«Даічы не парушаў аніякіх законаў і не зрабіў аніякага злачынства», — паўтарае маці Даічы Ёшыда, які знаходзіцца ў калёніі Віцьба-3. На гэтым тыдні ягоная сям’я прыляцела з Японіі на трохдзённае спатканне.

Сям’я японскага мастака Даічы Ёшыда — маці Ёка Ёшыда і брат Сэйя Ёшыда

 

Даічы Ёшыда — японскі мастак, які малюе ў стылі манга. У 2016 годзе ён быў запрошаны на фэстываль манга ў Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 году выпуску, каб выкарыстоўваць іх у якасці мадэляў для малюнкаў.

15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіо з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менск і Абу-Дабі. Ён сцвярджае, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зняволення за незаконны правоз і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі. Даічы Ёшыда неаднаразова спрабаваў абскардзіць прысуд, настойваючы на сваёй невінаватасці.

На спатканне ў калёнію прыляцелі маці мастака Ёка Ёшыда і ягоны брат Сэйя Ёшыда.

«У нас былі раней кароткая спатканні, але заўжды праз шкло, — неўзабаве пасля таго, як яны выйшлі з калёніі. — Праз паўтара года я змагла да яго дакрануцца, абняць яго. Гэта не перадаць словамі».

«Мы ўсе ўтраіх абняліся, — кажа старэйшы брат Сэйя, які ня бачыў брата 2 гады. — Мне было вельмі радасна. Да гэтага некалькі разоў чуў яго па тэлефоне. Я здзівіўся, што ў яго вельмі кароткая стрыжка. Цяпер ён выглядае зусім інакш».

Партрэт Даічы Ёшыда, які ягоны брат Сэйя намаляваў за час спаткання ў калёніі

 

Адвакат Даічы Ёшыда у лютым атрымаў з Вярхоўнага суду адказ на сваю скаргу, у якой прасіў сярод іншага нанесці адмяніць прысуд. Аднак Вярхоўны суд палічыў прысуд Даічы Ёшыда справядлівым.

«Вінаватасць Даічы Ёшыда ў злачынствах, за якія ён асуджаны, устаноўленая», — гаворыцца ў дакумэнце Вярхоўнага суду. У адказе прадстаўнік Вярхоўнага суду таксама спасылаецца на паказаньні сведак у працэсе, паводле якіх мусіць праводзіцца надгляд багажу ўсіх пасажыраў, якія перамяшчаюцца праз беларускія аэрапорты, у тым ліку транзытных. Гаворыцца таксама пра тое, што, паводле заканадаўства, транзытныя пасажыры з’яўляюцца асобамі, якія перасеклі мяжу Рэспублікі Беларусь.

Пра рашэнне вышэйшай інстанцыі, якая адмовіла Даічы ў пераглядзе справы, Ёка раней паведаміла Даічы па тэлефоне.

«Мы даведаліся, што ў нас ёсць яшчэ адзін шанец падаць скаргу ў Вярхоўны суд. Будзем гэтым займацца, — кажа Ёка. — Мы заўжды паўтараем, што Даічы не парушаў аніякіх законаў і не здзяйсняў аніякага злачынства. Будзем рабіць усё магчымае, каб яго вызваліць».

Ёка Ёшыда

 

Сям’я Даічы ня раз звяртала ўвагу на стан ягонага псыхалягічнага і фізычнага здароўя. Паводле Ёка, цяпер ён выглядае някепска.

«Распавёў, што 1 сакавіка проста страціў прытомнасць ад таго, што рэзка павысіўся ціск. Трапіў на бальнічны ложак. Недзе 10 дзён там прабыў. Сёння пачуваецца добра».

Сярод іншага, сваякі прывезлі Даічы дзве пары акуляраў. Ёка распавядае, што ў Даічы вельмі кепскі зрок, але акуляры ў яго забралі адразу, як ён трапіў у турму. Год, пакуль цягнулася следзтва і суд, мастак заставаўся без іх. Акуляры вярнулі толькі пры пераводзе ў калёнію, але яны былі ў стане амаль непрыдатным для карыстання:

«Шкло ўсё ў драпінах, — распавядае Ёка. — Ён адразу надзеў тыя акуляры, што мы яму прывезлі».

Сям’я Даічы гаворыць, што адміністрацыя калёніі ставіцца да яго нармальна. Ён сам у добрых стасунках з іншымі зняволенымі.

«Даічы кажа толькі адно: я абсалютна невінаваты, хачу на волю. Цяпер ён зразумеў, што ўсё залежыць толькі ад ягоных паводзінаў. Ён стараецца паводзіць сябе так, каб была магчымасць выйсці ўмоўна-датэрмінова», — кажа сям’я.

Кніг у Даічы няма, але ёсць некалькі тонкіх размоўнікаў руска-ангельска-японскіх размоўнікаў. Ён актыўна засвойвае расейскую мову. Пасля таго, як гісторыя Даічы стала вядомая, Ёка атрымлівае словы падтрымкі ад людзей з многіх краінаў. У калёніі яна даведалася, што Даічы таксама прыходзяць лісты і паштоўкі, што стала для яго нечаканасцю.

«Гэтыя лісты, гэтыя словы — вялікая падтрымка для мяне. Калі б толькі іх было яшчэ больш, я буду адказваць кожнаму», — перадаюць маці і брат словы Даічы з калёніі.

Магчыма, дзякуючы гэтай падтрымцы ягоны настрой змяніўся да лепшага.

«Апошні раз, калі я яго бачыла, ён быў абсалютна падаўлены. Але за гэтым час, можа дзякуючы таму, што ён стаў атрымліваць лісты падтрымкі, ён трошкі ўзняўся духам. І таксама ён знайшоў сабе занятак — робіць ілюстрацыі для насценгазэты, плякаты. Усё гэта яму дапамагае, ён стаў спакайнейшы», — распавядае Ёка. Некаторыя малюнкі, зробленыя ў калёніі, Даічы перадаў на волю.

«Мяркуючы па тым, як ён з намі размаўляў, як сябе паводзіў, мне стала трохі спакайней», — кажа Сэйя Ёшыда.

Малюнкі Даічы Ёшыда

Малюнкі Даічы Ёшыда

 

Сям’я Ёшыда не пакідае спадзеваў на вызваленне і апраўданне свайго сына Даічы. У канцы лютага яны звярнуліся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з лістом, у якім тлумачаць, што здарылася з Даічы, і просяць паспрыяць ягонаму вызваленню. Ёка кажа, што адказаў з Адміністрацыі прэзыдэнта яна яшчэ не атрымлівала.

«Калі трэба было сыходзіць, нам было вельмі цяжка. І Даічы таксама», — кажа Ёка Ёшыда. — Ён паўтарае толькі адно: «Хутчэй бы адсюль выйсці, хутчэй бы дахаты».

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: