Учора пісьменьнік Уладзімер Арлоў прыехаў да актывістаў, якія пікетуюць рэстарацыю каля Курапатаў, каб падпісаць і падараваць ім сваю кнігу «Імёны Свабоды».

Уладзімер Арлоў у Курапатах

 

У паўзе пісьменьнік вырашыў наведаць рэстарацыю «Поедем поедим».

«Хацеў прайсці, каб перадаць адміністрацыі маю кнігу. Дык не пусцілі ахоўнікі. Сказалі, што ня пусцяць, бо «непажаданы наведнік» — расказаў Свабодзе Ўладзімер Арлоў і далей стаў падпісваць кнігі для ўдзельнікаў пікету.

Уладзімер Арлоў падпісвае кнігі для ўдзельнікаў пікету

 

Уладзімер Арлоў сказаў, што ня мог сюды не прыехаць:

«Заўсёды вельмі абвострана адчуваю тое, што звязана з Курапатамі. Быў тут і падчас леташняй абароны, і ў ноч расстраляных паэтаў. Заўсёды прывожу абаронцам свае кнігі. Цяпер прывёз новае выданне кнігі «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

У кнізе Арлова расказваецца пра 300 герояў; дзясяткі з іх былі, магчыма, расстраляныя і ляжаць менавіта ў Курапатах.

Кніга Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды»

 

«Я хацеў перадаць адміністрацыі рэстарана гэтую кнігу, каб яны змаглі прачытаць пра людзей, якія тут ляжаць. Але ахоўнік назваў мяне „непажаданым наведнікам“, не прапусціў туды і сказаў, што яны прачытаюць кнігу ў інтэрнэце. Спадзяюся, сапраўды ў гэтай установе прачытаюць пра тых, на костках каго яны збіраюцца ладзіць свае танцы і ўрачыстасці. Хто ведае, а раптам працаўнікі гэтага рэстарану пачнуць звальняцца. — сказаў Арлоў. — Улада наша яшчэ не вызначылася, як быць з гэтым рэстаранам, прыглядаецца да рэакцыі грамадзтва, іначай, калі б быў загад, тут усё б выглядала інакш. Таму, калі наша грамадзтва будзе больш салідарным, а пратэсты — больш масавымі, на маю думку, ёсць шанец і цяпер адстаяць гэтую нашу святыню, Курапаты, як удавалася раней».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: