Рэпартаж з фестывалю з элементамі жалобы   

Адкрыццё фестывалю

Украінскія журналісты запрасілі беларускіх калег на свой фестываль “Кобзар  еднае Україну”. Выправіўся за тысячу кіламетраў і я. Вашай увазе малая радзіма Тараса Шаўчэнкі  – вачыма і вушамі  жыхара беларускага Брэста, у сведчаннях і каментарах саміх украінцаў.

Месца

Тры з паловай гады таму назад на Новы год я з уласнага жадання, цікаўнасці ды ініцыятывы паехаў на кіеўскі Майдан і зрабіў адтуль невялічкі рэпартаж. Ён аказаўся ключавым перад падзеямі, якія скаланулі суседзяў. Таму цяпер я не вагаючыся выправіўся ў яшчэ больш доўгі шлях – у сэрца Украіны, як называюць Чаркаскую вобласць.

Чаркасы – гэта абласны цэнтр. Горад маляўніча  раскінуўся на лясістых пагорках  на правым беразе Дняпра, які тут разліўся самым вялікім сваім вадасховішчам – Крэмянчугскім. Яго называюць нават морам. З поўнай падставай – у найшырокім месцы гэты штучны вадаём, адзін з шасці ў каскадзе, разліваецца на 28 кіламетраў, у даўжыню працягнуўся на амаль паўтары сотні кіламетраў.

Усеўкраінскі фестываль тэле- і радыёпраграм “Кобзар еднае Україну”  сёлета праводзіўся ў трэці раз. Прыпаў на час з 19 па 23 травеня. Свята прысвечанае ўкраінскаму Янку Купалу, нацыянальнаму паэту Тарасу Шаўчэнку. Як і Купала, той заклаў нарожны камень пад літаратуру свайго народа, словам змагаўся за яго яднанне і вызваленне, як і Купала, памёр на расійскай чужыне.

Казацкі танец запальвае

Урачыстае адкрыццё фестываля прайшло ў абласной філармоніі. Дагляду на ўваходзе не было. Міліцыянты, яшчэ нейкія людзі ва ўніформах стаялі са сцягамі  ва ўрачыстым карэ пры ўваходзе. Былі яшчэ ўніфармаваныя – з дзясятак, на спіне надпіс “Служба порятунку”. Для фактычна ваюючай краіны … як бы далікатна вам сказаць. Самі ведаеце –  у нас у вушах і вачах ужо навязла: “при обнаружении странных предметов”, “калі вы ўбачыце… скажыце вадзіцелю”. І рамкі, рамкі, міліцыя, ОМОН. Не кажу ўжо пра мінскае метро.

Як было

Нумары канцэртнай праграмы перамяжаліся выступамі прадстаўнікоў мясцовай улады, Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны, журналісцкіх грамадскіх арганізацый, якія ладзілі фестываль. “Прадстаўленыя ўсе 26 нашых абласных філій, – канстатаваў старшыня журы фестывалю. – Маем з чаго выбіраць, і маем падтрымку мясцовай улады. Прыехалі госці з Турцыі, Беларусі, Грузіі, Іспаніі, і мы гатовыя выконваць галоўную місію фестывалю – вяртанне Украіны ў сям’ю еўрапейскіх народаў. Бо Тарас Шаўчэнка быў першым еўрапейцам і першым героем Украіны”.

Тэма гераізму праходзіла чырвонай ніткай праз увесь фестываль. Мабыць, некаторым гасцям гэта цяжка было зразумець, але па ходу знаёмства з гісторыяй і традыцыямі сапраўдных украінцаў, казацкай вольніцай, калі сёння дні поўныя гульбой, а заўтра на смерць, у бой,  – неразуменне саступала месца спачуванню і жаданню падтрымаць. Уражвалі  назовы цэнтральных вуліц: замест Леніна – Герояў Майдану, замест Гітлера (пры немцах) імя Тараса Шаўчэнкі (яшчэ пры Савецкім Саюзе, ў райцэнтры Залатаноша). Пры філармоніі стаіць помнік з выявамі Бандэры, Шухевіча, сцягам Украіны і чорно-червонім “прапором”.  На самім будынку аб’ява пра дабрачынны канцэрт лепшых артыстаў Украіны на карысць параненых у АТО (антытэрорістычна операція, а фактычна гібрыдная вайна на ўсходзе Украіны – Я.Б.).

Фестывальны канцэрт нагадваў нашы беларускія, – таксама многа народных калектываў, самадзейных выканаўцаў. Узровень высокі, асабліва што да песень. Ну ды мне гэта звычна, яшчэ з арміі запомніў галасістых, згуртаваных заходнеўкраінскіх “парубків”. Богдан, Тарас, Жэня. З гэтым, цёзкам, нават пабіўся быў з-за нейкай дробязі. Армія месца нервовае, з кім не бывае. Памераліся і памірыліся, справа такая.

Вяртаюся думкамі ў залу. Мабыць, у плане паяднання з Еўропай мільганула ў зуме фотаапарата, у кругаверці сучаснага бальнага танца, чорнае  хлапечае аблічча ў абрамленні бялявых пуанцістых у вэлюме дзяўчатак. Элегантны такі хлапчынка, наш Андрусь Танкінданг у маладосці.

Украінскі еўрапеец

Дарэчы, і на другім канцэрце, у мястэчку Залатаноша,  былі нумары  з разраду “авой”. Саксафаніста нават на дыктафон запісаў. Маладога,  статнага спевака не паспеў – слухаў адкрыўшы рот. А пару сталых прыгожых, `расістых нават скажу чоловіков-блізнюкоў  не стаў запісваць, – двайнікі Марэнічаў гэта не зусім мой стыль, –  затое сфатаграфаваў. Гэта ж якія для жанчын аб’екты непрасыхаючай ад слёз любові!

Затое ў рэстаране запісаў і кручу цяпер сябрам непраходзячы хіт усіх часоў і народаў – “Белые розы” Юрыя Шатунова. Іх, як і многія іншыя савецкія і расійскія хіты,  украінскія рэстаранныя артысты выконваюць у перакладзе на сваю мову і ў нейкай рэперскай апрацоўцы. Гэта каб ногі латвей хадзілі-тупалі.

Чытайце па тэме:  В Чернигове неизвестные повалили памятник Фрунзе (фото, видео)

Больш пра герояў 

Найбольш  даткліва  людская жалоба па загінулых земляках адчуваецца ў месцах іх колішняга жыхарства. На цэнтральнай плошчы мястэчка Камянка стаіць помнік Героям Нябеснай Сотні. Каля яго ўкраінскія і замежныя журналісты заклалі Міжнародную алею. На мітынгу загінулых назвалі паіменна, ушанавалі хвілінай маўчання. На кожнай цэнтральнай плошчы мы бачылі  фатаграфіі загінулых пад час “рэвалюцыі Годнасці” і ў баях за цэласнасць дзяржавы, іх згадвалі маладыя кіраўнік Чаркаскай вобласці і галава горада.

Крыніца іхняга геройства  

Тое, што мне было няўцямна, атрымалася адчуць у непасрэднай фактуры мясцовасці, прыроды і людзей. Найперш даведаўся, што такое “балка”. Нам больш прывычная роўная мясцовасць. Такога ва Украіне багата, але вось Чаркашчына дык наадварот, мае складкі мясцовасці. Пагоркі  метраў з паўста, у даліне, як правіла, ручаіна бяжыць або вадаём набягае крынічны. Такі ж і Халодны яр.

Гэта запаведнік прыроды, але і гістарычная мясціна.  У тутэйшым стаўку гайдамакі высвячалі сваю зброю на паўстанні за волю цягам 17-га стагоддзя.  На пад’ездзе да глыбокай даліны ў лесе нас сустрэлі два казакі з чорным сцягам, на якім быў надпіс “Воля України – Або Смерть!”. Пасля крутога спуску на дне яра ў лесе адкрыўся прагал. Каля помніка кабзар праспяваў эпас казацкага жыцця, здаравеннай статуры хрысціянскі святар перад сталом, пакрытым чырвоным сукном, запрасіў да малітвы. Маліліся за Украіну, загіблых герояў. На стале ляжалі ручкі. Таксама чырвоныя. Выглядалі як  доўгія патроны. Думаў, куды гэта па`хіліцца. У канцы святар зацеміў журналістам, што слова гэта зброя, і госці Халоднага яру разабралі спецыфічныя падарункі.

Я дык не ўзяў. З асцярогай стаўлюся да веры, асабліва ў тое, што журналіст гэта салдат. Лічу, што гэта праца ў Міністэрстве праўды, і толькі ў ім. Дзе міністрам ты сам. Калі прыходзіць вайна, журналістыка знікае, саступае месца прапагандзе. Я не пісаў з Майдана як з вайны і не хачу ўлазіць у мулкую шкуру прапагандыста цяпер, калі на тэрыторыі братняй краіны ваенныя дзеянні ўжо забралі больш за 10 тысяч жыццяў. Вайна гэта апошні прыстанак нягоднікаў, якія ў яе каламутнай ад крыві і бруду вадзе хаваюць канцы сваіх мярзотных справаў. Беларусам яна не патрэбная. Але калі яна ва Украіне ідзе, то мушу пісаць пра яе праўду.

З другога боку, ператварэнне многіх “органаў” у прапагандысцкія лісткі і “вокны” ў нас, шал нейкіх запалошных кампаній – гэта пра што сведчыць?  Думайма.

Дуб Максіма Жалезняка

Непадалёку ад Халоднага Яру, у хутары Дзікім, нам паказалі дуб абхватам у амаль дзевяць метраў. Яму тысяча сто гадоў. Нягледзячы на шнары ад маланак, 24-метровы волат здаровы,  сёлета зноў упрыгожваецца ўпрыгляд нязвыкла малымі ў параўнанні з тоўшчамі яго цела светла-зялёнымі лісточкамі. “Запас жыцця ў яго вялікі – самы стары дуб Еўропы ў Швецыі мае тры тысячы гадоў, – паведаміў экскурсавод Багдан, паглядны чоловік у вышыванцы. – Наш дуб па велічыні трэці ў Еўропе.”  І распавёў пра гайдамацкага атамана Максіма Жалезняка, які любіў спыняцца пад гэтым дубам у адпачынках паміж баямі. Пра яго няўдалую спробу здабыць волю, вырыванне ноздраў і высылку ў Сібір.

Больш дробныя, не менш красамоўныя 

У мястэчку Камянка на мітынгу адзначыў яшчэ штрых моцы. Трохгадовае, ацэначна, дзяўчо прачытала на памяць паэму Шаўчэнкі. Прылюдна, у мікрафон. З інтанацыямі, жэстамі. Хвілін з дзесяць чытала. Адчыбучыла – і стралой да таты.

Дзяўчынка чытае Кабзара

У Залатаношы пасля длянашанскага раскошнага, але мала наведанага канцэрта раптам  мусілі прабірацца на выхад праз вялізны натоўп месцічаў. Аказваецца, мы занялі крыху іхняга часу. А яны прыйшлі на канцэрт “Лісапетнага батальёна”.  Хто не ведае: гады з тры таму, калі ў нас на “кабелі” яшчэ не адключылі ўкраінскія каналы,  на мегапапулярным конкурсе “Україна мае талант” гурт  баявых бабулек з нейкай вёскі мала не выйграў гран-пры. Спяваюць па-ўкраінску нейкія ці то частушкі, ці то прыпеўкі з убойнымі тэкстамі. Вось на іх народ і прый-шоў.

Наўпростава

Не заўсёды выведваў-выгадваў настроі. Наўпрост і наўгад спытаў  двух  мясцовых: што будзе, калі спраўдзіцца самы песімістычны сцэнар, і ўвосень на вучэнні “Запад 2017” у заяўленых 4 162 вагоне прыедуць у Беларусь тысячы расійскіх салдатаў, прывязуць сваю тэхніку ды разгорнуць наступ на Украіну з новага фронту?

Чытайце па тэме:  На аэродроме Боровая в третий раз пройдет фестиваль авиационного спорта #ПРОНЕБО

Дырэктар дырэкцыі праграм тэлебачання з горада Хмяльніцкі (таго самага, дзе любімы рынак берасцейцаў) Уладзімір Паляніца сказаў: “У гэта не веру, бо на вялікую кроў наўрад ці наважацца пайсці. І нявыгадна ў міжнародным маштабе. Але пасля таго, як мірны пратэст на Майдане павярнулі ў такое рэчышча, пасля ўсіх подласцяў чакаеш ужо чаго заўгодна.  У мяне сын прызыўнога веку.  Нападуць, дык будзем абараняцца. Яшчэ тады сказаў: мабілізуюць сына, дык і я адразу пайду ваяваць”.

У рэстаране разгаварыў сяброўку гаспадыні,  жанчыну бальзакаўскага ўзросту. Займаецца бізнэсам. “Жывем, – кажа,  – няпроста, затое свабодна, самі сабе гаспадары. Але ўжо трынаццатага маладога прывезлі ў Залатаношу з вайны забітага. Калі палезуць, дык і Валыні не пройдуць. А заявяцца да нас – возьмем у рукі хто што зможа.” І танк з пастамента здымеце? “Ну, танк гэты не на хаду, – засмяялася жанчына. – Нешта знойдзецца”.

Калі выкарыстоўваць хадавы з нядаўняга часу ў Расіі штамп, што яна, пад уласаўскімі колерамі хіба ( інтэрнэтныя тэгі “Власов”, “флаг” , “лента”) аднаасобна, без Беларусі і Украіны, перамагла семдзясят гадоў таму назад нямецкіх фашыстаў, то авантура Савецкага Саюза 1968 года ў Чэхаславакіі будзе выглядаць бяскрыўднай турысцкай прагулкай у параўнанні з тым, што напаткае верагодныя войскі “дружественного поглощения” ў сённяшняй Украіне. Такая выснова нашых аналітычных размоў у кулуарах.

Але ўкраінскія калегі і простыя людзі часта напіралі на іншае. Маўляў, гэта якімі ёлупамі трэба быць, каб мець сёмую частку сушы, 13 мораў, такія велізарныя прыродныя багацці – і прагна лезці да суседзяў! Замест таго, каб абладзіць такое зразумелае ўзаемнавыгаднае эканамічнае партнёрства. “Пачні мы нешта такое дваццаць гадоў таму назад – і сёння ўжо мадзелі б у багацці і яны (расіяне), і мы! Замест гэтага раскралі Расію і цяпер хочуць нагвалт прысабечыць яшчэ і Украіну, а заадно схаваць канцы ў вайну.”

Не прыводжу тут несуседскіх абаротаў і мянушак, якія раптам усплылі з нябыту і, як мы чулі,  ва ўсіх на языку ва Украіне. Як і новачаснага рэцэпту ўмацавання дуба Жалезняка, пад які з парады навукоўцаў закапалі былі дзеля лепшага яго здароўя тушы тузіна здохлых жывёл.  Смерць блізкіх наносіць цяжказагойныя раны і робіць з каго хочаш ваяра, а ўкраінцы маюць гэта ў генах.

Спытаў у грузінскага калегі

Спытаў у грузінскага калегі, ці можа Грузія быць інкарпараванай “назад у Расію”. Ці можа аднавіцца Савецкі Саюз. “Гэта немагчыма, – нядоўга думаючы, адказаў той. – У Грузіі эканоміка прыватная, дзяржаўны сектар малы. Хто, дзе і калі хацеў проста так аддаць уласнасць. Страты агрэсара будуць занадта вялікія.” Спытаў пра перспектывы звароту Мікеіла Саакашвілі. “Ён жа грамадзянін  Украіны. Але яго партыя працуе. Пакуль што прайграе.” А прэзідэнтам Украіны стаць можа? “Для гэтага патрэбен цэнз пражывання. Ён многа зрабіў, але час памяняўся”.

Украінкі. Мода 

На хутары Дзікім самадзейнае агенцтва моды зладзіла дэфіле. Мяне асабіста ўразілі не так мадэлі, як мадэлькі. Што ўкраінкі прыгожыя, ведаю даўно і так, а тут яшчэ раз пабачыў. І не вытрымаў спакусы, апошні ток у батарэйцы фотаапарата пачаў садзіць, як азартны гулец у казіно грошы. Усё-такі жаночая прыгажосць не ад гэтага свету, магічная, незямная. Але паколькі журналіст павінен час ад часу быць нахабным, то распытаў адну з мадэлек. Школьніца або студэнтка? “Вучуся ва ўніверы”. У мадэльным бізнэсе? “Ды не, мы самадзейныя”. На другой “хахлушцы” вочы  паламаў. Мабыць, эфект Эдгара По. Хаця не. Глядзіце самі. Гэта ж вачэй не адвесці. Адзінае выйсце гэта ўключыць розум. Ну вось, пакпіў з сябе, мадэльна.

Моды на хутары Дзікім

Эканоміка

Вонкава Украіна, якой за 16 гадзін у аўтобусе мы праехалі можа палову, выглядае бядней за Беларусь.  Горшыя дарогі. Але пад Чаркасамі кіламетраў з трыццаць глядзелі на свежы асфальт амаль гатовай новай трасы ўпаралель са старой разбітай, па якой ехалі. Кіеўскі аўтабан у вельмі добрым стане. У Залатаношы  пабачыў  на стэндзе аб’яву. Набіраюць працаўнікоў на аўтазавод “Фольксваген” у Ужгарадзе.  Не праміну: а мог бы нашым быць праект! Заробак ад 4 з паловай тысяч грывень (гэта каля 160 еўра). Дарэчы, усе аб’явы па-ўкраінску.

Чытайце па тэме:  Трагедия в Лас-Вегасе: 58 погибших, более 500 раненых (видео)

Паказалі нам тамсама новы завод Маккофі (MacCoffee)  глабальнага гульца, холдынга  Food Empire. Заснавальнікі  – з пяці дзяржаў, збольшага азіяцкіх. Галоўны бенефіцыяр у Сінгапуры.  Прадпрыемства “працуе стабільна, не дапускае ні дня пратэрміноўкі заробку”. Ён складае ад 5 з паловай тысяч грывень у месяц (каля двухсот еўра ў пераліку). Штат завода 320 чалавек,  Менеджэр сам колеру шакаладу, кажа на добрай расійскай мове: ”Мы здесь расходуем в месяц 600 тонн сахара. Но наш завод в Украине меньше аналогичного в России. Если там в год производится 150 миллионов условных единиц продукции, то здесь только 45-50”. Абодва прадпрыемствы экспартуюць каву і каўныя напоі ў Казахстан і Беларусь.

Падабраў момант, спытаў усмешлівага на англійскай мове. Пра настальгію, ці часта бачыць сям’ю. Адказаў , што так, у Індыю хочацца. З’ездзіць выпадае – на святы або ў адпачынак. “А сям’я тут. Жонка ўкраінка. Дачку маем супольную.” Украінкі ўсе прыгажуні, кажу. Індус шчыра дастае смартфон, паказвае. Дачка не падобная ні на жонку, ні на Вас, канстатую. “На бабулю, яна з-за Уралу.” Цікава, вылітая Арнэла Муці ў дзяцінстве. А на якой мове дома гаворыце? “Я на рускай. Жонка па-ўкраінску”. А з дачкой ці гаворыце на роднай? “Мая родная нават не хіндзі або суахілі. Мова штата. Такіх 18 у Індыі. Дык асобныя словы  ёй называю.”

Кошты ў крамах  меншыя за беларускія на траціну, а тое і напалову, так што рэальны заробак украінцаў дзеля параўнання з нашымі трэба множыць на адпаведны павышальны каэфіцыент і, вядома, на асаблівы каэфіцыент, імя якому “краіна ваюе”.

