Свет здаўна дэманструе, як багомяць і шануюць майстроў прыгожага пісьменства. Мы нягоршыя: таксама добра ганаруем! І дзякуй Богу!

livelib.ru

 

Для чаго гэта робіцца?

Дакладна не для Вечнасці: зашмат прычыняецца зямнога.

Напэўна для ўсяго мінучага, якое люд называе поспехам.

Гэта вялікая розніца – каштоўнасці сапраўдныя і ўяўныя!

Мы бытуем сярод апошніх. Прэміі – іхнае лагічнае аздабленне. Яны ствараюць адпаведны вабны залатабліск і накіроўваюць.

Калі б не ўсялякія матэрыяльнасці, ці была б Прэмія такой прыцягальнай?

Безумоўна, была б!

Адтаго, што яе Ідэя спушчаная на Зямлю і энергетычна забяспечаная Нябёсамі!

Людзі толькі выконваюць гэтую Волю!

Прынцыповая справа: як?

Гістарычны ракурс пытання грувасткі і не для сягоняшняга разгляду. Трэба толькі адзначыць, што заўсёды існавалі этапы, калі чалавецтва значна пасоўвалася ў рэалізацыі Высокіх Задумаў Развіцця праз літаратуру. Зараз такі назіраецца і, на нашую думку, досыць адметны.

Ягоная сутнасць: зямная літаратура заканчваецца і распачынаецца касмічная. Пра гэта сведчаць усе ўмовы нашае рэальнасці.

Касмічная – не тая, калі “бляшанкі” гойсаюць між зораў, хоць гэтая вельмі добра падрыхтоўвае людзей да Сусвецця, а тая, якая імчыць у Вышыні духам.

У сучаснай беларускай літаратуры Тэма прысутнічае, дакладней – ледзь мільгаціць, пасылае сігналы. Яе заўважаюць, але не лічаць такой, толькі адзначаюць інакшасць зместаў, неабыкласць формаў. Сёлетнія нацыянальныя прэміі такія намінацыі разглядалі.

Адна з іх – раман Зміцера Вішнёва “Калі прыгледзецца – Марс сіні”.

На жаль, пераможцам твор не стаў, хоць і варты высокай адзнакі.

Увогуле, Зміцер Вішнёў – чалавек незвычайнага і арыгінальнага мыслявання. Ягоная думка пульсуе нестандартна і выдае нечаканыя, часам, дзівосныя лагізмы. Пэўна мадэрнізацыя свету, слоўнае бунтэжанне – ягонае пакліканне і родная стыхія. І ўсё гэта – нездарма: творчасцю ён пераабсталёўвае. “…Марс сіні” – чарговая такая спроба ў шэрагу многіх іншых аўтара. Непадрыхтаваны можа яе не зразумець. Тольма касмічны складнік адчыняе гэты непаўторны мастацкі свет.

Канструкцыю і сэнс раману нельга разглядаць звычайнымі чалавечымі вачыма. Прамыя і лінейныя падыходы могуць выклікаць абыякавасць, нудоту, кпіны і нават адпрэчыць ад твору. Але той, хто задзейнічае панараму свайго касмічнага бачання, атрымае сапраўдную асалоду ад чытання, знойдзе каларытныя вобразы, непаўторны і займальны сюжэт, цікавыя наватарскія знаходкі. Час, прастора і жывыя істоты адразу пераплятуцца ў пракудлівую філаментальную сетку і шматмерна, узбуджана засуіснуюць.

Больш таго, паглыбленне ў раман дасць нават недасведчанаму магчымасць праяснення й іншабачання, пашырыць свядомасць і – увага! – на нейкія імгненні магічна закіне спачатку ў свет аўтарскай прыдумы, а затым – і ў Космас.

Не пашкодзіць, калі чытач паспрабуе забыцца на звыклую лагічную ўвагу і даверыцца ненатуральным унутраным імпульсам, уявіць сябе мікра- альбо макраістотай, стварэннем, якое прысутнічае адначасна ў розных мейсцах і з’яўляецца ўдзельнікам усіх падзеяў не толькі твору, але і ўсяе гісторыі, то бок – жывой прыладай абсалютнага ўспрымання. І вось тады Марс насамрэч выявіцца сінім. Цікава: што й не адзін толькі Марс! Прыгледзьцеся: зменлівае, сіняе ўжо крочыць па планеце.

Можна шмат здагадвацца, як ствараўся раман і як Нябёсныя Ідэі апаноўвалі аўтарам, але відочна адно: Зміцер Вішнёў (свядома ці несвядома) дасягнуў такога творчага стану, калі якасці літаратара ды мастака арганічна зліваюцца і ўзыходзіць больш высокая і дасканалая ступень чалавечага адчування. Без перабольшвання і без прэтэнзіяў, гэта – будучыя почавы і рэальнасць усяго чалавецтва.

А яно стане сінім!

І няхай кожны, перад тым, як смяяцца ды іранізаваць, лепш падумае пра нявызнаныя Боскія шляхі і парадуецца, што ў нашай беларускай літаратуры ўжо ёсць цудоўныя спавеснікі будучай – касмічнай! – літаратуры.

Мікола Калядны,

для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...