У навагоднюю ноч студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з Туркменістана зладзілі дэбош, паведамляе Еўрарадыё.

Інтэрнат №5, дзе адбылася бойка. Фота: habartm.org

 

Іх паводзіны разбіралі 3 студзеня на сходзе з удзелам дэкана па працы з замежнымі студэнтамі Наталлі Скрыбы. Яна распавяла, што туркменскія студэнты падзяліліся на дзве групы і ўступілі ў бойку з выкарыстаннем бітаў. Таксама яны ўзрывалі петарды на тэрыторыі інтэрната. Міліцыянты, якія прыехалі, сітуацыю не выправілі — п’яныя туркмены пачалі кідаць петарды і ў іх.

Аўдыёзапіс з гэтага сходу трапіў у рэдакцыю партала “Альтэрнатыўныя навіны Туркменістана”.

“Думаў, вайна пачалася”, — прывёў падчас сходу словы калегі намеснік дэкана факультэта права Яўген Астапаў.

Прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэту Сяргей Скрыба заклікаў студэнтаў да адказнасці.

“Я не ведаю, чым скончацца два выпадкі: адзін выпадак — бойка, другі — кінутая [у людзей] пры службовым выкананні петарда — яны былі з аўтаматамі. Магло адбыцца ўсё, што заўгодна, — заявіў Скрыба. — Мы ўсе хочам, каб усе вы паехалі з добрай рэпутацыяй”.

Намеснік дэкана па працы з замежнымі навучэнцамі Алена Каляда сказала, што ніводнаму беларусу і ў галаву не прыйшло б кідаць петарды з вокнаў:

“Да гэтага маглі дадумацца толькі вы [туркмены]… Кідаць петарды [з акна] — гэта кажа аб вашых разумовых здольнасцях”.

Наталля Скрыба: “Хто прыйшоў не зусім у нармальным стане, трэба разумець — дайсці да [свайго] пакоя і легчы [спаць]. Праз некалькіх парушальнікаў уражанне складаецца аб усёй нацыі ў цэлым”.

Прадстаўнікі адміністрацыі навучальнай установы кажуць, што не аднойчы бывалі ў Туркменістане, мелі зносіны з рознымі людзьмі, у тым ліку і з бацькамі студэнтаў, але там назіралі зусім іншую ментальнасць.

“Які сабака вас кусае, калі вы сюды прыязджаеце?! Чаму вы мяняецеся дыяметральна процілегла?! Там вы іншыя, а тут вы… Што адбываецца? Воля? Свабода? Яшчэ нешта? Да кожнага з вас міліцыянта ці выхавацеля не прыставіш”, — дадаў Яўген Астапаў.

Па дадзеных супрацоўнікаў БДЭУ, туркменскія навучэнцы парушаюць распарадак інтэрната не толькі падчас святаў, але і ў звычайныя дні: у пакоях, дзе пражываюць туркмены, брудна, з вокнаў на вуліцу ляцяць пакеты з-пад малака і іншае смецце. Акрамя таго, студэнты з гэтай краіны часта паляць кальяны ў інтэрнаце.

Адміністрацыя вымушаная сяліць студэнтаў з Туркменістана толькі разам: папярэдні досвед паказаў, што яны не ўжываюцца з іншымі замежнікамі. Праблемай у 2013-м занепакоіўся нават Аляксандр Лукашэнка, які прапанаваў пабудаваць для студэнтаў з Туркменістана “востраў” з гатэлямі і інтэрнатамі.

У беларускіх ВНУ вучацца 7749 студэнтаў з Туркменістана, каля 300 з іх — у БДЭУ. Беларускія навучальныя ўстановы ахвотна бяруць іх, таму што вучацца яны платна. У Туркменістане ж беларуская адукацыя лічыцца еўрапейскай і недарагой, паведамляе тэлеканал “Белсат”.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: