Мусіць, усе эканамічныя праблемы наш урад вырашыў, узняў дабрабыт беларусаў да нябёсаў, і цяпер Саўміну болей няма чым заняцца. Іначай не патлумачыш, чаму прэм’еру Андрэю Кабякову прыйшла ў галаву светлая думка стварыць сваім распараджэннем ад 6 лютага рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю ВЛКСМ.

Удумайцеся: Беларусь вырашыла з помпай адзначыць юбілей Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі. І гэта пры тым, што СССР даўно сканаў, Ленін дэсакралізаваны, камунізм перастаў быць у нас пануючай ідэалогіяй.

Што і казаць, савок моцна сядзіць у мазгах некаторых беларускіх начальнікаў. У постсавецкі час стварылі (ды спраўна сілкуюць з бюджэту) БРСМ як пераемніка беларускага камсамола. Але калі ўжо на тое, дык беларускі камсамол адлічвае сваю гісторыю з 1920 года, так што тут да стагоддзя далекавата. А ў 1918-м быў створаны РКСМ – расійскі камсамол. Таму намечанае святкаванне выглядае як прагін перад былой метраполіяй.

Узначаліў аргкамітэт міністр адукацыі Ігар Карпенка, былы камсамольскі ды камуністычны дзеяч. Заступіўшы на пасаду міністра адукацыі, ён фармальна зняў з сябе абавязкі кіраўніка КПБ. Але, мяркуючы па ўсім, дэ-факта працягвае звыклую ідэалагічную лінію. Нават не ўтойвае, што аргкамітэт створаны з падачы яго ведамства, у якое звярнуліся з адпаведнай прапановай ветэраны камсамола (цікава было б убачыць гэты ліст).

Па-першае, пры чым тут Мінадукацыі, у якога зусім іншыя задачы? Па-другое, калі тым ветэранам так карціць, то хай бы сабраліся дзе ў рэстаране (многія былыя камсамольскія функцыянеры добра ўладкаваліся, людзі не бедныя) ды ўзнялі келіхі. А тут жа пахне дзяржаўнымі выдаткамі. Усялякія транспаранты, кветкі, канцэрты, прывоз-адвоз-рассяленне гасцей ды іншае відавочна запатрабуюць казённых грошай. Гэта значыць, што аматары ідэалагічнай мерцвячыны зладзяць баль за кошт падаткаплацельшчыкаў.

Чытайце па тэме:  "Есть бумаги — будут и ответственные". Минобр о том, будут ли педагоги вести всего 4 документа

Далей. Да мерапрыемстваў з выразным камуністычным душком, пэўна ж, прыцягнуць школьнікаў, студэнтаў, педагогаў, дзеячаў культуры ды іншых (кагосьці і ў добраахвотна-прымусовым парадку). Ці стасуецца гэта з беларускай Канстытуцыяй, якая дэкларуе, што ідэалогія палітычных партый не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян?

Толькі не кажыце, што я тут ачарняю подзвігі дзядоў. За савецкую гісторыю сапраўды было багата прыкладаў гераізму ў працы і ў баях. Але камсамольскія функцыянеры збольшага прымазваліся да гэтых спраў, асабліва ў застойны час, які я сам заспеў. Кшталту: добра працуюць хлопцы на жніве – а давайце аформім іх як камсамольска-маладзёжны экіпаж. Перадавая брыгада на заводзе не старая паводле сярэдняга ўзросту – падамо як камсамольска-маладзёжны калектыў. Вось і райкаму слава. Гэта як у той байцы пра муху на рагах у быка: мы аралі.

І чым далей, тым болей станавілася ў ВЛКСМ паказухі, фармалізму, прыпісак. У апошнія гады існавання Савецкага Саюза камсамол страціў рэшткі аўтарытэту, а перабудавацца так і не здолеў.

Аўтару гэтых радкоў акурат падчас гарбачоўскай перабудовы давялося рэдагаваць газету “Знамя юности”, якая дэ-юрэ заставалася камсамольскай, але высілкамі моцнай журналісцкай каманды ператварылася ў вострае дэмакратычнае выданне. Дык камсамольскія функцыянеры абвінавацілі галоўнага рэдактара ў здрадзе ідэалам і адхілілі ад пасады. Але неўзабаве, калі камунізм стаў валіцца, самі начхалі на тыя ідэалы ды спрытна перабеглі ў бізнес (запасныя аэрадромы ўжо былі падрыхтаваны). Карацей, ВЛКСМ згніў, як і ўся сістэма.

Чытайце па тэме:  Перенос рабочих дней в ноябре: как будут отдыхать беларусы

І яшчэ момант. Вось зараз міністр адукацыі Карпенка возьмецца ладзіць спірытычны сеанс з выклікам духаў памерлай эпохі, у той час як у той жа сферы адукацыі праблем два вазы і цэбар. Больш за тое, згодна з распараджэннем прэм’ера, аргкамітэту дазволена прыцягваць да працы кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых арганізацый, мясцовую вертыкаль. Напэўна, у тых таксама няма важнейшых спраў, чым абслугоўваць настальгію групы асоб па камсамольскім юнацтве.

Вось каб з такім імпэтам адгукнуліся чыноўнікі на заклік нацыянальна свядомай грамадскасці адсвяткаваць стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі! Дык там не мычаць, не целяцца. Хтосьці скажа: наконт БНР таксама розныя меркаванні. Але ва ўсякім разе ўзнікае пытанне: чаму Дзень Волі раз за разам брутальна разганяецца ці заганяецца на плошчу Бангалор, у той час як камуністам ды камсамольцам дазваляюцца мітынгі перад помнікам Леніну ў цэнтры сталіцы?

Нарэшце, БНР – гэта сімвал імкнення да незалежнасці. Сёння, пасля таго як Крэмль паказаў агрэсіўныя памкненні анексіяй Крыма, распальваннем бойні на Данбасе, трэба ўзмацняць беларусізацыю, далей адграбаць ад былой (а фактычна і не былой) імперыі. Нас жа, як паказвае прыклад з аргкамітэтам да стагоддзя ВЛКСМ, наадварот, цягнуць у савок.

Аляксандр Класкоўскі, Народная Воля


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.