Дзяржаўная памежная служба Украіны заяўляе, што да завяршэння беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017» кантроль за мяжой з Беларуссю будзе ажыццяўляцца пры дапамозе авіяцыі.

УНИАН

 

«Гэтыя кірункі ўзмоцненыя памежнай авіяцыяй. У прыватнасці, экіпажы на патрульных самалётах праводзяць паветраны маніторынг мяжы і ўжо абследавана каля 900 кіламетраў дзяржаўнае мяжы», — паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Памежнікі падкрэслілі, што ўзмоцнены кантроль на ўсіх участках мяжы праводзіцца ад пачатку верасня і звязаны з правядзеннем беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017».

«Памежнікі працягваюць прыкрываць напрамкі магчымых правакацыйных дзеянняў і ўзброенага ўварвання ў цесным узаемадзеянні з Узброенымі сіламі, Нацыянальнай гвардыяй ды паліцыяй на ўсіх участках. Таксама задзейнічаныя і рэзервы памежнага ведамства. Такі рэжым кантролю будзе трываць як мінімум да заканчэння вучэнняў «Захад-2017», — патлумачылі ў памежным ведамстве Украіны.

Сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасня.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — з беларускіх падраздзяленняў, 3000 — з расійскіх. На манеўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэнні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасці ў рэгіёне, на ўсходнім флангу NATO, і ператварэння Беларусі ў плацдарм для наступу на Украіну.

Беларуская апазіцыя асцерагаецца, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэнні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэнняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расійскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасня.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: