4 кастрычніка камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне адабраць у 42-гадовай гамяльчанкі Алены Мікуліч 4-гадовую Кацю і 16-гадовага Рамана. У жанчыны запазычанасць па камунальным плацяжам – 2 тыс. рублёў (палова сумы – пеня).

На цяперашні момант Алена Мікуліч актыўна шукае працу. Адсутнасць працы – адна з прэтэнзіяў да жанчыны з боку ўладаў

 

Алена Мікуліч з мужам прыехалі ў Гомель з Казахстана ў 1992-м. 8 гадоў маладая сям’я з чатырма дзецьмі жылі ў свякрові ў адным пакоі. Раптоўна ад анкалогіі памёр муж Алены – Вадзім. Два гады таму самотная шматдзетная маці атрымала сацыяльную чатырохпакаёвую кватэру ў раёне Сяльмаш.

Гэта ўжо не першая спроба адабраць дзяцей у Алены. Паводле жанчыны, летась напрыканцы зімы ў дачыненні да яе склалі адміністрацыйны пратакол за тое, што яна позна ўвечары вярталася з гасцей дадому і, нібыта, неадэкватна сябе паводзіла. Адразу пасля складання пратаколу ў Алены забралі дзяцей. Камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне адабраць дзяцей, але суд стаў на бок маці і рашэннем суду праз 3 месяцы дзяцей вярнулі.

У той час, як у спадарыні Алены адбіраюць дзяцей, яе старэйшы сын служыць у войску

 

4 месяцы сям’я пражыла спакойна, Алена працавала на прадпрыемстве «Спецкамунтранс».

«Графік быў тры дні працуем – тры дні адпачываем, я прасіла памяняць мне графік, бо ў мяне не атрымлівалася забіраць з садка дачку, – кажа Алена Мікуліч. – Пачала выкручвацца, браць на свой рахунак, калі хварэла дачка – ішла на бальнічны. Прасіла Марыну Асадчую (намесніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Чыгуначнага раёну – аўт.) паспрыяць, каб мне памянялі графік – я ж адная з дзецьмі, мне няма каму дапамагчы.

У снежні 2016 года нас зноў пачала тэрарызаваць адміністрацыя дзіцячага садку № 28, куды ходзіць мая дачка. Псіхолаг Крысціна Шмідт у садку папярэдзіла, каб я не здзіўлялася, калі аднойчы прыйду ў садок і не знайду свайго дзіцяці там.

У мяне ўжо не вытрымлівалі нервы, я пачала з адміністрацыяй садка скандаліць. Ну, увайдзіце ў мой стан – я толькі дзяцей па суду забрала, толькі мы супакоіліся, пачалі нармальна, спакойна жыць – тут ізноў нас пачалі пераследаваць. Што будзе чалавек рабіць? Ён пачне хавацца.Мы пачалі хавацца, былі ў Менску ў сваякоў, хаваліся, у сяброўкі тут, у вёсцы хавалася прыкладна месяц, потым вярнуліся дадому».

Пракаментаваць «Белсату» сітуацыю Крысціна Шмідт адмовілася.

Шматдзетная маці просіць дапамогі

Працу Алена згубіла, жыве сям’я за пенсію сына па страце кармільца. Жанчына перабіваецца выпадковымі заробкамі, зрэдку біялагічны бацька дачкі Каці і старэйшая дачка Алены даюць грошы. Ужо некалькі месяцаў яна стаіць на біржы і актыўна шукае працу самастойна – але беспаспяхова.

Шматдзетная маці ў роспачы і просіць добрых і неабыякавых людзей дапамагчы аплаціць пазыку, каб мець шанец адстаяць сваіх дзяцей у судзе.

Грошы можна пералічыць на мабільны тэлефон +375259520213.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі дзяржава спрабуе забраць дзяцей праз запазычанасці па аплаце камунальных паслугаў. Гэтак у верасні толькі дзякуючы дапамозе гледачоў “Белсату” ўдалося адстаяць дзяцей, якіх спрабавлаі забраць з сям’і ў Дзяржынску.

Дапамагаць юрыдычна Алене Мікуліч узяўся праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Алесь Яўсеенка.

«Я параіў ёй сабраць усе даведкі, якія яе станоўча характарызуюць. Няхай суседзі пацвердзяць, што сям’я Мікулічаў не выклікае нараканняў. Трэба ўзяць даведку з ліцэю ў вёсцы Прыбар, што адміністрацыя гэтай навучальнай установы не мае прэтэнзіяў да маці», – кажа праваабаронца.

У той час, як у спадарыні Алены адбіраюць дзяцей, яе старэйшы сын служыць у войску.

«Магчыма, ваенкамат можа ў гэтай сітуацыі дапамагчы матэрыяльна або іншым чынам: відавочна, што жанчына трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, баіцца за сваіх дзяцей, траўмаваная першым адабраннем, – дадае Алесь Яўсеенка. – Замест адбірання дзяцей чыноўнікам варта падумаць як дапамагчы шматдзетнай маці».

Тэкст і фота – Ганна Кавальчук, belsat.eu


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.