Жыхары Бабруйску і Шклова на жыроўках атрымалі паведамленьні, што не занятыя ў эканоміцы грамадзяне будуць аплачваць гарачую ваду, газа- і цеплазабесьпячэньне па поўным тарыфе, паведамляе Радыё Свабода.

Для таго каб іх вызвалілі ад аплаты камунальных паслугаў па поўным тарыфе, грамадзяне, аб працаўладкаваньні якіх дзяржава ня мае інфармацыі, павінны прадставіць пацьвярджальныя дакумэнты.

Не занятыя ў эканоміцы павінны з 1 студзеня 2019 году па поўным кошце аплачваць выдаткі за гарачую ваду, а з 1 кастрычніка 2019 году — за газ (пры наяўнасьці індывідуальных ацяпляльных прыбораў) і цеплазабесьпячэньне.

Старшыня Бабруйскай гарадзкой камісіі па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва Міхаіл Жалудоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што галоўная задача — «праінфармаваць людзей, каб у іх потым не было праблем».

«Калі ў лютым яны атрымаюць жыроўкі з большай аплатай, чым у іншых, каб яны ведалі, чаму гэта адбываецца. У базу, якая складаецца, мы ня можам уключыць усіх. Да нас больш за ўсё зьвяртаюцца людзі, якія працуюць за мяжой. Як іх можна ўлічыць? Толькі гэты чалавек можа сказаць, што працуе за мяжой, і прынесьці гэтаму пацьвярджэньне. База не занятых у эканоміцы будзе сфармаваная, думаю, толькі ў студзені. Таму задача камісіі, каб людзі ў горадзе ведалі пра тое, што калі чалавек не працуе, то ён будзе і плаціць па поўнай», — сказаў старшыня Бабруйскай гарадзкой камісіі па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва.

Паводле Міхаіла Жалудова, чалавек з інфармацыі ў жыроўцы павінен зразумець, што гэта тычыцца яго, і сам вырашыць, «падаваць дакумэнты ці не».

«У чалавека можа сытуацыя памяняцца. Магчыма, у яго нарадзілася дзіця, або ён уладкаваўся на працу. Прычым, калі чалавек адпрацаваў хаця б адзін дзень у квартал, то ён ужо не трапляе ў гэтую базу. Сытуацыя пастаянна мяняецца. Мне як старшыні гарадзкога Савету ня хочацца, каб людзей бударажылі беспадстаўна. Кожны сам для сябе вырашае. Сёньня ён не працуе, заўтра працуе. Патэлефанаваў у камісію і паведаміў — камісія праверыць. Усе пытаньні вырашальныя», — сказаў карэспандэнту Свабоды Міхаіл Жалудоў.

У камісіі пакуль не паведамілі, колькі бабруйчан трапілі ў папярэднюю базу дармаедаў.

«Мы дапаможам з працаўладкаваньнем»

У Шклоўскім райвыканкаме карэспандэнту Свабоды таксама сказалі, што база «дармаедаў» пакуль ня створаная. Кіраўнік камісіі па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва Аляксандар Давідовіч паведаміў, што жыхарам раёну дасылаецца інфармацыйны матэрыял.

«Калі людзі не занятыя ў эканоміцы, яны могуць прыйсьці да нас, мы дапаможам з працаўладкаваньнем. І людзі да нас зьвяртаюцца. Мы дапамагаем, каб чалавек мог працаваць, атрымліваць заробак і ўтрымліваць сваю сям’ю».

25 студзеня 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году.

Хто такія «дармаеды»?

Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор памерам 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.

У абноўленым дэкрэце новага азначэньня дармаедаў няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэньні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы», і «працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць».

«Не занятымі ў эканоміцы» будуць лічыць грамадзян Беларусі, якія не ажыцьцяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасьць.

​Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ краіны 10 красавіка заявіў, што асноўная сутнасьць дэкрэту № 1 — у тым, каб людзі працавалі і аплачвалі паслугі дзяржавы, у тым ліку ў ахове здароўя, ЖКГ.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: