Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк сказаў Свабодзе, што ў МЗС Беларусі абмеркавалі праблемы пошукаў беларускай часткі Катынскага спісу.

Дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы 29 студзеня мела сустрэчу ў МЗС Беларусі, сказаў Свабодзе яе старшыня Яраслаў Шарэк:

«Сёння мы атрымалі інфармацыю, якая пацьвярджае ранейшыя высновы, што Беларускага катынскага спісу ў беларускіх архівах няма. Пра гэта нам сказалі ў МЗС Беларусі, хоць гэта і не было асноўнай тэмай перамоў у рамках нашага візыту».

Усяго паводле рашэння Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 году было расстраляна 21 657 палонных і арыштаваных польскіх вайскоўцаў і цывільных грамадзян, пераважна ў Катыні, што пад Смаленскам, Асташкаве (Калінінская вобласць) і Старабельску (Харкаўская вобласць). 7305 з іх былі расстраляныя ў турмах і лягерах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Беларускі катынскі спіс (у ім, як лічаць даследчыкі, імёны 3870 ахвяраў) дагэтуль ня знойдзены.

Дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы сёння наведала Курапаты, дзе ўшанавала беларускіх і польскіх ахвяр камунізму, правяла сустрэчы з гісторыкамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і БДУ, выступіла перад грамадзкасцю Менску з лекцыяй да 100-годдзя адраджэння незалежнасці Польшчы.

30 студзеня дэлегацыя накіруецца ў Бабруйск, дзе правядзе перамовы з уладамі аб усталяванні помніка салдатам Польскага корпусу Доўбар-Мусніцкага. У 1918 годзе гэты корпус выступіў супраць савецкай улады.

Чытайце па тэме:  Валерий Карбалевич: Лукашенко явно не устраивают час-полтора на переговоры с Путиным
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: