Навіна пра тое, што ў Беларусі будзе пабудаваны “пункт пахавання нізка і сярэднеактыўных радыеактыўных адкідаў”, уражвае ― нам жа абяцалі, што адпрацаванае паліва будуць вяртаць у Расію! Але Мінэнерга не хавае, што ўжо нават вядзецца праца над праектам гэтага “магільніка”.

 

Інфармацыя прымушае задумацца: што яшчэ нам не сказалі пра Беларускую АЭС? Да прыкладу, які лёс чакае высокаактыўныя радыяцыйныя адкіды? У Дырэкцыі па будаўніцтве БелАЭС атрымліваем вось такі адказ:

“У выніку эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі будуць утварацца высокаактыўныя радыеактыўныя адкіды (далей ― РАА) у аб’ёме 0,5 кубічнага метра ў год на адзін энергаблок. Высокаактыўныя РАА (не блытаць з адпрацаваным ядзерным палівам) у адпаведнасці з сусветнай практыкай не падлягаюць перапрацоўцы і і захоўваюцца на атамнай электрастанцыі (!) на працягу ўсяго тэрміну яе эксплуатацыі. Для іх бяспечнага і надзейнага захоўвання яны будуць змешчаныя ў ахоўныя капсулы, якія будуць размяшчацца у бетонным адсеку сховішча цвёрдых радыеактыўных адкідаў”, ― гаворыцца ў адказе за подпісам выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара, галоўнага інжынера станцыі Анатоля Бондара.

 

“Атрымліваецца, што так, ― каментуе расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі. ― Шкада, што ў праекце станцыі гэтых магільнікаў не было, на што мы і звярталі ўвагу, пісалі пра гэта ў “Грамадскай экалагічнай экспертызе”, калі праект вывучаўся расійскімі і беларускімі экспертамі яшчэ ў 2010 годзе. Мы гэтыя пытанні задавалі, але атамшчыкі тады ад іх адмахваліся. Цяпер да іх дайшло, што калі раптам станцыя нечакана запрацуе, пачне выпрацоўваць адкіды ― іх некуды трэба будзе складваць. Менавіта таму праектаваць і будаваць сховішчы трэба цяпер”.

Калегу падтрымлівае беларускі навуковец-фізік, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета СССР Юрый Варонежцаў.

“Гэта было відавочна з самага пачатку, калі толькі абмяркоўвалася магчымасць будаўніцтва атамнай станцыі на нашай зямлі. У той час была грамадская камісія, якая аналізавала дакументы, звязаныя з уздзеяннем на навакольнае асяроддзе гэтага аб’екта, і дзесьці чвэрць нашых заўваг да гэтага праекта былі звязаныя з непрапрацаванасцю праблемы адкідаў, бо там на гэты конт нічога не было ўказана ― яны нібыта проста некуды знікалі. Але тое, што нам цяпер кажуць (пра будаўніцтва “магільнікаў”, ― Еўрарадыё) ― гэта стандартная схема, якая працуе практычна на ўсіх атамных станцыях”.

А ў Расію нейкія адкіды нашай атамнай станцыі паедуць ці не? Калі і паедуць, то менавіта тое адпрацаванае ядзернае паліва, якое Анатоль Бондар у сваім адказе раіць не блытаць з высокаактыўнымі РАА. І не адразу, удакладняе Юрый Варонежцаў.

Юрый Варонежцаў: “Тое, што нам ад пачатку казалі пра тое, што адпрацаванае ядзернае паліва завязуць у Расію на перапрацоўку ― гэта суцэльны падман. Бо ніхто яго гадоў 7-8 нікуды не павязе ўвогуле! Гэта паліва, “цеплавыдзяляльныя зборкі”, якія загружаюцца ў рэактар, яны там працуюць да чатырох гадоў, а пасля выгарання радыеактыўнага паліва іх дастаюць і перагружаюць у “басейн вытрымкі”, які знаходзіцца адразу на тэрыторыі завода. І там гэтыя стрыжні захоўваюцца да васьмі гадоў. Іх нікуды не вязуць, бо яны да такой ступені радыеактыўныя, што з імі немагчыма працаваць і нельга іх транспартаваць”.

Але і гэта не ўсе сюрпрызы: пасля “перапрацоўкі” тое адпрацаванае ядзернае паліва зноў вернецца ў Беларусь у выглядзе… высокаактыўных адкідаў. Якія нам таксама недзе давядзецца захоўваць. Магільнік №3?

Андрэй Ажароўскі: Пакуль у Расіі і Беларусі няма дамоўленасці пра тое, што Расія можа забраць гэта адпрацаванае паліва на сваю тэрыторыю. Паводле Дамовы аб будаўніцтве БелАЭС, адпаведнае пагадненне можа быць падпісанае, але тут справа ў тым, што Расія дапускае ўвоз на сваю тэрыторыю адпрацаванага ядзернага паліва, але толькі для перапрацоўкі. Бо ў расійскім заканадаўстве дакладна прапісаная неабходнасць вяртання вынікаў перапрацоўкі ў краіну паходжання ― у Беларусь у дадзеным выпадку. І вельмі важна, каб гэтае пагадненне наконт адпрацаванага ядзернага паліва было падпісанае да таго, як пачне працаваць БелАЭС. Бо не выключана, што Беларусь проста не пацягне аплату паслуг па перапрацоўцы. А калі Беларусь ад гэтай паслугі адмовіцца, то давядзецца будаваць свой магільнік для адпрацаванага ядзернага паліва, кошт якога для двухблочнай АЭС можа перавысіць 1 мільярд еўра. І гэта дастаткова вялікія расходы, наўрад ці Беларусь зможа гэта аплаціць. Трэба гэтае пытанне ўздымаць, бо тут для вашай краіны можа быць падрыхтаваная даволі непрыемная хітрая пастка.

Еўрарадыё: Але ж і перапрацаванае ядзернае паліва з Расіі вернецца ў Беларусь і гэтыя адкіды недзе трэба будзе захоўваць ― трэці магільнік?!

Андрэй Ажароўскі: Сапраўды, прадукты перапрацоўкі павінны будуць вяртацца ў краіну паходжання ― так і па міжнародных нормах, і па расійскіх законах. Адно: слова “перапрацоўка” можа падмануць неабазнанага чалавека. Тут перапрацоўка не ў тым, што з нечага небяспечнага робяць нешта менш небяспечнае. Перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва ― гэта працэс здабывання ўрану і плутонію. А цэзій, стронцый і ўсё астатняе будзе заставацца ў гэтых адкідах, якія запакуюць у шкло і вернуць вам у якасці высокаактыўных адкідаў. Вам у лісце з БелАЭС адказалі, што 0,5 кубічных метраў у год на адзін энергаблок будзе выпрацоўвацца высокаактыўных адкідаў. Здаецца, не шмат.

Але вы да гэтай лічбы дадайце яшчэ некалькі сотняў тон высокаактыўных адкідаў. Мяркуецца, што на БелАЭС будзе выпрацоўвацца 26 тон адпрацаванага ядзернага паліва ў год. Іх адправяць у Расію, дзе з дапамогай хімічных працэсаў з іх будуць здабываць уран і плутоній. У выніку чаго будзе ўтварацца вялікая колькасць другасных высокаактыўных адкідаў. На свае 26 тон вы атрымаеце 150-200 тон запаяных у шкло высокаактыўных адкідаў ― не малы такі эшалон адмысловых кантэйнераў, які вернецца да вас. І адна справа, сіламі дырэкцыі па будаўніцтве АЭС пабудаваць магільнік з разліку 0,5 кубічных метраў высокаактыўных адкідаў у год. Але калі станцыя запрацуе і пачне вяртацца перапрацаванае ядзернае паліва з Расіі ў Беларусь, тады давядзецца будаваць магільнік памерам у сотні разоў большы. І хто гэта будзе рабіць ― гэта трэба вырашаць цяпер”.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў №460 “Стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі Беларускай атамнай станцыі”, на будаўніцтва “пляцоўкі радыеактыўных адкідаў” будзе выдаткавана 60 мільёнаў долараў. Паводле слоў Андрэя Ажароўскага, гэтай сумы хопіць толькі на праектаванне, пошук пляцоўкі і вывучэнне геалагічных структур. Бо стварыць магільнік ,проста скінуўшы ўсе радыеактыўныя адкіды ў балота ці закапаўшы ў гліну, не атрымаецца. Юрый Варонежцаў заўважае, што сусветны вопыт будаўніцтва АЭС паказвае: выніковы яе кошт, калі дадаць сюды ўсе працы па будаўніцтве магільнікаў для радыеактыўных адкідаў, вырастае ў 2-2,5 раза. Дзе на гэта возьмем грошы?

Юрый Варожнецаў: “Усе гэтыя аб’екты найперш вырабляюць высоканебяспечныя радыеактыўныя адкіды і толькі потым электрычнасць. Чаму цяпер у ЗША не развіваецца атамная энергетыка? Бо без дзяржаўнай падтрымкі ніводная АЭС у свеце нерэнтабельная. Падман, што гэта “выгадныя праекты”, “танная электрычнасць”. У тых жа ЗША дзяржава ўлівае дзясяткі мільярдаў долараў у працу з адкідамі, у будаўніцтва сховішчаў”.

Толькі гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, якія падрыхтаваў нам гэты ўнікальны праект з касмічнымі тэхналогіямі пад назвай БелАЭС. Чытаем адказ на запыт далей:

“На блоку №2 Беларускай АЭС, у адпаведнасці з прынятым рашэннем, будзе выкарыстаны корпус рэактара і ўнутрыкарпусныя прыстасаванні, вырабленыя для Балтыйскай АЭС, якая ўзводзіцца ў Расійскай Федэрацыі па аналагічным Беларускай АЭС праекце “АЭС 2006””, ― гаворыцца ў лісце з БелАЭС.

“Вам прапанавалі і, відаць, Беларусь не зможа ад гэтага адмовіцца, рэактар сэканд-хэнд, які быў зроблены даволі даўно, які невядома ў якіх умовах захоўваўся на нейкай пляцоўцы: ці то ў Калінінградскай вобласці, ці то на заводзе, дзе яго зрабілі. Расія адмовілася ад будаўніцтва той сваёй станцыі, Беларусь ад будаўніцтва сваёй ― не. І вам будуць сплаўляць абсталяванне, вырабленае для той станцыі. Гэта рэактар сэканд-хэнд, ён зроблены не для Беларусі”, ― каментуе гэтае рашэнне Андрэй Ажароўскі.

Што праўда, Юрый Варонежцаў не выключае таго, што для сябе расіяне рабілі корпус рэактара і “ўнутрыкарпусныя прыстасаванні” больш якасна, чым для БелАЭС.

Еўрарадыё чакае адказу ад Росатама на свой запыт наконт таго корпуса для рэактара з Балтыйскай АЭС: калі і дзе ён быў выраблены і ў якіх умовах захоўваўся.

Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...