Служба бяспекі Ўкраіны заявіла пра выкрыццё чарговай спробы спэцыяльных службаў Беларусі завэрбаваць грамадзян Украіны, жыхароў памежных тэрыторый, для выведніцкай дзейнасці.

КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

 

Украінскія праваахоўнікі ўстанавілі, што жыхар аднаго з памежных населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласці пэрыядычна выяжджаў у Беларусь, каб наведаць сваякоў.

«Падчас чарговай паездкі ўкраінец быў затрыманы праваахоўнымі органамі гэтай краіны за нібыта парушэнне правілаў гандлю. Пры гэтым прадстаўнікі КДБ Беларусі, пагражаючы крымінальным пераследам, патрабавалі ад мужчыны перадаваць інфармацыю аб вайсковых аб’ектах, размешчаных на прымежнай тэрыторыі. Атрыманыя звесткі неабходна было перадаваць прадстаўніку беларускай спэцслужбы падчас выездаў у Беларусь», — паведамілі ў прэсавым цэнтры СБУ.

Па вяртанні дадому грамадзянін Украіны звярнуўся да СБУ і паведаміў абставіны ягонай вярбоўкі і пастаўленых перад ім задач.

«Згодна з артыкулам 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, дзяржаўная здрада караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 15 гадоў. Улічваючы той факт, што грамадзянін Украіны ня выканаў злачынных заданняў замежных спэцслужбаў і добраахвотна заявіў праваахоўнікам пра сваю сувязь з імі, суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасці», — адзначылі ў СБУ.

Сёлета ў студзені адбыўся аналягічны выпадак з яшчэ адным жыхаром Чарнігаўскай вобласці: украінец пасля 11 гадоў пражывання ў Беларусі і вяртання ва Ўкраіну прыйшоў ва ўпраўленне Службы бяспекі Ўкраіны Чарнігаўскай вобласці з прызнаннем аб вэрбаванні Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі і таксама быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

«Гэта ня першы і нават не другі выпадак. Такія факты мы фіксуем амаль сыстэматычна», — падкрэслілі ў прэсавым цэнтры Службы бяспекі Ўкраіны.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: