Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пакараў актывістаў, затрыманых на першамайскіх дэманстрацыях, штрафамі ад 10 да 20 базавых велічыняў. Пратакол адносна анархіста Вячаслава Касінерава адправілі на дапрацоўку, сам Касінераў застаецца пад вартай, паведамляе Радыё Свабода.

Вячаслаў Касінераў, Аляксей Зуеў, Андрэй Шыпулін і Сяргей Спарыш

 

Затрыманых прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна прыкладна ў 15:40 і паўгадзіны трымалі ў міліцэйскай машыне, пакуль яны не пачалі грукацца знутры і патрабаваць паветра.

Разам з сябрамі аргкамітэта БСДП «Народная грамада» Сяргеем Спарышом, Валянцінам Троцкім і Андрэем Шыпуліным прывезлі затрыманага 1 траўня ў Кіеўскім скверы анархіста Аляксея Зуева і затрыманага сёння ў 13:10 каля будынка суда анархіста Вячаслава Касінерава.

​Сяргея Спарыша аштрафавалі на 15 базавых велічыняў.

У пратаколе Спарышу інкрымінуецца парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах — ён трымаў плакат «Першамай. Вусатага пеўня пасылай».

Спарыш кажа, што яго затрымалі, калі ён сышоў з парка Перамогі на прыпынку грамадскага транспарта, і ў руцэ яго быў згорнуты плакат. А плакатам ён хацеў падтрымаць айчынных птушкавытворцаў, каб разводзілі пеўняў, што нясуць блакітныя яйкі. Спарыш настойвае, што па-за тэрыторыяй дазволенага мітынгу плакат нікому не паказваў.

Сведка — амапавец Аляксей Міцін, кіроўца аўтамабіля. Кажа, што Спарыш удзельнічаў спачатку ў санкцыянаваным мітынгу, а потым у «індывідуальным пікетаванні». Дакладна, што напісана на плакаце, не памятае, кажа — «штосьці кшталту „Дзень пеўня“».

Другі сведка, амапавец Качановіч, таксама не можа ўзгадаць, што напісана на плакаце. Настойвае, што за тэрыторыяй дазволенага мітынгу Спарыш таксама дэманстраваў плакат.

У матэрыялах справы — два фотаздымкі Сяргея Спарыша з плакатам, але зробленыя ў парку Перамогі на дазволеным мітынгу.

У выніку Сяргея Спарыша аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (367 рублёў 50 капеек).

Анархіста Аляксея Зуева аштрафавалі на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) — за тое, што на масавым мерапрыемстве быў у масцы.

Сябру БСДП «Народная Грамада» Андрэю Шыпуліну прысудзілі штраф 20 базавых велічыняў — 490 рублёў.

Валянціна Троцкага пакаралі штрафам у 10 базавых велічыняў (245 рублёў).

Пратакол на Вячаслава Касінерава накіравалі на дапрацоўку. Яго затрымалі каля суда ў сераду ў 13:10, адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе патлумачылі, што ён нібыта арганізаваў адзіночны пікет. З суда Касінерава павезли у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: