Мэрыя выдзяляе датацыю на замену абсталявання ў памеры 80% кошту да канца бягучага года й 60% у 2018-м.

Фото: openeyo.com

 

Улады Кракава заклікаюць жыхароў адмовіцца ад пячэй і катлоў на вугаль і перавесці ацяпленне на газ ці электрычнасць альбо падключыцца да цэнтральнага ацяплення, пiша Польскае Радыё.  Мэрыя былой польскай сталіцы праводзіць кампанію пад назвай «Будзьма разам у барацьбе за чыстае паветра ў Кракаве». Адначасова гарадзкія ўлады нагадваюць, што з 1 верасьня 2019 году ў горадзе будзе ўведзеная поўная забарона на выкарыстанне вугалю ў мэтах ацяплення. На грамадзкую акцыю Кракаў выдаткуе 300 тыс. злотых (каля 70 тыс. эўра). У рамках мерапрыемства заклікі з’явяцца на 50 білбордах, 120 прыпынках і некалькіх тысячах плякатаў. Акрамя таго, заклікі з’явяцца на адным трамваі й васьмі аўтобусах.

Паводле мэрыі Кракава, у горадзе надалей выкарыстоўваецца каля 8 тыс. пячэй і катлоў, у якіх спальваецца вугаль. Калі жыхар гораду вырашыць адмовіцца ад такога роду ацяплення, то да канца бягучага году можа разлічваць на датацыю ад мэрыі ў памеры 80% кошту замены абсталявання альбо падключэння, у 2018 годзе гэтая сума складзе 60%.

Кракаў працяглы час змагаецца з праблемай чыстага паветра, якое з’яўляецца адным з найбольш забруджаных у Польшчы. У бязветранае надворʼе ў горадзе часта назіраецца смог.

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: