30 чэрвеня ў Маскве павінна адбыцца пасяджэнне Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюза Беларусі і Расеі. Дзе, як чакаецца, зойдзе гаворка і пра расейска-беларускія вучэнні “Захад-2017”, што мусяць адбыцца з 14 па 20 верасня.

belvpo.by

Для перавозкі войск і вайсковых грузаў да нас суседняя краіна сёлета заказала ажно 4162 вагоны.

На нядаўняй сустрэчы з сакратарамі Саветаў бяспекі дзяржаў-удзельніц АДКБ Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што расейска-беларускія вучэнні “Захад-2017” не нацэлены “на наступ на нечыя тэрыторыі” і прапанаваў прыбыць на іх “усім міністрам абароны”, у тым ліку, з блоку НАТА – аж не! Нашы “нерасейскія” суседзі лічаць, што яны мяняюць палітычны ландшафт вакол краіны. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ двойчы за 3 дні заявіла, што з тэрыторыі Беларусі існуе ваенная пагроза, што Расея ў нас праводзіць свае “агрэсіўныя гульні”.

Паколькі з боку Лукашэнкі сітуацыя не каментуецца, у нас пра сітуацыю будуць разважаць вядомыя палітолаг Уладзімір Падгол ды міжнародны палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: У Пуціна набліжаюцца так званыя прэзідэнцкія выбары. І ў яго атачэнні ўжо кажуць, што, маўляў, яму патрэбная напярэдадні чарговая “victoria”. Маўляў, Крым ёсць, Сірыя, нібы, таксама – і ў адкрытую загаварылі пра Беларусь, якая можа стацца наступным крокам пуцінскай экспансіі. Які механізм можа быць задзейнічаны, сказаць імаверна немагчыма, бо ў Расеі, як і ў нас, усё вырашае адзін чалавек.

РР: Але ж Лукашэнка, што тройчы за пару тыдняў выказаўся наконт “Захаду-2017”, не той чалавек, што будзе сядзець склаўшы рукі, калі пытанне тычыцца галоўнага для яго – улады…

Уладзімір Падгол: Увесь мінулы год, калі браў удзел у розных выбарчых кампаніях, спрабаваў наладзіць кантакт з Лукашэнкам па дзяржаўных пытаннях. Напачатку звярнуўся і праз СМІ з прапановай увесці на мяжы з Расеяй кантроль за перасоўваннем зброі і наркотыкаў. Абгрунтоўваў тым, што, паводле Канстытуцыі, у нас ёсць кантроль над тэрыторыяй, якая мусіць ахоўвацца. На сёння ёй вольна карыстаюцца крымінальныя структуры, кантрабандысты, наркадзялкі, гандляры зброяй. Роўна праз месяц Лукашэнка мне завочна адказаў у час нарады па змаганні з наркотыкамі, дзе сам зазначыў, што ў Беларусь з Расеі паступае наркотыкаў у разы больш, чым з усіх (!) сумежных краін разам узятых. Так што, маўляў, нешта недапрацоўваем.

Пасля чаго адкрыта кажу, што маем вышэйшае кіраўніцтва, хворае на палітычную шызафрэнію. Мае доказы. Пасля прыняцця існуючай Канстытуцыі праз некалькі гадоў дзеючы прэзідэнт падпісвае ў Маскве дамову аб утварэнні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, дзе прапісаныя цалкам антыканстытуцыйныя палажэнні аб сумеснай тэрыторыі, агульным ёй кіраўніцтве. Гэта як – жыць адразу ў двух дзяржаўных утварэннях, што на паперы маюць заканадаўчыя ролі і функцыі, якія пярэчаць адна адной?! Тым больш, Саюзная дзяржава нідзе ў свеце не прызнаная, не мае правамоцнасці суб’екта.

РР: Але наколькі яна можа быць падмуркам для магчымай анексіі Беларусі?

