На запароскім прадпрыемстве «Мотор Січ», якое належыць украінскаму бізнэсоўцу Вячаславу Багуслаеву і валодае 60 адсоткамі акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу, пакуль не камэнтуюць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра нацыяналізацыю гэтага беларускага прадпрыемства.

Фота: president.gov.by

 

«Гэтую тэму ў нас ніхто не ўпаўнаважаны камэнтаваць, апроч кіраўніка», — сказалі Свабодзе ў прымальні дырэктара «Мотор Січ» па пытаннях сувязяў з грамадзкасцю Анатоля Малыша і параілі звярнуцца з адпаведным афіцыйным лістом на імя Вячаслава Багуслаева.

У той жа час стала вядома, што цяпер на прадпрыемстве адбываецца нарада.

Украінскі ўласнік настойваў на выкупе акцый

Сёлета ў траўні прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў лётаў у Менск на перамовы пра змену беларускага акцыянэра аршанскага заводу. Паводле дэпутата, які ўваходзіць у топ-25 найбольш заможных бізнэсоўцаў Украіны, менавіта «мясцовы інвэстар» адмовіўся выконваць сваю частку інвэстыцыйных абавязанняў.

«Таму ўвесь „сыр-бор“. Сваю частку інвэстыцыйных абавязанняў «Мотор Січ» выканаў на 110%», — казаў Вячаслаў Багуслаеў украінскім журналістам, камэнтуючы ў траўні паведамленні пра магчымую перадачу кантрольнага пакету акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу дзяржаўнаму прадпрыемству «Белспэцзнештэхніка».

«Не разумею, адкуль гэта: узяць і забраць. На рынку можна толькі купіць або выкупіць. Так працуе ўся Эўропа. Трэба разлічыцца з акцыянэрамі», — сказаў у траўні Вячаслаў Багуслаеў. Паводле яго, Аршанскі авіярамонтны завод завяршыў 2017 год з прыбыткам.

І тады ж прэзыдэнт «Мотор Січ» удакладніў, што з моманту набыцця ў 2012 годзе кантрольнага пакета акцый Аршанскага заводу, на той момант праблемнага і выстаўленага ўладамі Беларусі на прыватызацыю, украінскае прадпрыемства ўклала ў развіццё авіярамонтнага заводу прыкладна 20 мільёнаў даляраў.

Украінскія СМІ паведамлялі, што Вячаслаў Багуслаеў пасля апошняга раўнду перамоў вымушаны быў вярнуцца з Менску ў Кіеў рэйсавым самалётам, бо ягоны «Як-40» арыштавалі на аэрадроме ў Воршы ў якасці закладу, каб прымусіць яго адмовіцца ад фінансавых прэтэнзій да беларускага заводу і да таго ж выплаціць «няўстойку» за нібыта невыкананне інвэстыцыйных абавязанняў. Пазней, як сцьвярджаюць некаторыя крыніцы, украінскі бізнэсовец не паехаў на сустрэчу ў адміністрацыю беларускага прэзыдэнта абмяркоўваць умовы перадачы акцый Беларусі, хоць і пацьвердзіў сваю гатоўнасць адмовіцца ад акцый.

Кітайскія, расейскія ці беларускія інтарэсы?

Ва Ўкраіне шэраг экспэртаў рынку не выключаюць, што беларускія ўлады вырашылі нацыяналізаваць Аршанскі авіярамонтны завод, бо падазравалі, што ён можа перайсці ва ўласнасць Расеі з прычыны продажу 56% акцый украінскага «Мотор Січ» кітайскай карпарацыі Beijing Skyrizon Aviation Industry Investment Co.

Тая ўгода летась стала прадметам крымінальнай справы, якую распачала Служба бяспекі Ўкраіны. Паводле следчых, тое, што акцыі ўкраінскага прадпрыемства прадаваліся замежнікам пакетамі па 10% праз афшоры, выклікала падазрэнні, што новым рэальным уласнікам найважнейшага для абароны Ўкраіны прадпрыемства можа аказацца зусім ня тая кампанія, што была заяўлена.

Рухавік вытворчасці «Мотор Січ»

 

У той жа час украінскія экспэрты выключаюць, што беларускія ўлады нацыяналізуюць беларускія актывы Вячаслава Багуслаева на заказ свайго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі. Хутчэй справа ў тым, што на магутнасцях Аршанскага авіярамонтнага заводу рыхтаваліся выпускаць мадыфікацыю верталёта «Мі-8», які дзякуючы новаму ўкраінскаму рухавіку значна пераўзыходзіў бы расейскага канкурэнта «Мі-17». І гэта ўжо не магло спадабацца Расеі.

Паводле асобных інфармацыйных крыніц, Аршанскі авіярамонтны завод пасля банкруцтва будзе аб’яднаны ў холдынг з аналягічным прадпрыемствам у Баранавічах і перададзены ў склад дзяржпрадпрыемства «Белспецзнештэхніка». Выказваецца і такая вэрсія, што Аршанскі авіярамонтны завод, дакладней, яго ўзлётна-пасадачная паласа вельмі спадабаўся беларускай кампаніі «Брэміна груп», якая будуе побач мультымадальны лягістычны цэнтар.

Ва Ўкраіне чакаюць тлумачэнняў

Кіраўнік праўлення кіеўскага Цэнтру сацыялягічных і паліталягічных даследаванняў «Соціовимір» Сяргей Таран мяркуе, што беларускі бок мусіць патлумачыць сваё рашэнне Ўкраіне:

«Слова „нацыяналізацыя“ ўспрымаецца як алергія ў цывілізаваным свеце, асабліва калі гаворка ідзе пра інвэстыцыі і прыватныя інвэстыцыі. Гэта вельмі кепскі знак для краіны.

Ва Ўкраіне пра нацыяналізацыю шмат гавораць, але ніколі яе не выкарыстоўваюць. Падобных гісторый у нас было літаральна некалькі, але ўсе яны мелі надзвычай нэгатыўны рэзананс. Гэта вельмі кепска ня толькі для тых краін, адкуль прыйшоў капітал, але і для іншых, бо з такімі краінамі лепш ня мець спраў.

Калі ж гаворка ідзе аб прадпрыемствах, звязаных з абаронкай, гэта звычайна будзе мець палітычны эфэкт. Цяжка сказаць, як на Ўкраіне стратэгічна адабʼецца перадача [беларускай] дзяржаве прадпрыемства, бо стратэгія абароннай сфэры нашай краіны якраз палягае ў тым, каб сканцэнтраваць поўны цыкль вытворчасьці менавіта ва Ўкраіне.

Але гэта падарве давер між Беларуссю і Ўкраінай, калі Беларусь не пакажа вельмі дакладных мэханізмаў, узгодненых з украінскім бокам, не пакажа, у чым праблемы і як з гэтых праблем выйсці так, каб прыватны капітал не пацярпеў».

Алена Літвінава, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: