27 снежня спаўняецца 25 гадоў ад моманту завязання дыпламатычных дачыненняў між Беларуссю і Украінаю. Ці стала за гэты час узаемадзеянне краінаў плённым, асабліва калі ўлічваць, што Украіна і Расія, з якой Беларусь мае саюзныя адносіны, знаходзяцца фактычна ў стане вайны?

Валянцін Налівайчанка, пасол Украіны ў Беларусі ў 2005-2006 гадах

Валянцін Налівайчанка, пасол Украіны ў Беларусі ў 2005-2006 гадах

За гэты час у Беларусі змянілася восем украінскіх амбасадараў, а ва Украіне — трое беларускіх: Валянціна Вялічку, які прадстаўляў беларускія інтарэсы ў Кіеве амаль 16 гадоў, дагэтуль тут згадваюць з сімпатыяю і ўдзячнасцю.

Валянцін Налівайчанка прадстаўляў інтарэсы Украіны ў Беларусі найменш часу ў параўнанні з іншымі ўкраінскімі дыпламатамі — усяго паўгода, але, напэўна, у найбольш складаны для двухбаковых дачыненняў перыяд — пасля Аранжавай рэвалюцыі і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі беларускія ўлады не прыхоўвалі свайго негатыўнага стаўлення да «каляровых рэвалюцыяў».

Да Беларусі Валянцін Налівайчанка працаваў у ЗША ды Фінляндыі, намеснікам міністра замежных спраў і двойчы — кіраўніком Службы бяспекі Украіны. Цяпер ён стварыў і ўзначаліў грамадска-палітычны рух «Справядлівасць», які ўжо праз паўгода дзейнасці паказаў добрыя вынікі на мясцовых выбарах у снежні.

Палітык прызнаецца, што, калі ён быў амбасадарам у Мінску, беларуская служба Радыё Свабода была галоўнай крыніцай інфармацыі — як адзіная вольная інфармацыйная пляцоўка і памочніца ў вывучэнні беларускай мовы.

«Калі ў 2006 годзе былі прэзідэнцкія выбары, украінская моладзь прыязджала на мерапрыемствы ў Беларусь, на мітынгі, іх арыштоўвалі, затрымлівалі, і праз вас мы шукалі інфармацыю пра сваіх грамадзян. Я памятаю, як уночы і ўдзень даводзілася выязджаць, шукаць, выходзіць на кіраўніцтва сілавых органаў Беларусі, каб вызваляць нашых грамадзян. Такія ўспаміны, і я з гэтага і хацеў бы пачаць размову», — адзначыў Валянцін Налівайчанка на пачатку нашай сустрэчы.

Спачатку нацыянальныя інтарэсы, а потым палітычныя ацэнкі

— Як вам працавалася ў Беларусі і з беларускімі ўладамі — пачынаць жа давялося якраз пасля заявы прэзідэнта Віктара Юшчанкі пра тое, што ён бачыць прасоўванне дэмакратыі галоўнаю задачаю ў супрацоўніцтве з Беларуссю?

— Задача амбасадара, незалежна ад умоў у сваёй краіне, — разумець і паважаць тое, што адбываецца ў жыцці суседняй краіны. Мая праца будавалася на падтрымцы няўрадавых арганізацыяў, асабліва ўкраінскіх, на дыялогу з беларускімі арганізацыямі, з культурнымі, навуковымі, адукацыйнымі цэнтрамі, на падтрымцы ўсяго, што звязвае Украіну і Беларусь. І менавіта на гэтым базісе мы ладзілі стасункі і з прэзідэнтам Лукашэнкам, і так сама парадак дня фармаваўся і падаваўся прэзідэнту Юшчанку. Адпаведна рыхтаваліся ды ініцыяваліся двухбаковыя сустрэчы прэзідэнтаў.

Сустрэча зь беларускімі лірнікамі Васілём Грынем і Алесем Ласём, г. Роўна, 14 кастрычніка 2016 году

Сустрэча з беларускімі лірнікамі Васілём Грынем і Алесем Ласём, г. Роўна, 14 кастрычніка 2016 года

Завяршэнне маёй працы, калі я ўжо пераходзіў у сферу бяспекі, адбывалася на фоне сяброўскіх стасункаў паміж прэзідэнтамі Беларусі і Украіны, нават асабістых. Тады ж былі адкрытыя і рынкі — максімальна ад магчымага — беларускі для ўкраінскіх прадпрыемстваў і ўкраінскі для беларускіх. Адным словам, у двухбаковых дачыненнях — дыпламатычных, эканамічных — важна разумець нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны і іх адстойваць, а не выстаўляць наперад палітычныя ацэнкі, якія перашкаджаюць адэкватнаму разуменню, а галоўнае — прасоўванню нашай прадукцыі.

Усё, што дапамагае, можна і трэба рабіць. Такі свет. І актуалізацыя менавіта цяпер двухбаковых дачыненняў, падчас расійскай агрэсіі, мусіць стаць найвышэйшым прыярытэтам. Вельмі кепска, што няма амбасадара Украіны ў Беларусі, што няма парадку дня дачыненняў. Першым і галоўным пунктам парадку дня мае быць мір і бяспека мяжы.

— Улічваючы, што Расія для Украіны вораг, а для Беларусі — саюзнік?

— Можна і трэба адстойваць, каб Беларусь займала пазіцыю, выгадную самой Беларусі і яе грамадзянам, а ў выніку — выгадную і нам, украінцам, хаця б у пытанні, што тэрыторыі Беларусі і Украіны маюць быць свабоднымі ад зброі масавага знішчэння, ад агрэсара з любой краіны, ад баявых дзеянняў. Украіна, Беларусь і, калі хочаце, нават Польшча ды іншыя краіны, — гэта якраз ланцуг або пояс бяспекі і свабоднага мірнага жыцця, суіснавання хай нават розных дзяржаўных ладаў і поглядаў. І ў гэтым супадаюць нацыянальныя інтарэсы і Беларусі, і Украіны.

Чытайце па тэме:  Министр иностранных дел Литвы: ЕС снимет санкции с Беларуси

Валянцін Налівайчанка на сьвяткаваньні 100-годзьдзя бітвы за гару Лысоня на Цярнопальшчыне

Валянцін Налівайчанка на святкаваньні 100-годдзя бітвы за гару Лысоня на Цярнопальшчыне

У 2014-2015 гг. мы аднавілі і наладзілі пры падтрымцы абодвух прэзідэнтаў — і прэзідэнта Лукашэнкі, і прэзідэнта Украіны — наўпроставыя кантакты ў пытаннях бяспекі мяжы, узаемнай верыфікацыі вайсковых абʼектаў з абодвух бакоў, перамяшчэння людзей і тавараў праз беларуска-ўкраінскую мяжу. Наўпроставыя кантакты і супрацоўніцтва. Таму ў 2015 годзе быў такі ўзровень даверу, які дазваляў тады сапраўды быць упэўненым, што з беларускага боку Украіне нічога не пагражае.

Памылка, што няма амбасадара, і дрэнна, што дачыненні спыняюцца

— Але Беларусь мае пэўныя абавязанні ў рамках саюзнай з Расіяю дзяржавы. Ці ўлічваецца гэтая акалічнасць? І чаму так доўга няма ўкраінскага амбасадара ў Беларусі — бракуе спецыяліста ці такім чынам Украіна якраз і выказвае асцярогу да саюзных дачыненняў Беларусі і Расіі?

— Гэта адзін з мітаў, і я не павінен яго аспрэчваць, але я перакананы, што Украіна і Беларусь павінны працягваць і дамагацца не горшых стасункаў, чым былі, напрыклад, у 2014-2015 гадах, або ў 2005-2006 гадах, калі я непасрэдна за іх адказваў.

Дачыненні Беларусі з іншымі краінамі — гэта суверэннае права самой Беларусі, але наша права як суседняй краіны стратэгічна разумець і пераконваць, уплываць на тое, каб беларускі бок таксама меў прыязную, прадказальную палітыку — і ўнутраную, і замежную.

