Украінец пасля адзінаццаці гадоў пражывання ў Беларусі і вяртання ва Ўкраіну прышоў ва ўпраўленне Службы бяспекі Ўкраіны Чарнігаўскай вобласці з прызнаннем аб вэрбаванні Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

Як вынікае з рашэння Рэпкінскага раённага суду Чарнігаўскай вобласці, дзякуючы добраахвотнаму прызнанню, грамадзянін Украіны звольнены ад крымінальнай адказнасці ў справе пра дзяржаўную здраду. У судовым рашэнні адзначаецца, што ўкраінец на працягу 2006-2017 гадоў стала пражываў разам з жонкай у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Але ў чэрвені 2017 беларускія ўлады пазбавілі яго віду на жыхарства, і ён вымушана вярнуўся да бацькоў у паселішча Рэпкі Чарнігаўскай вобласці, працягваючы пэрыядычна ездзіць у Беларусь для наведвання жонкі і для запраўкі гаручым аўтамабіля.

У ліпені 2017 года пад час чарговай паездкі ў Беларусь у пункце пропуску «Новая Гута» (Гомельская вобласць) пад пагрозай дэпартацыі і забароны ўезду на беларускую тэрыторыю супрацоўнік КДБ Беларусі прапанаваў украінцу сакрэтнае супрацоўніцтва, і ён пагадзіўся, падпісаўшы адпаведныя дакумэнты. У судовым рашэнні адзначаецца, што ўкраінец мусіў атрымліваць заданні і перадаваць сабраную інфармацыю падчас паездак у Беларусь падчас асабістых сустрэч з супрацоўнікам Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусь у пункце пропуску «Новая Гута».

У прыватнасці, гаворка ішла пра збор выведвальнай інфармацыі аб аўтамабільным транспарце і асабістым складзе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны і праваахоўных органаў Украіны, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці каля мяжы з Беларуссю, а таксама інфармацыі пра мясцовых жыхароў, якія бралі ўдзел у правядзенні антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

У кастрычніку 2017 года супраць грамадзяніна Ўкраіны была адкрытая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — дзяржаўная здрада. Гэтае злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў.

Аднак, паколькі ўкраінец добраахвотна звярнуўся да СБУ з заявай аб сваёй сувязі з прадстаўнікамі замежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь, а следзтва не ўстанавіла рэальнай шкоды дзяржаўным інтарэсам Украіны, яго звольнілі ад крымінальнай адказнасці.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: