Меладэкламацыйная фармацыя “Віктар Сямашка ды Кумпанія” выклала ў Сеціва новы альбом “Tota”.

Вершы падкрэслена антытаталітарнага зьместу прачытаныя пад цалкам спантанны акампанемент. Запіс адбыўся сёлета падчас жывога выступу ў магілеўскім “Цэнтры Кола”. Супергрупа набыла тутэйшы каларыт, уключыўшы ў склад ураджэнца Магілёва Фрыдрыха Самотнага (сакс) ды Максіма Іўкіна (вакал) з Быхава. За рытмічна-гарманічную аснову адказвалі Дзяніс “Sinie Gory” Кудраўцаў (гітара), Алесь Сямашка (бас) і Яўген Булдык (бубны). Сярод публікі былі заўважаныя прадстаўнікі мясцовага хіпі-руху 1960-70-ых гг.

Фота Аляксандра Сабалеўскага

 

Фота Аляксандра Сабалеўскага

 

Паводле абранага “Кумпаніяй” прынцыпу, кожная кампазіцыя выконваецца толькі аднойчы. Таму цяпер праграму “Tota” можна пачуць выключна ў адрэдагаваным аўдыёзапісе альбо ў поўнай відэаверcіі, адзнятай і змантаванай магілёўскім журналістам Аляксандрам Сабалеўскім. Ягоныя ўражанні: “Неверагодны блюз-джаз-рок у выкананні “Кумпаніі” плюс улётна-псіхадэлічная музыка ад “Сініх Гораў” раскруцілі “Кола” да неверагодных абаротаў”.

Канцэрт прайшоў пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” ды Саюза беларускіх пісьменнікаў. На вокладцы змешчаная жывапісная праца Віктара Сямашкі-старэйшага.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...