У 2015 годзе ў Варшаве выйшла кніга Ёанны Пухальскай “Крэсовыя сарматы” на польскай мове. Адзін з аповядаў прысвечаны Міхалу Валовічу. Эсэ прафесара гісторыі Вячаслава Шведа дапаўняе матэрыялы кнігі і знаёміць з лёсам маёнтка Азёры пад Гродна.

 

Гродзенцам добра вядомы будынак за руччом Юрыдыка каля плошчы імя А. Тызенгаўза. Яшлнае будаўніцтва завяршылася ў 1794 г., пасля чаго палац быў падараваны былому падскарбію надворнаму літоўскаму Антонію Дзяконскаму. У яго палац выкупіў граф Міхал Валіцкі – чалавек вельмі неардынарны, ураджэнец Навагрудчыны.

Свой капітал ён выйграў у карты і ў більярд у Парыжы, прозвішча Валіцкі (сапраўднае прозвішча – Міцкевіч) і права належаць да яго роду выкупіў у ваяводы Б. Валіцкага. Тытул графа купіў у Італіі, а падцвердзіў яго вялікі князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Праз сваю каханку княгіню дэ Паліньяк быў прыняты ў двары караля Людовіка ХУІ, стаў фаварытам французскай каралевы Марыі-Антуанэты. Выконваў сакрэтныя даручэнні каралеўскай сям’і і не забываў пра сваю карысць. Вярнуўся на радзіму, калі пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя.

Спачатку пасяліўся ў Варшаве, а потым у Гродне. Набыў палац у Дзяконскага і жыў у трохпавярховым будынку з архітэктурным дэкорам у стылі класіцызму. У адным з флігеляў знаходзіліся памяшканні для абслугі і кухня, у другім – стайня і карэтная. За правым флігелем палаца быў рэгулярны парк. Вось як Валіцкага апісвае Дзяніс Давыдаў, які ў 1812 г. вызваляў Гродна ад аўстрыйскіх войск і сустракаўся з мясцоваю шляхтай: “Стары чалавек граф Валіцкі (яму было 65 год. – В.Ш.), які па старасці і баязлівасці не кідаўся ў вайсковыя прадпрыемствы, а ад скупасці не дапамагаў грашыма”.

У мястэчку Азёры Гродзенскага ўезда М. Валіцкі набыў маёнтак, які назваў “Віла-Нова”. Архіўная справа, знойдзеная ў НГАБ у Гродне, змяшчае матэрыял пра ўдзел спадчынніка М. Валіцкага Леапольда Янавіча, які дапамагаў паўстанцам 1863 г. харчаваннем, вопраткай, фуражом, купляў зброю для атрада Лянкевіча. Быў арыштаваны ў верасні 1863 г., пазбаўлены правоў, сасланы ў Сібір, а маёнтак канфіскаваны.

М. Валіцкі ахвяраваў значныя сумы на карысць Адукацыйнай камісіі. За гэтае Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў яго ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені. У 1804-1805 гг. Валіцкі падарыў Віленскаму ўніверсітэту значную частку сваіх калекцый: сібірскія камяні, кавалкі руды і акамянеласцяў, ракавіны, кавалкі розных металаў, вулканічнай лавы і д.п. У 1806 г. у Пецярбурзе выкупіў рэдкія калекцыі кітайскіх і японскіх рэчаў, якія прывезла з сусветнага плавання каманда І. Крузенштэрна. З прыбыткаў маёнтка Азёры Валіцкі ўтварыў фундуш для 8 юнакоў з бедных дваранскіх сем’яў, якія будуць вучыцца ў віленскай гімназіі (у 1844-1854 гг. фундуш быў у гродзенскай гімназіі).

Прафесар гісторыі Вячаслаў Швед, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: