй у замок!” Ён ад мяне адскочыў, зінуў, як на вар’ята, і рвануў у сваю мянтоўку. Тут дзверы ў памежнікаў адчыняюцца, афіцэр высоўваецца. Я ў твар яму во ўсё горла (бо ведаю, што Вользе зноў нервы парвуць, а ёй гэтага ўжо хапіла): “Што ў вас на мяне?!.”

Аказалася, нічога. Яшчэ адзін памежнік падышоў, патэлефанаваў некаму… Паслухаў нешта ў адказ і павёў мяне на памежны кантроль.

Вольга буяніла і трымала самалёт да апошняга. У самалёце яе калаціла – ледзьве супакоіў.

Вось якую пасаду трэба мець, каб аддаць загад памежнікам, міліцыянтам?.. І што гэта было, калі не падлянка?..

Свалата.

Уладзімір Някляеў


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.