Уладзімір Падгол: На сто адсоткаў! У 2002 годзе Лукашэнка ўсё ж націснуў тормаз і спыніў, нібыта, развіццё Саюзнай дзяржавы. Нагадаю, што там былі прапісаныя яшчэ і адзіныя валюта, эмісійны цэнтр, грамадзянства. Дык Рыгоравіч усё гэта прыпыніў, але не адмяніў! Такім чынам, Пуцін яму можа сказаць: “Сябручок, хочаш крэдытаў, без якіх нявыкрутка – дамо. Але рухайся далей ва ўтварэнні Саюзнай дзяржавы”. Калі гэта не дзейнічае, у Крамля ёсць іншыя сродкі, прадэманстраваныя 25 сакавіка.

Чаму, сярод іншага, Лукашэнка пайшоў на такі жорсткі разгон? Мяркую, што разумее і пра вайсковы сцэнарый, што мае Пуцін. У статуце АДКБ – вайсковага саюзу – ёсць пункт пра тэрарыстычную пагрозу ўладзе асобна ўзятай краіне-чальца. Калі такое адбываецца, астатнія “на дапамогу” могуць увесці войскі. На Дзень Волі маглі сабрацца і больш за 50 тысяч. Расейскія правакатары з ФСБ маглі б зрабіць некалькі выбухаў у натоўпе. І тады Пуцін мае права ўвесці войскі, каб падтрымаць быццам бы Лукашэнку! І пад гэту марку скінуць яго. Праз гэту ўмоўную гіпотэзу падышлі яшчэ да адной нашай страты Расеі – вайсковага суверэнітэту. Па Канстытуцыі ж у нас прапісанае, што краіна імкнецца да статусу нейтральнасці. І эканамічная страта праз Еўразійскі звяз, калі сам Лукашэнка казаў, што частку суверэнітэту здаём нейкай там Еўразійскай эканамічнай камісіі, дзе Масква дыктуе тыя ж мыты. Такім чынам, патэнцыяльна страчаны ўсе чыннікі незалежнасці суверэннай дзяржавы. Вось вам і адказ на ваша пытанне. Толькі задам яшчэ сваё, рытарычнае. А ці былі рэферэндумы па ўваходжанні Беларусі ў АДКБ, ЕўрАзЭС той ж Саюзнай дзяржавы?! Хоць Лукашэнка па завядзёнцы паўтарае перад журналістамі тое, у чым сам, відаць, сябе пераканаў: “Мы жа правялі рэферэндум аб Саюзнай дзяржаве!” Нагадаю, у 95-м пытанне стаяла ўсяго, ці падтрымліваеце вы эканамічную інтэграцыю з Расеяй? Проста фантастычнае шулерства!

Раман Якаўлеўскі: Такім чынам, магчымая мадэль анексіі будуецца на трох “не”. Неіснуючая, віртуальная Саюзная дзяржава. Па-другое, так званая адзіная супрацьпаветраная абарона, дзе не можа быць двух камандзіраў. Ён адзін – Пуцін. І няма нашага суверэнітэту ў паветры. І трэцяе – пыха з беларускім нейтралітэтам і міратворчасцю. Беларусь не ўдзельнічае наўпрост з расейцамі ў вайне на Данбасе. Але паглядзіце, як цалкам пад маскоўскую дуду галасуем у ААН!

РР: Якія ж наступствы чакаюць Беларусь, калі жыццё пойдзе па, здаецца, фантасмагарычным, апісаным вамі сцэнары?

Уладзімір Падгол: Пасля Крыма Пуцін увёў у вонкавую вайсковую стратэгію Расеі такі чыннік, як “пагроза выкарыстання ядзернай зброі”. Дарэчы, на сумесных вучэннях “Захад-2009” у Беларусь прыляцелі два самалёты ТУ-169 і ТУ-195М, што пад крыламі нясуць ад 10 да 12 крылатых ракет з ядзерным начыннем. І якія дастаюць любую еўрапейскую сталіцу. Прыселі на “аэрадроме падскоку” ў Мачулішчах і паляцелі бамбіць на палігонах побач з межамі Польшчы і Літвы макеты аб’ектаў Варшавы і Вільні. Па БТ сюжэт пра гэта заняў лічаныя секунды. Міністр замежных спраў Польшчы звярнуўся да ААН. У мяне пытанне: ці прыляцяць яны зноў на “Захад-2017” і што будуць рабіць з улікам новай стратэгіі Пуціна? І калі Лукашэнка пра гэта прамаўчыць, будзе азначаць, што крамлёўскі ўладыка яго мае як саўдзельніка выкарыстання пагрозы атамнай атакі Еўразвяза. І тады мы яшчэ і закладнікі новай ядзернай стратэгіі Пуціна, што прадугледжвае канфрантацыю з усім цывілізаваным светам.

РР: Ці бачыце вы патэнцыяльна магчымую альтэрнатыву ўсяму гэтаму?

Раман Якаўлеўскі: Рэальная еўраатлантычная салідарнасць – гарант таго, што Беларусь не знікне з геаграфічнай карты. Уладзімір Падгол: Я лічу, што ў нас няма нічога для абароны ад такіх вар’яцкіх сцэнарыяў.

РР: Спадар Уладзімір, вы б – уявім – памяняліся ролямі з Лукашэнкам. Што б рабілі ў такой патавай сітуацыі?

Уладзімір Падгол: Правёў бы шэраг кансультацый з кіраўнікамі ЗША і еўрапейскіх дзяржаў, дзе паставіў бы пытанне: калі мы пачынаем адыходзіць ад Расеі і яе фінансавых, энергетычных крыніц, чым вы можаце нам дапамагчы? Калі б тыя сказалі, што столькі, колькі дае Расея, мы не дадзім, сказаў бы: Лукашэнка, ідзі ў Дразды і будзеш яшчэ мацнейшы. Але, думаю, адказ быў бы станоўчы для НАШАЙ незалежнай Беларусі.

Раман Якаўлеўскі: Не магу не прыгадаць нядаўні “Менскі дыялог” з удзелам сённяшняга і мінулых міністраў замежных спраў, куды не пусцілі Уладзіміра Някляева. Па гэтым “іканастасе” сапраўды можна было прасачыць гісторыю суверэннай Беларусі. Прыгадваю, што міністр Сянько абяцаў і мусіў сысці ў адстаўку разам з Чыгіром пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму 1995-га. Але не – сваёй “сціпласцю” заслужыў далейшае служэнне. Адзін з іх – Антановіч – увогуле расейскі грамадзянін. Казаў пасля маёй публікацыі, што не, але ў суд за падман не падаў жа!

Уладзімір Падгол: Там у нейкага з вуснаў прагучала, што іх найвялікшае дасягненне – тое, што Беларусь засталася незалежнай дзяржавай. Я б дадаў толькі – насуперак вашай усёй дзейнасці па знішчэнні таго суверэнітэту. Бо гэта яны ад пачатку і да канца абслугоўвалі ўтварэнне той ж Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага звяза. Ніхто з іх не пярэчыў знішчэнню мяжы паміж Беларуссю і Расеяй. І вось гэтыя монстры міжнароднай дыпламатыі знішчалі-знішчалі незалежнасць, а цяпер з паказным гонарам заяўляюць, што не знішчылі! Але гэта ўжо дзякуй богу.

Раман Якаўлеўскі: І рэжысёр гэтага палітычнага шоу жахаў вядомы – той, што “пахар і жнец, сталявар і кузнец”…

Тым часам стала вядома, што тэмай вучэнняў “Захад-2017”, што пройдуць з 13 па 20 верасня, афіцыйна названыя “падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Чытайце па тэме:  Адские деньги. Почему Крым больше не получит дополнительного финансирования от России

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.