Я вельмі негатыўна ацэньваю адсутнасць амбасадара Украіны ў Мінску. З беларускага боку ў дзень адʼезду Валянціна Вялічкі (былога амбасадара Беларусі ва Украіне) прыехаў новы амбасадар. Ён прыехаў не для таго, каб заехаць у амбасадарскую рэзідэнцыю, досыць сціплую, у цэнтры Кіева, а для таго, каб не перапыніліся стасункі, каб не перарвалася прасоўванне беларускіх нацыянальных інтарэсаў на нашай тэрыторыі. А мы чаго так не робім? Лічу недапушчальным і памылковым такую сітуацыю, асабліва ва ўмовах цяперашняй расійскай агрэсіі.

Валянцін Налівайчанка

Валянцін Налівайчанка

— Але ж і кантактаў на вышэйшым палітычным узроўні таксама не адбываецца…

— Адбываюцца. Праз тэлефон. Але гэтага недастаткова. Ну абмеркавалі нешта прэзідэнты, а далей? Хто будзе выконваць іхныя дамоўленасці або знімаць рознагалоссі? Гэта недапушчальна. І я думаю, што разварочванне ў паветры пасажырскага самалёта «Белавія» — прыклад няправільных паводзінаў Украіны да Беларусі. Гэта абсалютны нонсэнс не толькі ў беларуска-ўкраінскіх дачыненнях, а і ў свеце. Тым больш які вынік такіх дзеянняў? Грамадзянін Арменіі затым зноў паляцеў у Мінск. Гэта непрыемны, дробны прыклад таго, што на самой справе разбурыць дачыненні вельмі проста, а выстройваць сурʼёзныя, стратэгічныя стасункі трэба дзесяцігоддзямі.

Памылка, што няма амбасадара; дрэнна, што кантакты спыняюцца; яшчэ горш, калі прафесійныя людзі пачынаюць у гэтай сітуацыі высоўвацца і вінаваціць ва ўсіх грахах Беларусь. А адкуль вядома — гэта дрэнна ці добра, калі ў нас там няма дастатковай дыплпматычнай прысутнасці, калі няма візітаў хаця б міністраў?

Саюзнік Расіі ды Украіны

— У кастрычніку расійская авіяцыя адпрацоўвала ў паветранай прасторы Беларусі нанясенне ракетных удараў па Украіне, у лістападзе расійскія СМІ паведамілі, што Украіна рыхтуе «карнікаў» з беларускімі каранямі для адпраўкі ў Мінск з мэтай звяржэння дзейнай улады. На такія факты трэба рэагаваць?

Чытайце па тэме:  Итоги газовых переговоров: газ по $385 и отмена принципа "бери и плати"

— Наконт карнікаў — гэта ўсё міты, якія яны ствараюць і самі распаўсюджваюць. Але калі гэта распаўсюджваецца ў вакуўме двухбаковага даверу і стасункаў, гэта сапраўды шкодзіць. У 2014 годзе, пасля збітага «боінга» на Данбасе, я асабіста ініцыяваў простыя кантакты з беларускімі ўладамі: сустрэліся каля мяжы, выклалі інфармацыю і пра беспілотнікі, якія нібыта на нашай мяжы запускаюць, і пра дэсантнікаў, і пра іншае. Быў адкрыты дыялог і наўпроставае супрацоўніцтва, і да канца 2014 году ўсе пытанні былі знятыя. Была наладжаная і дзейнічала да лета 2015 года, пакуль я не пайшоў з СБУ, сістэма даверу, абмену інфармацыяй, якая заканчвалася на ўзроўні прэзідэнтаў. Вось так мы павінны дзейнічаць.

Валянцін Налівайчанка ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў

Валянцін Налівайчанка ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў

І цяпер, калі была інфармацыя пра адпрацоўку ракетных удараў, павінен быць пасол — яго не было ў гэты час, а хто мог зайсці ў Міністэрства замежных спраў Беларусі? Адкуль возьмецца давер, адкуль возьмецца разуменне ў беларускага боку, што ўкраінцаў сапраўды турбуе такая інфармацыя? Нам, асабліва цяпер, трэба пастаянна настойваць, што мы за мірны фармат стасункаў з суседняй краінай. Як і з Беларуссю, так і з Польшчаю і з усімі іншымі, у тым ліку і для таго, каб увесь свет бачыў, што агрэсар на нашай зямлі — Расійская Федэрацыя.

— Як вы ставіцеся да ініцыятыў Лукашэнкі правесці выбары на Данбасе і накіраваць туды міратворчую місію?

— Я асабіста знаю Лукашэнку і ведаю, што ў яго моцная пазіцыя ў пытаннях стасункаў з Украінай. Калі б я сёння працаваў у дыпламатыі ці ва ўрадзе, я б прапанаваў сустрэцца з адною простаю мэтаю — я б прывёз доказы расійскай агрэсіі і растлумачыў, што выбары на часова акупаваных тэрыторыях магчымыя толькі тады, калі не будзе ў руках зброі і незаконных фармаванняў, узброеных Расіяю.

Прэзідэнт Беларусі дакладна ведае, што дзясяткі тысяч перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласцей знаходзяцца ў Беларусі. Дык вось, усе гэтыя дзясяткі тысяч маюць маёмасць і права вярнуцца і прагаласаваць на гэтых выбарах. Як вы думаеце, калі б мы выклалі гэтыя факты і доказы, ён бы доўга думаў, каб сказаць «згодзен»? Я вас запэўніваю, нядоўга. Толькі трэба тлумачыць, трэба казаць, тым больш што цяпер ужо ў Беларусі пад 200 тысяч перасяленцаў з часова акупаваных тэрыторый. І гэта таксама прадмет беларуска-ўкраінскіх дачыненняў. Гэта людзі, семʼі, праца, пенсіі… А калі такога дыялогу няма, то тады і гучаць падобныя заявы.

На перадавой. Мар’інка, Данецкая вобласьць

На перадавой. Мар’інка, Данецкая вобласць

Пляцоўка для перамоў пра Данбас мае «пераехаць» ва Украіну

— А наколькі рэальна выглядае перанос з Мінска перамоўнай пляцоўкі для ўрэгулявання канфлікту на Данбасе?

— Дарэчы, прапанова пляцоўкі для перамоў — гэта сведчанне таго, што Лукашэнка здольны на моцныя ўчынкі ў дачыненні да Украіны. І за гэта можна падзякаваць. Але эфектыўнасць гэтай пляцоўкі — ужо пытанне не беларускага боку. Час паказаў, што на самой справе мінскія дамоўленасці не спрацавалі. На маю думку, не спрацавалі праз ключавы і вельмі важны момант — разумення важнасці працы менавіта з перасяленцамі і тымі, хто застаўся ў часовай акупацыі.

Што да перамоўнай пляцоўкі, я перакананы: не проста трэба перанесці, а выразна заявіць — нашыя нацыянальныя інтарэсы, агрэсія супраць нас, а значыць — Кіеў. Калі не Кіеў, давайце ў Краматорску збіраць, у тым ліку і міжнародную кааліцыю. Але трэба мець нацыянальны план, як скончыць вайну, сумленна называючы рэчы сваімі імёнамі і разумеючы, што павінна зрабіць Украіна, уключаючы спыненне гандлю з гэтымі незаконнымі ўтварэннямі. І пераносіць.

Чытайце па тэме:  По какому поводу восторг?

Мінску можна і трэба дзякаваць, але дакладна трэба браць ініцыятыву ў свае рукі і выходзіць са сваім планам. Вось зараз у Амерыцы прэзідэнт мяняецца, у Францыі — у найбліжэйшы час выбары прэзідэнта, у Нямеччыне налета выбары канцлера. Гэта значыць, што ва ўсіх ключавых краінах міжнароднай кааліцыі змяняецца ў тым ліку і знешнепалітычнае кіраўніцтва. Прыйшоў час і Украіне, украінскаму кіраўніцтву сказаць: мы адказваем за сваю тэрыторыю.

Рух «Справядлівасьць» у межах свайго праекту «Армія годнасьці» забясьпечвае байцоў на перадавой сучаснымі модулямі для жыцьця. Мар’інка, Данецкая вобласьць

Рух «Справядлівасць» у межах свайго праекту «Армія годнасці» забяспечвае байцоў на перадавой сучаснымі модулямі для жыцця. Мар’інка, Данецкая вобласць

Украіна не пагроза для Беларусі

— Нядаўна беларускае войска ўзброілася зенітнымі ўстаноўкамі «Паланез», распрацаванымі супольна з Кітаем, у радыўс паражэння якіх трапляе і Кіеў. Як Украіна разглядае такі крок Беларусі?

