Украінцы — як дзеці малыя. Ну а беларусы — як старычкі.

Украінцы, падаецца, як ніякі іншы народ, пацьвярджаюць афарызм “Нашы недахопы – працяг нашых станоўчых вартасьцяў”.

Украінцы любяць свабоду (вольніцу), беларусы любяць парадак. У абодвух нацыяў гэтая любоў, як па-мойму, даходзіць да нейкай крайняй мяжы, да ненармальнага фанатызму. Беларусы – фанаты парадку ажно да маразму, украінцы – фанаты бардаку, вольніцы, пераменаў і нелюбові да ўлады. Паводле Gallup, Украіна займае першае месца ў сьвеце па ўзроўню недаверу грамадзянаў да ўлады — уладзе давяраюць толькі 9 працэнтаў (дадзеныя за сакавік).

Памятаю, калі Парашэнку абралі прэзыдэнтам у першым туры з надзвычай вялікім для дэмакратычных выбараў працэнтам (54 у першым туры – гэта лепш чым цяпер у Зяленскага), то я сказаў — праз год у Парашэнкі будзе мінімальны рэйтынг. І не таму, што я мог прадбачыць нейкія памылкі Парашэнкі на гэтай пасадзе. Мне проста здаецца, што для ўкраінцаў гэта аксіёма — любы самы папулярны палітык праз год-два губляе свой рэйтынг. Цяпер я магу сьмела прагназаваць, што праз год рэйтынг Зяленскага будзе ня больш за 30 (што б ён ні рабіў).

Гэта вынікае са спэцыфічнага стаўленьня ўкраінцаў да ўлады. Як казаў мне адзін украінскі калега: вы, беларусы, уладу любіце ці прынамсі паважаеце. І не абавязкова канкрэтна Лукашэнку, а ўладу як такую. А мы ёй пагарджаем. Прычым любой. .

Украінцы — людзі эмоцыяў, захацелася — зрабіў. Як дзеці нейкія). Ну да, а беларусы ў гэтым параўнаньні занадта дарослыя, як старычкі. Спачатку шмат разоў нешта падумаюць, пралічваючы ўсе магчымыя наступствы. А потым увогуле не робяць.

Віталь Цыганкоў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...