Прэзентацыя кнігі пройдзе 29 снежня а 19.00 у кавярні «Грай» у Мінску.

Уладзімір і Вольга Някляевы, фота з асабістага архіву паэта

 

Віншую беларусаў, каталікоў і праваслаўных, з каляднымі і навагоднімі святамі!

Дзякую Богу, які зрабіў на святы падарунак. Нарэшце, адолеўшы тры мяжы, польскую, літоўскую і беларускую, на якой затрымаліся, дайшлі да Беларусі «Знічы кахання». Кніга, якая наскрозь – пра каханне: Божае і чалавечае.

Прэзентацыя кнігі 29 снежня а 19.00 у кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Апроч «Знічоў кахання», будзе яшчэ гурт «Astrouna» з каляднымі песнямі.

Будуць кнігі з ілюстрацыямі бліскучага беларускага графіка Уладзіміра Вішнеўскага (з аўтографамі).

Дызайн кнігі – мастак Кастусь Вашчанка, укладанне – Таццяна Процька.

Прыходзьце, разам сустрэнем надыход Новага году. А пакуль – адзін верш і адна паэма з кнігі «Знічы кахання» (відэазапіс з канцэрта Зьміцер Вайцюшкевіч, Todar «Зорка Дзіва»).

Каляднага прагляду, яшчэ раз са святамі!

АЛІВА
Вользе

Ён моўчкі крочыў берагам марскім.
Ягоныя сляды змывалі хвалі
І адбягалі… Потым цалавалі
Сляды жанчыны, што ішла за ім.

Ён не глядзеў, ці йдзе? Ён шлях пачаў
І доўжыў так, нібыта йшоў да мэты,
Якой ніхто не ведаў, апрача
Яго самога і жанчыны гэтай.

За імі шлях не рассыпаўся ў прах,
Бо самі йшлі яны, куды хацелі,
І разам з імі па сваіх шляхах
Звяры і птушкі беглі і ляцелі.

Днём грэла сонца. Ноччу грэў касцёр.
Яны ішлі — нічога не шукалі.
Пілі ваду, што працякала з гор,
І елі сыр, што пастухі давалі.

Калі ісці стамляліся, плылі.
Спаць клаліся пад вечнаю алівай.
І ён спяваў нараніцы, калі
Яна з ім прачыналася шчаслівай.

У ёй аліва вечная цвіла,
Якая йсці яму давала сілу,
Ён вёў яе, яна яго вяла
Ад небасхілу і да небасхілу.

На іх сляды, што йшлі вакол зямлі,
Паклаліся сляды дачкі і сына…

Бог ведае, куды яны ішлі…
І хто быў ён… І хто была жанчына…

Уладзімір Някляеў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...