Скуль у Менску, дзе ніякага мора, вуліца Марская ды яшчэ Вялікая?

Уладзімір Някляеў, фота: Сяргея Шапрана

 

На ёй, Вялікай Марской, жыў паэт Валеры Маракоў. На месцы дома №4/7, у якім 3-га лістапада 1936 года яго арыштавалі, цяпер стаіць дом, у якім жыву я.

Маракова пасадзілі ва ўнутраную турму НКВД, у сутарэннях якой у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. расстралялі. Магчыма, на расстрэл яго павялі з той камеры, у якую ў снежні 2010-га пасадзілі мяне.

Паўзе па шкле, што раптам пачарнела,
начны павук.
На кожны рып напружваецца цела,
на кожны грук.

І замірае камера ў здранцвенні
на ўскрык нямы…
Тут некалі стралялі ў сутарэнні
такіх, як мы.

Калі думаеш пра такое, гісторыя не падаецца кніжнай. Зусім не далёкай – блізкай. Жывой. І балючай, як апёк.

Вуліца Вялікая Марская, цяперашняя Вялікаморская, названая не ў гонар Валеры Маракова. Але нішто мне не замінае думаць, што я жыву на вуліцы ягонага імя.
Некалі так і будзе.

Валеры Маракоў
АДЫШОЎШЫМ

На вашых магілах мы справім вяселле
І душы зальём старадаўнім віном.
Успомнім,
Як дні нашы ў нетры ляцелі,
Каб больш не вярнуцца ніколі ізноў.

Мы ў майскія ночы паплачам над вамі,
Раскажам вам вашы
Пачуцці
І сны,
Як сэрца квітнее зарой і агнямі,
Як граюць жаданні на струнах вясны.

А ў доўгія ночы зімовых ігрышчаў,
Пад дальнія скрыпкі начных палазоў
Раскажам,
Як вецер бязлітасна свішча,
Цярушачы ў полі змярцвелы свой боль…

Там хвойка упала з надломаным крыкам.
Там свежай крывёй пралілася зара.
На захад узняў хтось марозныя пікі
І кліча у бойку узбураны край.

Мы вучымся жыць.
Мы ствараем законы.
Мы марым аб дальняй нязнанай красе.
У бойку ідзём,
Паміраем з праклёнам,
І смерць нам вянкі на магілы нясе.

А можа быць, такжа
Праз слоту нядолі
Мы пойдзем,
Памром
І не вернемся зноў.
Хтось будзе на нашых магілах вясной
Спяваць з захапленнем пра шчасце
І волю!
1930 г.

Уладзімір Някляеў


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.