Чаго вымагаюць ад Беларусі яе саюзніцкія абавязкі перад Расеяй? Ці далучыцца Беларусь да контрасанкцыяў Расеі адносна ЗША? Чым гарантуюцца заявы Менска аб тым, што расейскія войскі пасля «Захаду-2017» вернуцца дадому?

Валер Варанецкі

 

На гэтыя і іншыя пытанні Радыё Свабода папрасіла адказаць старшыню сталай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, былога намесніка міністра замежных справаў Валера Варанецкага. З ім размаўляў Юры Дракахруст.

РС: Падчас нядаўняй сесіі ПА АБСЕ вы сказалі — «У нас няма права сёння, як у краіны, якая з’яўляецца пляцоўкай перамоваў, станавіцца на чыйсьці бок». Расея заяўляе, што не з’яўляецца бокам канфлікту на Данбасе, пры гэтым яна кажа, што пытанне Крыма не падлягае абмеркаванню. Аднак Беларусь з’яўляецца ваенным і палітычным саюзнікам Расеі. Як яна ў гэтай сітуацыі можа не станавіцца на той ці іншы бок?

Варанецкі: Для мяне гэта цалкам зразумелая пазіцыя. Мы далі пляцоўку для перамоваў. Калі мы яе давалі, яна задавальняла ўсе бакі. Яны ўсе сыходзілі з таго, што роля Беларусі будзе ў гэтым сэнсе нейтральная, Беларусь праявіць сваю гасціннасць, створыць неабходныя ўмовы для перамоваў. Мы ж не можам па ходу справы мяняць умовы, у якіх ідуць перамовы. І таму Беларусь сапраўды не можа станавіцца ні на адзін бок, яна павінная трымацца нейтральнай пазіцыі.

РС: А вы думаеце, што Расея менавіта так бачыць сітуацыю, як вы яе апісалі? У тых публікацыях, якія з’яўляліся ў расейскім друку, у тым ліку і пасля сесііі ПА АБСЕ, гучала слова «здрада», прынамсі, і наконт вашай пазіцыі.

Варанецкі: Я ўпэўнены, што на ўзроўні расейскай улады ёсць поўнае разуменне пазіцыі Беларусі па гэтым пытанні. А што тычыцца эмоцыяў і розных поглядаў — гэта нармальная з’ява. І ў Беларусі розныя людзі па-рознаму глядзяць на пазіцыю краіны па гэтым пытанні. Некаторым хацелася б, каб Беларусь стала на бок Украіны, некаторым — на бок Расеі. Але мы не можам выбіраць, для нас і Украіна, і Расея — сяброўскія краіны, нас з імі звязвае гісторыя і культура, мы хочам супрацоўнічаць, развіваць міжчалавечыя адносіны. Гэтая пазіцыя зразумелая і Украіне, і Расеі.

РС: Санкцыі адносна Расеі, прынятыя кангрэсам ЗША, ужо выклікалі дыпламатычныя санкцыі з боку Расеі. Ці падтрымае Беларусь у гэтым канфлікце Расею? Да якіх контрсанкцый Беларусь можа далучыцца? Ці яна і ў гэтай сытуацыі не будзе станавіцца ні на чый бок?

Чытайце па тэме:  Зачем беларусам 100 тысяч «карт поляка»? Беларусы не готовы радикально менять свою жизнь

Варанецкі: Вы ведаеце палітыку Беларусі наконт санкцыяў і санкцыйнай палітыкі. Беларусь амаль 20 гадоў жыла пад рознымі санкцыямі з боку Еўразвяза і ЗША. Беларусь заўсёды была супраць санкцыйнай палітыкі, бо перш за ўсё яна супярэчыць міжнароднаму праву.

РС: Але пасля 2007 года, калі ЗША прынялі адпаведныя санкцыі адносна Беларусі, менавіта Беларусь у 2008 годзе запатрабавала ад Вашынгтона скараціць персанал амерыканскага пасольства ў Менску.

Варанецкі: Дык мы адказвалі на несяброўскую, мякка кажучы, палітыку Злучаных Штатаў. Але калі казаць пра цяперашнюю сітуацыю, то ці трэба сёння Расеі, каб мы далучаліся да нейкіх контрсанкцыяў? Ці патрэбна гэта іншаму боку, каб мы далучаліся да яго санкцый? Я лічу, што ні аднаму, ні іншаму боку гэта непатрэбна. Сёння Беларусь з’яўляецца важнай краінай, звяном у ланцугу, які дапаможа адыходу ад санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да той жа Расеі. Нашая міжнародная роля, вага ўзрастаюць апошнім часам.

РС: Вы, калі адказвалі на першае пытанне, сказалі, што Беларусь ці то фактычна, ці то ў пэўным сэнсе з’яўляецца нейтральнай краінай. А гэта не дыпламатычная метафара? Усе ж нейтралітэт — гэта пэўны стан. Беларусь з’яўляецца палітычным і ваенным саюзнікам Расеі. І пры гэтым нейтральнай краінай?

Варанецкі: Магчыма, вы мяне з некім блытаеце. Я ніколі не кажу, што Беларусь з’яўляецца нейтральнай краінай у тым сэнсе, які вы ўклалі ў сваё пытанне. На самой справе нейтралітэт — гэта роўнаадаленасць. А Беларусь праводзіць шматвектарную палітыку, мы заўсёды заяўляем, што мы хочам супрацоўнічаць з усімі, перш за ўсё са сваімі суседзямі. Наш падыход — не раўнаадаленасць, а роўнанабліжанасць.

Мы выступаем за шчыльнае супрацоўніцтва і з Расеяй, і з ЕЗ, і з краінамі Балтыі, і з Украінай. Зразумела, гэта не нейтралітэт, а шматвектарнаьць.

Іншая справа, што не заўсёды мы ў сваёй знешняй палітыцы кіраваліся гэтым прынцыпам шматвектарнасці. І сёння не ўсё так добра ў гэтым сэнсе. Але мы хочам жыць у сяброўскіх адносінах з нашымі суседзямі. Я казаў пра нейтралітэт у кантэксце стварэння пляцоўкі для перамоваў.

РС: Падчас нядаўняга візіту прэзідэнта Лукашэнкі ва Украіне некаторыя ўкраінскія эксперты задавалі пытанне — а якія гарантыі абяцанняў, якія дае беларускі лідэр: і што праз Беларусь войскі не пойдуць ва Украіну, і што расейскія войскі пасля вучэнняў «Захад-17» вернуцца ў Расею? А і праўда — якія гарантыі?

Чытайце па тэме:  Трансгендеры смогут служить в вооруженных силах США с 1 января

Варанецкі: Слова кіраўніка тут дастаткова. Ён жа палітык, дзейны палітык не можа сказаць адно, а зрабіць інакш. Гарантыя — гэта Рэспубліка Беларусь, наш аўтарытэт на міжнароднай арэне, наш суверэнітэт, нашая незалежнасць, пазіцыя нашага народу. Такімі рэчамі проста так не кідаюцца. Калі гэта сказана, гэта і ёсць гарантыя.

РС: Нядаўна міністар замежных справаў Уладзімер Макей заявіў пра магчымасць перамоваў па Украіне ў новым фармаце, які б трансфармаваў менскі фармат. Месяц таму прэзідэнт Лукашэнка выказаўся на гэты конт скептычна «пачынаць спачатку заўсёды складаней, чым працягваць добрую справу». А чаму так змянілася пазіцыя?

Варанецкі: Гэта хутчэй пытанне да міністра замежных справаў. З майго пункту гледжання любая з’ява нараджаецца, развіваецца па сваіх законах і некалі памірае. Любы перамоўны працэс можа мяняцца па форме і па змесце, могуць з’яўляцца новыя ўдзельнікі, некаторыя могуць сыходзіць. Для мяне зразумела, што ўсё можа быць.

Аднак сёння ніхто не ставіць пад сумнеў Менск як перамоўную пляцоўку. Трэба паступова рабіць тую справу, дзеля якой Менск і прапанаваў свае паслугі.

РС: А можа вы ведаеце, ці ідуць кансультацыі пра новы фармат перамоваў па Украіне?

Варанецкі: Я ведаю, што заўсёды з’яўляюцца прапановы, каб некага ўключыць, а некага выключыць. Але гэта не тычыцца сутнасці. Я думаю, што трэба быць рэалістамі і сыходзіць з таго, што ёсць фармат і ён працуе.

РС: Беларусь прапануе правесці ў Менску глабальную канферэнцыю па бяспецы, нешта кшталту новых Хельсінскіх пагадненняў. Якія шанцы на гэта? У 1975 годзе Фінляндыя мела пазаблокавы статус. Цяпер Беларусь дэ-юрэ палітычны і ваенны саюзнік Расеі — гэта ўвасабляецца і ў шматлікіх вучэннях, і ў абʼяднанай вайсковай групоўцы, і ў супольнай сістэме СПА. Ці можа саюзнік аднаго з бакоў быць пасярэднікам ці нават пастаўцом добрых паслугаў?

Чытайце па тэме:  Калі Беларусь будзе праглынаць крыўды, нічога добрага з гэтага не атрымаецца, — расійскі палітолаг

Варанецкі: Калі краіна карыстаецца поўным даверам, калі яна гатовая выконваць такую ролю і гэта ўспрымаецца іншымі бакамі, то чаму не? Апошнія падзеі як сведчаць пра тое, што Беларусь магла б быць такой пляцоўкай. Можна прыгадаць, дзе была створаная група па Нагорным Карабаху. Таксама ў Менску. У Менску ж працягваюцца перамовы па ўкраінскім пытанні. Мы з вамі былі сведкамі паспяховай сесіі ПА АБС ў Менску. Усе краіны пагадзіліся, што месцам правядзення сесіі будзе сталіца Беларусі.

І трэба мець на ўвазе, што Беларусь праводзіць незалежную знешнюю палітыку, зразумела, з улікам геапалітычных фактараў і з улікам нацыянальных інтарэсаў. Таму я лічу, што гэта цалкам рэальная рэч, мы маглі б арганізаваць такі працэс у Менску.

Юры Дракахруст, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.