Што з газетамі

Былі адмысловыя сустрэчы з журналістамі. У масе гэта патрыёты краіны, на адносна малыя заробкі не наракаюць. Цяпер ва Украіне паводле адмысловага  закона адбываецца раздзяржаўліванне сродкаў масавай інфармацыі. Яно мае быць завершанае да 2019 года. Абласная газета “Черкаський край”, са словаў яе рэдактаркі Тетяны Калиновськой, мае наклад каля 11 тысяч асобнікаў і “змагаецца за кожнага падпісчыка праўдзівай, цікавай інфармацыяй”. Таму колькасць іх паступова расце. Але з’ядаюць безграшоўе (“бюджэтныя грошы ўсе ідуць на вайну”), хцівасць мясцовых уладаў (“ласыя да нерухомасці”) і высокія кошты распаўсюду праз фактычнага манапаліста, “Укрпошту”. У газеце 12 журналістаў, з іх 5 па-за штатам. У трох заробкі вышэйшыя за рэдактарскія, – за кошт кліентуры.  Рэдактарка іншага выдання, “7 днів Чэркашчыны” , распавяла, як іх аднаго дня “прадалі  разам з газетай”. Але калектыў журналістаў узбунтаваўся, памяняў назоў і паўгода як пачаў выходзіць у новым фармаце. “Мы не канкурэнты з абласной газетай. Розныя нішы, розныя мэтавыя групы. Любім сваю прафесію, таму перамагаем безграшоўе. Для нас многа значыць журналісцкая салідарнасць, дапамагаем адзін аднаму.”. Першая газета прытрымліваецца нацыянальнай мовы традыцыйна, другая, “таму што маладыя людзі ў большасці арыентуюцца на патрыятызм і, адпаведна, на ўкраінскую мову”.

Вада? Ці соль і праўда?
Калі стаміліся ад канкрэтыкі, то вось вам “Кобзареві гасла”, якія скрозь мільгалі ў прамовах выступоўцаў фестывалю і ёсць цытатамі шматлікіх твораў Шаўчэнкі. “Борітеся – поборете! Вам Бог помагає”; “В своїй хаті своя й правда, і сила, і воля”.

Былі і ў духу прозвішча баявітай (не дала мясцовым уладнікам сябе звольніць) рэдактаркі “Черкаського края”.  Ну ды ў беларусаў яны добра на памяці, хоць помнік Каліноўскаму толькі адзін, на яго радзіме ў Свіслацкім раёне.

Развагі па дарозе дахаты

Назад зноў на Гомель кіравалі, гэтым разам удзень. З вакна аўтобуса можна было няспешна рабіць і фіксаваць свае назіранні. Патрыятычныя лозунгі шмат дзе ўвасобіліся ў канкрэтныя дэталі. То ў глыбіннай вёсцы мільгне ля хаты вялізны дзяржаўны сцяг, то нейкі новы помнік. Яшчэ даволі часта сустракаюцца на радзіме Кабзара глінабітныя дамкі, так званыя мазанкі. Некаторыя ў дрэнным стане, разваленыя. Але больш запомнілася не гэта, а электрычныя слупы каля тых мазанак, “біля” лепшых дамкоў, абведзеныя дзвюмя палоскамі маслянай фарбы-незмывашкі. Блакітная ды жоўтая – колеры дзяржаўнага сцяга. І доўгі-доўгі мініпарканчык у мястэчку памерам з нашы Ружаны, у такіх сама калёрах.

Слупы з дзяржаўнымі колерамі

Бліжэй да мяжы ўведаў, чаму Чарнігаў. У ваколіцы, на дзясяткі кіламетраў, чорная зямля. Роўна. Чаму тут не жыць? І жыць добра, у багацці.

Дык хай не прыйдзе на гэтыя дабрадайныя землі вайна. Пакіньце іх у спакоі, чуеце? Няўжо цяжка зрабіць выбар паміж двума плюсамі (супраца, багацце) і двума мінусамі (вайна, беднасць).

Яўген Бяласін, Брэст – Чаркасы – Брэст, фота аўтара,

для Беларускай праўды


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.