27 чэрвеня ў Віцебску ўрачыста адкрылі помнік вялікаму князю Альгерду, у гонар якога ў Маскве названая Паклонная гара.

algerd1
Як паведамляюць Народныя навіны Віцебска, адбылася гэтая падзея пад час святкавання 1040-годдзя Віцебска. На адкрыццё помніка прыехаў яго аўтар — мінскі скульптар Сяргей Бандарэнка. Таксама прысутнічалі дырэктар ААТ “Тэхналіт-Полацк” Леанід Пятроў, старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін і, напэўна, у першыню на святкаванне Дня горада прыйшоў губернатар Аляксандр Косінец.

Урачыстасць пачалася з харэаграфічнай мініяцюры, следам за якой прайшло тэатралізаванае шэсце з коннымі князем і княгіняй ў суправаджэнні невялікага атрада пешых воінаў.

Спыніўшыся паміж Уваскрасенскай царквой і помнікам князь пад фанаграму сказаў прамову на стылізаванай пад стараславянскую мове. Сутнасць прамовы зводзілася да заснавання на Дзвіне замкаў з каменнымі вежамі.

Пасля гэтага белае пакрывала са скульптуры знялі яе аўтар Сяргей Бандарэнка, разам з Віктарам Нікалайкіным і Аляксандрам Косінцам.
algerd2

algerd3

algerd4

algerd5

algerd6

algerd7
З’яўленне ў Віцебску помніка князю Альгерду і ўвогуле першай коннай скульптуры гараджанамі ўспрынята з энтузіязмам. На цырымонію адкрыцця сабралося шмат народу, многія з прыйшоўшых ў свой час падпісвалі петыцыю з падтрымкай усталявання гэтага помніка ў абласным цэнтры.

Помнік князю Альгерду ў Віцебску, які быў усталяваны 24 чэрвеня, з’яўляецца чацвёртай коннай скульптурай і першым помнікам кіраўніку Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Беларусі.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў у Віцебск на адкрыццё помніка вялікаму князю Альгерду прыехаць не змог.

«Даведаўшыся гэтую навіну, я падумаў: «Нарэшце! Нарэшце мы маем годны помнік аднаму з самых славутых уладароў дзяржавы нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага. Гэты вялікі князь паказаў сябе і дальнабачным палітыкам, і выбітным палкаводцам. За часы яго ўладарання наша дзяржава больш як у два разы павялічыла сваю тэрыторыю і значна ўмацавала свой аўтарытэт у Еўропе. На час Альгердавага ўладарання прыпаў пік нападаў Тэўтонскага ордэна, які імкнуўся адрэзаць нашу дзяржаву ад Балтыкі. Альгерд адбіў шэсць нападаў нямецкіх рыцараў. Разам з тым на поўдні ў 1362 годзе на Сініх водах разграміў ардынцаў. І гэта была першая ва Усходняй Еўропе буйная перамога над татарамі, у выніку якой былі вызваленыя ад прыгнёту і далучаны да ВКЛ украінскія землі — Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская землі і Падолле. Баронячы суверэнітэт дзяржавы па іншых напрамках, Альгерд здзейсніў паспяховы паход на Польшчу і тры паспяховыя экспедыцыі на Маскву. Дарэчы, памятка пра тыя падзеі — гэта Паклонная гара ў Маскве: якраз туды маскоўскія баяры прыходзілі на паклон да Альгерда з выкупам…», – адзначыў Уладзімір Арлоў у інтэрв’ю Радыё Свабода.

Крыніца: Беларуская праўда, фота Сержука Серабро, Народныя навіны Віцебска

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...