— Гэта пытанне да сёньняшняй улады. У 2014-2015 годзе я разумеў стратэгічнасць дачыненняў бяспекі з Беларуссю і выкарыстоўваў увесь свой станоўчы дыпламатычны досвед, каб зняць у той час усе засцярогі і наладзіць такія стасункі, якія б не мелі патрэбы ні ў ракетах, ні ў чым іншым.

Ёсць пагадненні паміж міністэрствамі абароны, і трэба было правесці кансультацыі, каб палітычнае і вайсковае кіраўніцтва краіны было ўпэўненае, што Украіна не ўяўляе ніякай пагрозы, а Украіне гарантаваць, што суверэннае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь ніколі не будзе выкарыстоўваць супраць Украіны ніякіх відаў узбраенняў.

Нам хапае пагроз — на нашай усходняй мяжы з расійскай тэрыторыяй стаяць і «Іскандэры», і іншыя сродкі паражэння. У такой сітуацыі нам трэба больш саюзнікаў. А Беларусь — прыродны наш саюзнік.

Валянцін Налівайчанка гутарыць са студэнтамі пасьля лекцыі ў Інстытуце журналістыкі, Кіеў

Валянцін Налівайчанка гутарыць са студэнтамі пасля лекцыі ў Інстытуце журналістыкі, Кіеў

Прычын для пераследу беларусаў-добраахвотнікаў няма

— У часе вашай працы ў СБУ, калі ўжо было вядома, што беларусы змагаюцца з абодвух бакоў канфлікту, вы абменьваліся з беларускімі калегамі інфармацыяй, каб абараніць тых, хто ваяваў на баку ўрадавых сіл, і прыцягнуць да адказнасці тых, хто ваяваў на баку так званых «ДНР-ЛНР»? Апошнім часам у Беларусі супраць тых, хто ваяваў у добраахвотніцкіх батальёнах, заводзяць крымінальныя справы.

— Калі такое адбываецца, то гэта вельмі дрэнна. Украінскаму боку і нашым афіцыйным асобам трэба дзейнічаць. Але пачнём з таго, што было ў 2015 годзе. Тады мы адпрацавалі не толькі наўпроставае бяспекавае супрацоўніцтва з Беларуссю, але і выразна адстойвалі пазіцыю легальнасці добраахвотніцкіх батальёнаў.

Я сам выступаў і выступаю, каб яны мелі заканадаўчы статус добраахвотніцкай або рэзервовай арміі Украіны. Калі добраахвотніцкія батальёны былі ўжо цалкам у складзе Міністэрства абароны Украіны, мы выразна нашым беларускім партнёрам даводзілі, што тыя грамадзяне Беларусі, якія ўдзельнічалі або ўваходзілі ў іх склад (а гэта не тысячы, а значна менш насамрэч), маюць цалкам легальны статус на нашай тэрыторыі, і, адпаведна, пытанне саміх гэтых людзей — мяняць грамадзянства, заставацца працягваць вайсковую службу ва Украіне ці не.

Я перакананы, што няма за што гэтых людзей пераследаваць. Цяпер задача ўжо Міністэрства абароны і МЗС Украіны прадаставіць беларускаму боку, а калі трэба, і кампетэнтным органам, інфармацыю, якая зніме ўсе падазрэнні ў дачыненні гэтых грамадзян.

Што тычыцца тых, хто ўдзельнічаў на баку незаконных узброеных фармаванняў у так званых «ЛНР-ДНР», іх таксама няшмат. Не тысячы. Такіх людзей мы ведалі і інфармавалі беларускі бок. Была і другая частка супрацоўніцтва на пачатку 2015 году: мы прасілі беларусаў з іх боку абмежаваць на тэрыторыі Беларусі дзейнасць расійскіх вербавальных цэнтраў, каб не зацягвалі грамадзян Беларусі ў сетку «русского мира», і яны, як нас інфармавалі, перашкаджалі вярбоўцы наймітаў для «ЛНР-ДНР». Як цяпер, не бяруся каментаваць. Трэба аддаць належнае — першыя крокі былі станоўчыя з боку Беларусі.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: